Леанід Заіка: Беларусь — мікраскапічная з’ява для Расіі

Расія губляе інтарэс да Беларусі. Пасля пераабрання Уладзіміра Пуціна прэзідэнтам роля Беларусі для ўсходняй суседкі будзе толькі паніжацца, упэўнены кіраўнік Аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка.


Пра гэта Леанід Заіка распавёў у інтэрв’ю “Новаму Часу”.

— Што сёння Беларусь для Расіі?

— Для Пуціна зараз Беларусь — мікраскапічная з’ява, і, верагодна, будзе пацвярджацца тое правіла, што чым менш звяртаеш увагі на гэтых прасіцеляў з беларускіх хрыбтоў і гор, тым менш будзе ўвагі з боку Крамля. Крэмль і так асабліва не звяртаў на Мінск увагі, ён аддаваў Беларусь на водкуп то Анішчанку, то Данкверту, то Мілеру з “Газпромам”. Проста тут, у Мінску, занадта многа пра сябе думаюць. На самай справе расіянам беларусы таксама ўжо дастаткова паднадакучылі, гэта калі браць узровень мыслення сярэдняга расіяніна.

— Якія сферы цікавасці яшчэ застаюцца ў Расіі да нашай краіны?

— Тут можна прыдумляць усё што заўгодна. Разабрацца з беларускімі прадпрыемствамі, забраць частку з іх, частку з іх прысабечыць “добраахвотна”. Нешта такое мусіць адбывацца, бо занадта слабая Беларусь перад новымі выклікамі. Хоць надта смачных кавалкаў у Беларусі ўжо асабліва не засталося. Гэта было 15 гадоў таму, на гэтым будавалася, відаць, нейкая нацыянальная ідэя “самазапухірвання”, “самазапупкізму” нейкага. Ну, калійны камбінат, калійныя ўгнаенні — але гэта ўчорашні дзень. Да яго можа праявіць цікавасць хіба што які-небудзь дагестанскі хлопчык, кшталту Карымава. Завод колавых цягачоў рускія самі зробяць, таму і тут нам не варта на нешта асаблівае разлічваць. Трактарны завод рускія зрабілі з кітайцамі — “Уралец” выпускае маленькія трактары.

“Ростсельмаш” рускія самі так развярнулі, што ён пачаў развівацца вельмі вялікімі тэмпамі, і прадукцыю там сталі вырабляць канкурэнтную, а мы гэта ўпусцілі. Таму калі сёння паглядзець на “Ростсельмаш” і “Гомсельмаш”, то гомельскі завод знаходзіцца ў стане апускання на дно балота. А вось у рускіх гэта пайшло, яны там злямзілі некалькі добрых мадэляў камбайнаў ды іншай тэхнікі — і развіваюцца.

Увогуле, Беларусь пераўтварылася ў аб’ект прысабечвання з боку другога, і нават трэцяга эшалона далёка не самых лепшых і перспектыўных дзелавых структураў. Колькі ж можна думаць, што мы апошнія 25 гадоў валодаем сучаснай вытворчасцю? Вось, няхай расіяне забяруць завод “Белджы” — гэта будзе весела і з песнямі. Бо што з гэтым рабіць — і самі беларусы не ведаюць. Карацей, памылка на памылцы.

У рускіх будзе заставацца інтарэс толькі да атамнай станцыі, і інтарэс той вельмі карысны — 30 кіламетраў ад Вільнюса, літоўцы будуць хутка бегаць і скакаць пры ўсялякіх сігналах на гэтай станцыі. Гэтая АЭС у Астраўцы мае не эканамічнае, а чыста палітычнае значэнне. Ну, яшчэ малочныя заводы расіяне могуць забраць — няхай беларусы дояць кароў для расійскага росквіту. Увогуле, у Беларусі старыя прадпрыемствы. Калі і з’явіліся нейкія новыя ў прыватным сектары, то яны не такія вялікія, таму тут нявеста знаходзіцца ў такім стане, што неяк і выдаваць яе ўжо няма за каго.

— Ці ўзнікнуць нейкія выбухованебяспечныя моманты ва ўзаемадачыненнях паміж Расіяй і Беларуссю падчас чарговай кадэнцыі Пуціна?

— Пуціну ўжо абрыдла гэтая Беларусь, таму нічога такога не прадбачыцца. Пуціну важней, як там зубкі ў лабрадора прарэзаліся, чым стан беларускай эканомікі ці Лукашэнка. Тым больш, Пуцін глядзіць радасна і весела, як сын Лукашэнкі віншуе кітайцаў з іх новым годам, як яны запрашаюць таварыша Сі Дзіньпіна ў Беларусь. Беларусі трэба проста зразумець, што мы ўсяго только адна чатырнаццатая частка таго, што называецца Расіяй, калі параўноўваць. І адна сто саракавая частка таго, што з’яўляецца Кітаем.

Увогуле, складваецца такое ўражанне, што нашы кіраўнікі ўзялі бінокль не з таго боку. Такая карэляцыя і аберацыя зроку стала характэрная ў апошнія гады, але Беларусь з яе саюзнай дзяржавай, вечнымі плачамі з нагоды малака, смятаны, вяршкоў, мяса ці мясярубак Крэмль ужо дастала і стаміла. Хачу дадаць, што мы не толькі Расіі не цікавыя, але і Кітаю. Адзіная краіна, якой мы можам быць цікавыя, гэта, магчыма, Зімбабвэ.  


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • фцф
  • 2018-03-23 21:39:38
А мо гэта і да лепшага? Нібыта менш увагі - больш свабоды... Але, мяркую, палітычная вага тутэйшай "вайшнорыі" нікуды не зьнікла. Апошні хаўрусьнік, як апошні патрон - беражэцца для сябе

Больш цікавага на «Новым Часе»: