Леў Марголін: У 2020 годзе рэальная рэзкая дэвальвацыя рубля

Для дэвальвацыі рубля ў наступным годзе ёсць некалькі прычын. «Да прэзідэнцкіх выбараў, калі яны адбудуцца 30 жніўня, улады паспрабуюць сітуацыю ўтрымаць. Але ўтрымліваць яе цягам усяго года, я думаю, не атрымаецца. Больш за тое, можа здарыцца і такое, што, калі будзе бачна, што сітуацыя зусім ужо трашчыць па швах, то і прэзідэнцкія выбары могуць перанесці на больш ранні тэрмін», — лічыць эканаміст.  



Фота select.by 

Заробкі бюджэтнікаў з 2020 года будуць разлічваць паводле новай схемы. Адна з галоўных зменаў: тарыфную стаўку першага разраду, паводле якой цяпер разлічваюць заробкі супрацоўнікам бюджэтных арганізацый, заменяць на базавую стаўку.

Улады заявілі, што пры ўвядзенні новай сістэмы аплаты працы нібыта не адбудзецца зніжэнне памераў заробкаў. Але адразу ж дапусцілі агаворку: падзення заробкаў «не павінна быць без уліку прэмій».

Што на самай справе адбудзецца з заробкамі беларускіх лекараў і настаўнікаў пасля Новага года? На пытанні Charter97.org адказвае эканаміст Леў Марголін.

— Бюджэтнікі, у якіх значная частка заробку цяпер прыходзіцца на прэміі, асцерагаюцца, што з новага года могуць страціць у грашах. Наколькі абгрунтаваныя іх асцярогі?

— У нейкай ступені, безумоўна, абгрунтаваныя. Рэч у тым, што яшчэ з канца 90-х гадоў, сістэма заработнай платы бюджэтнікаў мае дастаткова дзіўны характар.

Калі, паводле логікі, аклад або тарыфная стаўка павінна складаць ільвіную дзель заробку, то ў нас для многіх катэгорый, у тым ліку настаўнікаў і лекараў, аклад вельмі маленькі, а сярэдні заробак даганяюць прэміямі, надбаўкамі, рознымі даплатамі і гэтак далей.

Але ўсё хараство гэтых рэчаў у тым, што яны, у сутнасці, не маюць абавязковай сілы. І таму цяпер гаворка ідзе пра тое, каб павысіць базавую стаўку і зрабіць заробак, аклад, тарыфную стаўку больш прыкметнай часткай агульнага заробку. Гэта значыць, каб працаўнікі не дамагаліся нейкіх там даплатаў і прэмій.

Часам гэта адбываецца, скажам так, не зусім законным шляхам — праз асабістыя стасункі з кіраўніцтвам. І наадварот — кіраўніцтва можа такім чынам караць няўгодных супрацоўнікаў.

На сёння я не магу сказаць, што будзе нейкае рэзкае падзенне намінальных налічаных заробкаў, таму што аб'ём фінансавання ў бюджэце не скарацілі. Бо бюджэтнікі — гэта людзі, якія атрымліваюць заробкі з дзяржбюджэту. І калі меркаваныя сродкі, якія ў бюджэце вылучаюцца на заробкі бюджэтнікам, рэзка не памяншаюцца, то падставаў меркаваць, што рэзка скароціцца іх сярэдні заробак, збольшага, няма.

Але ў кожным канкрэтным выпадку магчымыя варыянты. Гэта значыць, калі раней дзесьці атрымлівалася нейкім спосабам, за кошт прабіўной здольнасці кіраўніка або яго знаёмстваў у вышэйшых органах, выбіваць сабе фінансаванне і за кошт надбавак і прэмій павышаць заробак, то не выключана, што ў гэтым калектыве з наступнага года ён можа і ўпасці.

— У Мінпрацы патлумачылі, што пры параўнанні заробкаў за снежань і студзень не будуць улічваць шматлікія складнікі заробку 2019 года: начныя змены, сумяшчэнне пасадаў, замена часова адсутнага супрацоўніка, за звышурочную працу, за выхад у выходны і святы. А гэтыя даплаты — значная частка прыбыткаў тых самых настаўнікаў і лекараў... Атрымліваецца, што яны ўсё ж такі страцяць у заробку?

— Думаю, што гэтыя асцярогі перабольшаныя, таму што гэтыя чыннікі не бяруцца ў разлік менавіта таму, што яны ж нікуды і не падзенуцца. Гэта значыць, нікуды не дзенецца ні сумяшчэнне, ні звышурочныя, ні аплата ў выходны дзень. Гэта ўсё так і застаецца.

Але, напрыклад, калі ўзяць тых жа настаўнікаў, то пры акладзе 350 рублёў там пачынаюцца даплаты, якія носяць сталы характар і якія, мабыць, цяпер у значнай ступені могуць прыбраць. Напрыклад, даплата за класнае кіраўніцтва, за праверку сшыткаў, за пазакласную працу, за вядзенне факультатываў, за стаж, за выслугу гадоў.

Гаворка ідзе пра тое, што пасля таго, як іх скасуюць, каб пры гэтым сярэдні заробак настаўніка прыкметна не зменшыўся. Думаю, што гэтае пытанне Міністэрства адукацыі хвалюе не менш, чым саміх настаўнікаў і лекараў, таму што ў нас цяпер страшная праблема некамплекту медсупрацоўнікаў, якія масава з'язджаюць за мяжу. І калі дазволіць зніжэнне заробку, то гэтая з'ява можа стаць увогуле масавай.

Іншая рэч — і вось пра гэта якраз усім трэба сур'ёзна падумаць — што заробкі ж рублёвыя. І калі раптам рэзка абрынецца беларускі рубель, то ўсе гэтыя намаганні ў захаванні заробкаў бюджэтнікаў могуць апынуцца пустышкай. А гэта цалкам рэальна, асабліва ў другой палове года.

— Дарэчы, эксперты сцвярджаюць, што да канца гэтага года ў Беларусі банкі ашчадзілі блізу 3,5 мільярдаў рублёў «незапатрабаваных эканомікай» грошай, якія няма куды ўкладаць. Ці можна казаць пра тое, што ў краіне сфармаваліся ўмовы для дэвальвацыі рубля ў 2020 годзе?

— Я думаю, што падставы чакаць дэвальвацыі беларускага рубля ў 2020 годзе даволі сур'ёзныя.

Пачнём з таго, што ў бюджэце закладзены сярэднегадавы курс рубля, які значна вышэйшы, чым ён ёсць цяпер: 2.24 да долара. Але калі сярэднегадавы курс закладзены ў 2.24 рубля, і пры гэтым у пачатку года ён складае 2.1 — то цалкам можна чакаць, што да канца года ён можа быць і 2.54 і 2.6, у залежнасці ад таго, калі курс рубля пачне падаць. Гэта першае.

Другі момант: цягам некалькіх апошніх гадоў рост заробку значна апярэджвае рост прадукцыйнасці працы. А гэта таксама стварае такі інфляцыйны навес, які можа выявіцца ў дэвальвацыі.

Па-трэцяе: расце нагрузка на бюджэт у плане абслугоўвання знешніх і ўнутраных валютных пазык, якія для абслугоўвання ў 2020 годзе запатрабуюць да 4 мільярдаў долараў. У нас, на жаль, статыстыка, у гэтых адносінах, паўзакрытая, таму дакладна сказаць, ці сапраўды гэтыя задачы забяспечаныя крыніцамі фінансавання, складана.

Вядома, да прэзідэнцкіх выбараў, калі яны адбудуцца 30 жніўня, як мяркуе Ярмошына, улады паспрабуюць сітуацыю ўтрымаць. Але ўтрымліваць яе цягам усяго года, я думаю, не атрымаецца. Больш за тое, можа здарыцца і такое, што калі будзе бачна, што сітуацыя зусім ужо трашчыць па швах, то і прэзідэнцкія выбары могуць перанесці на больш ранні тэрмін. Скажам, не на 30 жніўня, а на 30 траўня, тым самым скараціўшы перыяд, цягам якога трэба, як той казаў, «дзень прастаяць і ноч пратрымацца».

Таму ў другой палове 2020 года я вясёлкавых даляглядаў для ўладаў не бачу. І ў сувязі з гэтым можа атрымаецца так, што ў першым паўгоддзі бюджэтнікам заробкі ўтрымаюць, каб падысці ў больш вясёлкавым настроі да прэзідэнцкіх выбараў, а пасля выбараў абрынецца беларускі рубель — і заробкі адкоцяцца ўслед за ім.

Паводле charter97

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: