Усё ідзе да далейшага разбурэння эканомікі

На краіну абрынулася чарговая «кадравая пятніца». Аляксандр Лукашэнка 27 студзеня разгледзеў кадравыя пытанні. Чаму Лукашэнка звольніў ліберала Аляксандра Забароўскага?

У выніку пасаду першага намесніка міністра эканомікі Беларусі пакінуў Аляксандр Забароўскі, якога называлі самым маладым і ліберальным чыноўнікам у камандзе гэтага ведамства. Да таго ж, Забароўскі быў «традыцыйным перамоўшчыкам» з міжнароднымі арганізацыямі. 

Таксама стала вядома, што міністрам аховы здароўя афіцыйны белрускі лідар прызначыў Валерыя Малашку. Дарэчы, гэтая міністэрская пасада пуставала больш за месяц пасля прызначэння былога кіраўніка ведамства Васіля Жарко віцэ-прэм’ерам беларускага ўраду.

Чаму Лукашэнка вырашыў звольніць маладога намесніка міністра эканомікі? Што азначае гэты крок кіраўніка дзяржавы? На пытанні «Новага Часу» адказвае эканаміст, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін.

— З чым звязана тое, што Аляксандра Забароўскага прыбралі з міністэрства эканомікі?

— Відаць, ён быў занадта навязлівым. Кіраўніку краіны абрыдлі ўсе мальбы некаторых маладых чыноўнікаў пра рынкавую эканоміку, пра рынкавыя рэформы і гэтак далей. Гэта як назойлівая муха. Гэта тое самае, як некалькі месяцаў таму абышліся з памочнікам прэзідэнта Кірылам Рудым, якога адправілі амбасадарам у Кітай. Я мяркую, Забароўскага таксама адправяць куды-небудзь як мага далей, у нейкую амбасаду, там ён будзе выглядаць нібыта на сваім месцы.

— Што можа азначаць такая адстаўка ў прынцыпе?

— Гэта азначае тое, што Лукашэнка кажа сваё, а ўрад яго не разумее. Ён кажа: пакіньце мяне ў спакоі са сваімі рэформамі, ніякіх рэформаў не будзе. А яны яго не разумеюць, балбочуць і балбочуць. Не выключаю, што найбліжэйшым часам тое самае чакае і немесніка міністра фінансаў — там таксама ёсць малады хлопец. Не патрэбны яны!

Тым больш, што Лукашэнка ўжо вырашыў «пытанне 500 долараў». Аказваецца, у нас ужо ў снежні было 417 долараў сярэдняга заробку па краіне, у наступным снежні яму дакладуць, што ў нас ужо па 500 долараў, а яму больш нічога і не трэба. Абы правільна дакладалі. Ніхто не любіць ганцоў, якія прыносяць кепскія весткі.

— А што, Забароўскі прыносіў шмат кепскіх весткаў прэзідэнту?

— Я думаю, яны распавядалі яму пра рэальную сітуацію ў эканоміцы. Яны ж у міністэрстве эканомікі, міністэрстве фінансаў і ў Нацыянальным банку цудоўна бачаць сітуацыю. Калі гэтыя людзі не зусім кар’ерысты, а асобы з больш-меншым пачуццём уласнага гонару, то яны не маглі не распавядаць пра гэта.

— Да чаго можа прывесці далейшая падобная кадравая палітыка кіраўніка дзяржавы? 

— Калі б гаворка ішла толькі пра кадравую палітыку… Улічваючы, што гэтая палітыка з’яўляецца часткаю агульнай эканамічнай і палітычнай сістэмы, то меркаваць можна толькі адно — усё будзе рухацца да далейшага разбурэння эканомікі.

— Кіраўнік дзяржавы і ягонае найбліжэйшае атачэнне гэтага не разумеюць?

— Ён не разумее. А дарадцы — вы ж бачыцце, што робяць з дарадцамі. Іх звальняюць. Я думаю, у ягоным узросце ўжо цяжка разумець, што тая сістема, якая быццам бы выбудоўвалася 20 гадоў, не працуе. Лукашэнку падаецца, што тут ёсць нейкія суб’ектыўныя прычыны — не тыя людзі праводзяць ягоную палітыку ў жыццё, таму трэба іх мяняць, што ёсць нейкія аб’ектыўныя абставіны. Што, магчыма, хтосьці падкіне Лукашэнку новыя ідэі, як калісьці Пётр Пракаповіч казаў яму, што інфляцыя бывае толькі ад наяўных грошай, а ад безнаяўных не бывае. Чалавек, які гатовы слухаць усялякую бязглуздзіцу, як правіла, знаходзіць тых, хто гатовы ўкладаць яе яму ў вушы.   

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: