Кроў і гарэлка. Як Беларусь гандлюе з ЛНР і ДНР

Афіцыйна гандлю паміж Беларуссю і групоўкамі ЛНР і ДНР няма. Але беларускія тавары масава адпраўляюцца ў Данецк і Луганск.

Фота radiosvoboda.org

Мінск не прызнае незалежнасці падкантрольных баевікам тэрыторый, а значыць, у эканамічных адносінах з суб'ектамі гаспадарання груповак ЛНР і ДНР беларускія прадпрыемствы знаходзіцца не павінны.

Аднак на самай справе тавары з Беларусі масава адпраўляюцца ў Данецк і Луганск, а на беларускіх заводах вырабляюць алкаголь пад гандлёвымі маркамі фірмаў, якія фінансуюць баявікоў. Асноўнымі атрымальнікамі выгады ад гэтага бізнэсу з'яўляюцца кампаніі, цесна звязаныя з "кіраўніцтвам" груповак ЛНР і ДНР. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні Украінскай службы "Радыё Свабода".

Акрамя алкаголю, Беларусь пастаўляе сепаратыстам шырокі асартымент прадуктаў харчавання. Беларускай «малочкай», кандытарскімі вырабамі, кансервамі заваленыя прылаўкі крам у ДНР і ЛНР. Гаворка ідзе аб прадукцыі некалькіх дзясяткаў прадпрыемстваў. Таксама ў Данецку і Луганску оптам і ў розніцу прадаецца беларуская касметыка, трыкатаж і бытавая тэхніка. У большасці выпадкаў беларускія вытворцы не афішуюць свой бізнэс з прадпрыемствамі на акупаванай часткі Данбаса.

Прэміяльная гарэлка для сепаратыстаў

У гарадскім пасёлку Шуміліна (Віцебская вобласць Беларусі) размешчаны невялікі прыватны завод "Славпродукт", яго заснавальнік — расійскае ТАА "Нортимер". З 2016 года на ім пачалі вырабляць і разліваць гарэлку прэміум-класа пад гандлёвай маркай “Belsweet” па замове данецкай кампаніі ТАА "Белсвит", якая, паводле бізнес-парталу "DNR-Live", з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком беларускага алкаголю ў ДНР. А ў якасці імпарцёра на этыкетках пазначана ПП "Содействие", зарэгістраванае ў падкантрольным баявікам Торэзе.

«У 2016 годзе ў нас вырас экспарт на ДНР. Спачатку яны закуплялі нашу гарэлку «Сяброўка», а потым вырашылі, чаму б ні раскруціць уласны брэнд. У прынцыпе, гэта адбылося з нашай падачы. Гарэлка прадаецца на "ўра", часам нават не паспяваем вырабляць у патрэбных аб'ёмах», — распавяла галоўны тэхнолаг «Славпродукта» Валянціна Салдатава, якую цытуе “Радыё Свабода”.

 

Фота radiosvoboda.org

У СБУ распавялі: "Следчымі УСБУ ў Данецкай вобласці ажыццяўляецца дасудовае расследаванне ў крымінальнай вытворчасці ад 1 красавіка 2015 года, у рамках якога правяраюцца факты фінансавання названым прадпрыемствам (ПП"Содействие") дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі" ДНР".

 

 

"Крыніца" вырабляе для ЛДНР адмысловы гатунак піва

Найбуйнейшае прадпрыемства піваварнай галіны Беларусі ААТ "Крыніца" вырабляе для тэрарыстаў уласную марку піва, гаворыцца ў расследаванні журналістаў “Свабоды”.

Піва "Юзбир" — гэта гандлёвая марка, якая належыць ТАА "Мастер-торг" (Данецк). Як і гарэлка “Belsweet”, гэта піва не трапляе на беларускі рынак, а ідзе наўпрост у акупаваны Данецк. Данецкая кампанія "Мастер-торг" з'яўляецца найбуйнейшым дыстрыб'ютарам прадуктаў харчавання ў ДНР і ЛНР, а таксама пастаўляе прадукцыю сваіх гандлёвых марак у акупаваны Расіяй украінскі Крым.

З Беларуссю фірма працуе з пачатку 2015 г. — пра гэта паведамляецца на іх сайце.

Паводле дадзеных групы «Информационное сопротивление», «Мастер-торг» займае прыблізна 40% рынку на падкантрольнай ДНР тэрыторыі, валодае бестэрміновай "ліцэнзіяй" на гандаль алкаголем, выступае пастаянным спонсарам розных спартыўных турніраў.

Паводле інфармацыі ад саміх баевікоў, фірма "Мастер-торг" можа быць звязаная з Аляксандрам Януковічам — сынам экс-прэзідэнта Віктара Януковіча, які збег у Расію.

Далей прадукты з Беларусі трапляюць на прылаўкі партнёраў "Мастер-торга": сярод іх найбуйнейшая ў ДНР сетка "Першы рэспубліканскі супермаркет" (былая сетка АТБ, "адціснутая" баевікамі), "Сігма-ленд" (былы "Ашан"), "Амстор" і іншыя.

У сваю чаргу, "ПМР" і "Амстор", па дадзеных СМІ, кантралюе Захарчанка, а ўзначальвае "Першы рэспубліканскі" яго жонка.

У Луганску ключавымі партнёрамі "Мастер-торга" з'яўляюцца "Універсам 1" і сетка сацыяльных супермаркетаў "Народны" — "адціснутыя" баевікамі супермаркеты "Лелека" і АТБ адпаведна. Яны кантралююцца набліжанымі Ігара Платніцкага, кіраўніка групоўкі ЛНР.

На "Крыніцы" прызнаюць, што вырабляюць піва "Юзбир", але наяўнасць прамых кантрактаў з "Мастер-торгом" адмаўляюць.

З Беларусі праз Ганконг

Канадская фірма-пракладка для гандлю груповак ЛНР і ДНР з Беларуссю — далёка не самы экзатычны варыянт. "Мазырскі спіртагарэлачны завод" на этыкетках сваёй прадукцыі, якая пастаўляецца ў Данецк, указвае ў якасці імпарцёра кампанію Huge Sky Limited з рэгістрацыяй у Ганконгу. А ў якасці заказчыка — макееўскае ТАА "Інтэр-Торг", якое, як мяркуецца, афіляванае з "Мастер-торг".

Сувязь Huge Sky LTD з "Мастер-торг" прасочваецца ў афіцыйнай статыстыцы, што была апублікаваная расійскай службай аналітычнага кантролю за экспартам на сайце tamozhna.ru.

Заснавальнікі Huge Sky LTD не вядомыя, але ў адкрытым доступе ёсць інфармацыя аб кантактнай асобе — гэта Дзмітрый Кананенка з Данецка. Журналісты звязаліся з Кананенкам, і ён не адмаўляў, што працуе з ганконгскай фірмай. На пытанне, хто ўладальнікі Huge Sky LTD, Дзмітрый Кананенка адказаў: "Я не магу вам цяпер нічога расказаць" і павесіў слухаўку.

Адказ на пытанне, навошта баевікам гандляваць з Беларуссю праз Ганконг і Канаду, крыецца ў напаўафшорным заканадаўстве гэтых тэрыторый: падаткамі тут абкладаюцца толькі тыя даходы, якія былі атрыманы ў Ганконгу і Канадзе адпаведна. Усе фінансавыя аперацыі за межамі Ганконга і Канады падаткаабкладанню не падлягаюць. Пры гэтым рэпутацыі афшорнай зоны ў Ганконга і Канады няма. Фірмы-пракладкі патрэбныя для таго, каб здзяйсняць разлікі паміж Беларуссю і баявікамі, бо афіцыйна правесці іх праз беларускія банкаўскія сістэмы немагчыма. 

Грошы не пахнуць 

«Мы прадаем нашу прадукцыю ўсім, хто бярэ. Зразумейце, сёння любая ніша будзе запоўненая адразу. Калі Украіна забараніла гандляваць з гэтымі абласцямі, на іх месца адразу прыйшла Расія і Беларусь. Мы ўжо каля двух гадоў працуем з ДНР”, —  распавёў кіраўнік сектара знешнеэканамічнай дзейнасці «Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода" Пётр Калеснік.

«Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод» уваходзіць у дзяржаўны холдынг «Мінск Крышталь Груп» і лідзіруе па вытворчасці гарэлкі ў Гродзенскай вобласці Беларусі. Праблем з кантралюючымі органамі на заводзе не баяцца.

«А якія ў нас могуць быць праблемы? Нашы органы нікому не перашкаджаюць. Калі прыходзіць перадаплата, мы адгружаем прадукцыю. Мы кантракт заключылі, у якім ёсць перадаплата. Расплачваюцца з намі ў доларах, часткова — у расійскіх рублях. Па экспартнай дэкларацыі адгрузка ідзе ва Украіну», — распавявёў Калеснік.

Холдынг «Мінск Крышталь груп» быў створаны па ўказе Аляксандра Лукашэнка 17 ліпеня 2015 года. Сёння холдынг фактычна з'яўляецца манапалістам на рынку алкагольнай прадукцыі ў Беларусі. У тлумачэнні да ўказа адзначалася: усе 8 прадпрыемстваў холдынгу аб'ядноўваюцца з мэтай «выпрацоўкі адзінай стратэгіі" прасоўвання прадукцыі на ўнутраным і знешнім рынках. Маніторынг асартыменту гандлёвых сетак у ДНР і ЛНР паказвае, што там прадстаўлена прадукцыя як мінімум 5 з 8 прадпрыемстваў холдынгу «Мінск Крышталь груп».

Навошта беларускім прадпрыемствам такі бізнэс з часткай Данбаса, якую кантралююць баевікі? «А чым адрозніваюцца Луганск, Данецк ад іншых тэрыторый? Ад «мацерыковай» часткі Украіны? У палітыку мы не лезем. У нас літаральна нядаўна была сустрэча тут з прэзідэнтам Малдовы. Ён вельмі добрыя словы сказаў, што палітыка палітыкай, а бізнэс ёсць бізнэс. Грошы не пахнуць», — заявіў прадстаўнік аднаго з прадпрыемстваў, які не захацеў, каб яго імя згадвалася.

Ён адзначыў, што ў красавіку гэтага года афіцыйны Кіеў накіраваў ноту пратэсту ў сувязі з гандлем паміж беларускімі прадпрыемствамі і ЛНР і ДНР, групоўкамі, якіх Украіна лічыць тэрарыстычнымі.

«На сённяшні дзень адгрузкі туды працягваюцца», — сказаў беларускі прадпрымальнік.



Паводле www.radiosvoboda.org
Пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: