«Квітнеючая беларуская мадэль»: даўгі беларускіх флагманаў перавысілі ВУП краіны

У апошнія гады чыноўнікі палягчаюць даўгавы цяжар казённых фабрык і заводаў. Але абавязацельствы галоўных прадпрыемстваў краіны ўсё роўна застаюцца гіганцкімі.


Сумарныя даўгі буйных і сярэдніх кампаній Беларусі да 1 сакавіка дасягнулі 155,9 млрд. BYN. Для параўнання: ВУП за 2020 год склаў 147 млрд. BYN, а ВУП за 2021-ы, паводле прагнозу Мінэканомікі, чакаецца на ўзроўні 158,5 млрд. BYN, паведамляюць banki24.by.

Самы вялікі даўгавы цяжар у грашовым выражэнні лёг на флагманаў Мінска — 42,7 млрд. BYN. Сярод абласцей па памеры абавязацельстваў лідзіравала Мінская вобласць — 26,3 млрд. BYN.

У астатніх абласцях запазычанасці размеркаваліся наступным чынам: Брэсцкая — 9,7 млрд. BYN, Віцебская — 14 млрд. BYN, Гомельская — 24,2 млрд. BYN, Гродзенская — 25,6 млрд. BYN, Магілёўская — 13,4 млрд. BYN. Апошняе месца Брэстчыны па аб'ёме даўгоў можна патлумачыць меншымі маштабамі комплекснай мадэрнізацыі ў гэтым рэгіёне.

Больш за ўсё даўгоў назапасілі флагманы беларускай прамысловасці — 90,6 млрд. BYN. З пачатку 2021 года памер абавязацельстваў прамыслоўцаў павялічыўся на 17,4%.

Унутры прамысловасці былі відавочныя лідары па сумарных абавязацельствах: энергетыка — 19,7 млрд. BYN, харчпрам — 11,5 млрд. BYN, дрэваапрацоўка і «цэлюлознікі» — 10,6 млрд. BYN. Памер доўгу ў энергетыцы ў 2021-м вырас у 3,2 раза. Гэта абумоўлена зменай асноўнага віду дзейнасці некаторых буйных кампаній. Інакш кажучы, калі раней арганізацыі ўлічваліся па будаўніцтве, то цяпер яны «перайшлі» ў энергетычны сектар.

Аналагічным чынам змяніліся даўгі ў будаўніцтве: яны скараціліся за 2021 год больш чым утрая — да 6,4 млрд. BYN.

Даўгі сельскай гаспадаркі на 1 сакавіка склалі 15,1 млрд. BYN, аптовага гандлю — 7,2 млрд. BYN, рытэйла — 9,9 млрд. BYN, транспарту — 7,6 млрд. BYN, у сферы інфармацыі і сувязі — 3,2 млрд. BYN.

У структуры сумарных даўгоў заўсёды ёсць пратэрмінаваная кампанента. Гэта даўгі, якія кампаніі не могуць вярнуць ва ўсталяваныя тэрміны. Да 1 сакавіка сумарная пратэрміноўка флагманаў Беларусі склала 10,780 млрд. BYN. З пачатку 2021 года яна паднялася на 5,7%.

Па прамысловасці пратэрміноўка дасягнула 5,244 млрд. BYN, па сельскай гаспадарцы — 2,881 млрд. BYN, па будаўніцтве — 886 млн. BYN, па гандлі — 759,3 млн. BYN, па транспарце — 260,1 млн. BYN.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: