Леанід Судаленка: Беларусы маюць права патрабаваць у «дармаедскіх» камісій кампенсацыі

Плаціць або не плаціць па рахунках, і куды ісці, каб адстаяць свае правы. Праваабаронца Леанід Судаленка па просьбе «Салiдарнасцi» даў рэкамендацыі беларусам, якіх дзяржава прылічыла да незанятых у эканоміцы.
TUT.BY

TUT.BY

— Думаю, мы яшчэ шмат чаго цікавага даведаемся ў лютым, калі людзям пойдуць жыроўкі і высветліцца, што ў «дармаеды» запісалі тых, хто гэтага зусім не чакаў, — адзначыў прававы інспектар працы прафсаюза РЭП па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка. — Новыя рахункі пойдуць і салдатам тэрміновай службы, і тым, хто вучыцца або працуе за мяжой, і жанчынам, якія маюць маленькіх дзяцей, як гэта было з маці чацвярых дзяцей з Гомеля Юліяй Ганісеўскай, якой настаўніца прынесла «ліст шчасця».

На думку праваабаронцы, чыноўнікі з камісій не турбуюць сябе праверкай дадзеных і ўключаюць у спісы ўсіх, хто не плаціць падаткі.

— Яны бачаць, што па базе ФСАН ад пэўнагао грамадзяніна, паўналетняга, працаздольнага, зарэгістраванага па пэўнай вуліцы, не паступаюць падаткі. Адпаведна, на іх думку, ён не заняты ў эканоміцы. Яны нават не правяраюць, чаму так выйшла, — тлумачыць суразмоўца «Салідарнасці». — Бо ніхто не праверыў рэальнае становішча спраў гэтай жанчыны з Гомеля, ніхто не пераканаўся, што ў яе ёсць маленькае дзіця да 7 гадоў — настаўнікаў абавязалі, яны ўзялі пад казырок і пайшлі разносіць гэтыя лісты шчасця. Гэта сведчыць пра павярхоўнае стаўленне чыноўнікаў да сваёй працы. Яны проста бяруць старыя спісы.

Што ж рабіць у сітуацыі, калі вас уключылі ў такую ​​базу?


1. Ці трэба даказваць, што ты не дармаед, калі трапіў у базу выпадкова?


На самай справе, у гэтай сітуацыі можна дзейнічаць па-рознаму. Можна адразу ж пабегчы даказваць камісіі, што ты ніякі не дармаед: напрыклад, прадаставіць копію аб нараджэнні дзіцяці або іншую даведку, якая выключае трапленне ў базу.

 Але можна дзейнічаць інакш. Тут жа пытанне: а ці павінны мы, законапаслухмяныя грамадзяне, даказваць чыноўнікам сваю невінаватасць? Чаму гэта мы павінны хадзіць у адно акно, у другое, трэцяе, і неяк там апраўдвацца? — дзівіцца Леанід Судаленка. — Бо тую ж маці 4-х дзяцей чыноўнікі незаконна ўключылі ў гэтыя спісы. Таму мая парада: адстойвайце свае правы і звяртайцеся ў суд.

Гэта я і рэкамендаваў Юліі Ганісеўскай — прад'явіць «дармаедскай» камісіі прэтэнзіі ў судовым парадку. У тым ліку і маральнага характару. Беларусы маюць права патрабаваць у «дармаедскіх» камісій кампенсацыі нанесенай ім маральнай шкоды.


2. Што рабіць тым, хто трапіў у дармаедскую базу «за справу»


Прызнаваць ці не прызнаваць факт таго, што ты з'яўляешся дармаедам — ​​таксама справа добраахвотная. Можна, вядома, змірыцца і чакаць жыровак па новых тарыфах. А можна паспрабаваць даказаць, што ў краіне, дзе людзі купляюць тавары і паслугі, не можа быць не занятых у эканоміцы.

 Цяпер мы дапамагаем рыхтаваць дакументы ў суд Уладзіміру Церамецкаму з Брагіна. У яго таксама запатрабавалі пацвердзіць занятасць у эканоміцы. Мужчына не стаў чакаць, пакуль яму выставяць жыроўку за паслугі ЖКГ у пяцікратным памеры (а ён уласнік трохпакаёвай кватэры), і ў адказ запатрабаваў не толькі выключыць яго дадзеныя іх базы «не занятых у эканоміцы», але і праверкі канстытуцыйнасці «дармаедскага» дэкрэта. Ён выразна акрэсліў свае прэтэнзіі да дзяржавы, і ў судзе будзе даказваць, што той факт, што ён не звязаны з тым ці іншым наймальнікам, не азначае, што ён не прымае ўдзел у фінансаванні дзяржвыдаткаў. Магчыма, гэта будзе першы суд па ўжо абноўленым дэкрэце.

Па словах праваабаронцы, пытанняў да дзяржавы назбіралася шмат.

— Хай улады растлумачаць, чаму рамеснік, які заплаціў адну базавую, лічыцца занятым у эканоміцы, а Церамецкі, які мае аўтамабіль і заплаціў 8 базавых, не? Бо нават купляючы булку хлеба, мы плацім ускосны падатак, купляючы паліва, мы плацім акцыз, набываючы алкаголь, тытунь, любыя паслугі, мы ўдзельнічаем у фінансаванні. Да натарыуса прыйшоў — плаці мыту, з пазовам у суд — плаці, — нагадвае Леанід Судаленка. — Так замест таго, каб ствараць працоўныя месцы, дзяржава зноў запрагае колы наперадзе каня. Дзе там, у Брагіне, у Добрушы або Лоеве вакансіі? Там адна вакансія на ўвесь раён з заробкам 300 рублёў у месяц і на тую стаіць ужо чарга.


3. Ці трэба плаціць па жыроўцы з дармаедскімі тарыфамі?


Ужо ў лютым «не занятыя ў эканоміцы» пачнуць атрымліваць жыроўкі з узрослымі тарыфамі. Што рабіць, калі вы не прызнаеце сябе вінаватым? Праваабаронца раіць усё ж жыроўку аплаціць, але па старых тарыфах.

 Давайце мы аплацім тое, што прызнаем, каб не ішла пеня. А тое, што мы лічым неправамерным, пакінем на потым, — раіць праваабаронца. — Паглядзім, што будзе далей, якую колькасць людзей гэта закране, і як людзі павядуць сябе. У 2017 годзе з 480 тысяч чалавек 50 тысяч заплацілі «падатак на дармаедства» добраахвотна, а астатнія сталі ў позу і выйшлі на пратэсты. Паглядзім зараз, як будзе паводзіць сябе пенсіянерка, якая заплаціць камуналку ў пяцікратным памеры за свайго непрацуючага сына ці дачку. У кожнай сям'і будзе свая гісторыя. У любым выпадку трэба разумець, што гэты дэкрэт не мае ніякага законнага права.


4. Куды звяртацца, калі вам налічылі жыроўку па тарыфе «дармаеда»?


У гэтым выпадку бессэнсоўна ісці ў ЖЭС і там нешта даказваць:

— А што вам ЖЭС скажа? Што нам прыйшло ўказанне з вас узяць у пяцікратным памеры, вось мы і бярэм? Трэба адстойваць свае правы праз суд. Калі вы не ў стане самастойна гэта рабіць, прыходзьце да нас, да праваабаронцаў, у незалежныя прафсаюзы, у дадзеным выпадку ў РЭП, які я прадстаўляю.

Давайце разам абараняць свае правы. Навошта загадзя прызнаваць сваю паразу? Давайце не будзем плаціць тую надбаўку, якую нам прапануюць плаціць, і паглядзім, што з гэтага выйдзе.


5. А калі выявіцца, што сума кампенсацыі зусім невялікая?


Сапраўды можа выйсці, што жыроўка «дармаеда» атрымаецца не такой вялікай, бо ўлады спачатку абяцаюць павялічыць тарыф толькі на некаторыя паслугі. Да таго ж хутка і ўсім беларусам пагражае выхад на 100-працэнтную аплату. Дык, можа, няма чаго гарадзіць агарод?

— Улады адмыслова разнеслі вось гэтыя ўсе плацяжы, каб жыроўкі не так рэзка ўдарылі беларусаў па галаве. Бо маглі ж, як і абяцалі, яшчэ і медыцыну зрабіць платнай з 1 студзеня, і ў транспарце ўвесці адмысловы праязны — білет дармаеда. Але, па ўсёй верагоднасці, чыноўнікі ўспомнілі памылкі 2017 года, — адзначае Леанід Судаленка. — З 1 студзеня 2019 года мы прачнуліся ўжо не ў краіне дармаедаў, а ў краіне не занятых у эканоміцы. Цяпер улады будуць глядзець, як беларусы будуць паводзіць сябе ў цяперашняй сітуацыі. Праглынуць ці не? Так, можна заплаціць і змаўчаць, але мы тады не ўбачым, што рабіць і куды рухацца далей.

Анастасія Зелянкова, «Салідарнасць»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!