Крук: «Хочаце як ва Украіне?» Так палохаць ужо не атрымаецца

Эканаміст Дзмітрый Крук разважае пра тое, чаму сярэднія заробкі ў краінах-суседках амаль зраўняліся.
Фото: Цензор.net

Фото: Цензор.net

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у ліпені сярэдні заробак у Беларусі склаў 1471,7 рубля, або каля 580 долараў. Ва Украіне ж — сярэдні ў чэрвені дасягнуў 532 долараў. Паводле звестак Дзяржаўнай службы статыстыкі краіны, гэта рэкордна высокі заробак за ўсю гісторыю.

Чаму Украіна практычна дагнала Беларусь па гэтым паказчыку? «Філін» задаў гэтае пытанне эканамісту Дзмітрыю Круку.

— Простае параўнання ў доларах па бягучым курсе мае значэнне з пункту гледжання пакупніцкай здольнасці. Напрыклад, калі чалавек атрымлівае заробак ва Украіне і прыязджае ў Беларусь, то наколькі ў яго змяняецца пакупніцкая здольнасць? Для якасці жыцця, такі ўмоўны, як сярэдняя тэмпература па бальніцы, гэта паказчык не самы аптымальны. Звычайна карыстаюцца крыху іншымі.

Чаму заробкі настолькі наблізіліся? Калі коратка — то так, гэта стагнацыя ў беларускай эканоміцы плюс уздым (бурным ростам усё ж не назавеш), які мы назіраем ва Украіне.

Яшчэ важная дынаміка абменных курсаў. У нас практычна няма магчымасці нарошчваць заробкі ў доларавым эквіваленце. Справа ў тым, што гэты паказчык вельмі важны для канкурэнтаздольнасці работнікаў. Зыходзячы з таго, што прадукцыйнасць у нас расце вельмі павольнымі тэмпамі, то калі гэты доларавы паказчык пачне падымацца — будзе зніжаць канкурэнтаздольнасць. Гэта адбіваецца і на дынаміцы абменных курсаў.

Чаму ва Украіне доларавы эквівалент стаў расці? Таму што і ў намінальным, і ў рэальным вымярэнні грыўна ўмацоўваецца да долара. У намінальным вымярэнні гэта не вельмі відаць: у пачатку года за долар давалі 27,5 грыўні, а цяпер — 26,7.

Але ёсць яшчэ і больш важны паказчык — рэальны абменны курс. Гэта дынаміка намінальнага курсу, адкарэктаваная на дынаміку коштаў. І вось па гэтым паказчыку ўкраінская грыўня вельмі моцна ўмацавалася — гэта адбіваецца і на заробках у доларавым эквіваленце.

Калі сказаць коратка, то мы бачым адбітак добрых тэмпаў развіцця эканомікі ва Украіне.

У Беларусі нават той рэальны рост заробкаў, які пакуль мае месца быць, нашмат больш павольны ў доларавым эквіваленце. Гэта адлюстроўвае важную праблему недастатковасці росту прадукцыйнасці і яе стагнацыі.

Калі казаць пра сам рост заробкаў, не звязаны з доларавым эквівалентам, то ва Украіне вельмі магутны паказчык, акрамя эканамічнага росту, — гэта міграцыя. Колькасць работнікаў змяншаецца — і гэта штурхае зарплаты ўверх. Магчыма, таксама выхад з «шэрага» сегмента, — лічыць эксперт

Ці можа так адбыцца, што ўжо да канца года сярэднія зарплаты ў доларах ва Украіне будуць вышэйшыя, чым у Беларусі?

— Калі дынаміка захаваецца, то цалкам магчыма, што зарплаты ва Украіне стануць вышэйшыя, чым у Беларусі. Тым больш на фоне ўсіх санкцый. Калі істотнае абясцэньванне беларускага рубля адбудзецца, то доларавы эквівалент пасыплецца па вызначэнні. Гэта самы просты шлях. Калі ж казаць пра тое, што доларавы эквівалент будзе адлюстроўваць рост рэальных заробкаў, то гэта, хутчэй, адбудзецца не ў гэтым годзе, а ў наступным.

Ці будзе псіхалагічным момантам для людзей тое, што ва Украіне сярэдні заробак стане вышэйшы за беларускі?

— “Няўжо вы хочаце, як ва Украіне?» Гэта страшылка ўжо і так не працуе. А ў пытанні заробкаў людзі будуць смела адказваць: «Так, хочам».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: