Курс долара ў Беларусі абнавіў гадавы максімум. Эксперт тлумачыць, што адбываецца

На 1,5 капейкі падаражэў сёння долар. Цяпер ён складае 2,0707 рубля. Гэта максімальная цана за амерыканскую валюту за ўвесь 2018 год. Тым часам расійскі рубель страціў 1,09%, паведамляе «Радыё Свабода».


На беларускай валютна-фондавай біржы скончыліся таргі. Услед за падзеннем рубля ў Расіі панізіўся і курс беларускай валюты. Папярэдні рэкорд цаны долара фіксавалі ў красавіку. Тады ягоны курс складаў 2,0698 рубля за адзін долар.

Таксама сёння вырас і эўра — да 2,3554 рубля.

У той жа час расійскі рубель у Беларусі патаннеў больш як на 1%. За 100 расійскіх рублёў сёння даюць 3,0415 беларускага. Гэта на 3 капейкі меней, чым на папярэдніх таргах.

Ад 9 жніўня пачалося падзенне расійскага рубля. Праз амерыканскія санкцыі долар у Расіі спачатку падаражэў з 63,6 да 66 рублёў, а сёння — да 66,9075. Для расійскай валюты гэта найніжэйшы курс да долара з 2016 году.

Эксперт тлумачыць, што адбываецца

«Насамрэч нічога незвычайнага ў нас не адбываецца», — сказаў Свабодзе Валеры Палхоўскі, старшы аналітык групы кампаній Forex.

Валеры Палхоўскі

Па ягоных словах, у выпадку моцных ваганняў расійскага рубля ў Беларусі спачатку аслабляецца курс расійскага рубля, бо насельніцтва не маніторыць яго. Калі ў Расіі тэндэнцыя аказваецца доўгатэрміновай, у Беларусі паступова падцягваюць курс беларускага рубля да расійскага за кошт плаўнага аслаблення курсу беларускага рубля да долара.

Падзенне звязанае з заявай, што ўлады ЗША з 22 жніўня ўводзяць у дачыненні да Расіі новыя санкцыі, звязаныя з атручваннем Сяргея і Юліі Скрыпалёў хімічным рэчывам «Навічок» на тэрыторыі Вялікай Брытаніі, у выніку чаго загінула грамадзянка Вялікабрытаніі Дон Стэрджэс. У адпаведнасці з законам 1991 году ўжыванне якой-небудзь краінай біялагічнай і хімічнай зброі цягне за сабой абмежавальныя захады з боку ЗША. Санкцыі могуць закрануць «Аэрафлот», якому могуць забараніць палёты ў ЗША.

Консульства РФ у ЗША ўжо назвала гэтыя санкцыі «драконаўскімі».

Аднак Валеры Палхоўскі не лічыць, што цяперашнія ваганні курсу долара будуць мець сур’ёзныя наступствы.

«Я не веру, што сур’ёзныя тэндэнцыі пачынаюцца. Санкцыі ні ў якім разе не будуць мацнейшымі за тыя, якія ўводзіліся супраць Расіі раней. Пэўнае аслабленне рубля ў межах 6% нармальнае па вялікім ліку», — кажа фінансавы аналітык.

Ён дадаў, што зараз захоўваюцца высокія кошты на нафту — у межах 70–80 долараў за барэль.

«Пры такім кошце чорнага золата не думаю, што ў Расіі ёсць патрэба дэвальваваць нацыянальную адзінку».

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!