Лібералізацыя бізнесу: адклалі, але прыстрашылі

Лукашэнка памахаў перад носам беларускіх прадпрымальнікаў морквай істотнай лібералізацыі бізнес-клімату, звыкла папужаў, але ў выніку саму лібералізацыю адклаў да кастрычніка. Пытанне ў тым, ці хопіць адвагі ў беларускіх бізнесменаў запатрабаваць сабе рэальных правоў, а не іх дэкларацый?

Прадстаўнікі дзелавой супольнасці даўно чакалі вялікай нарады ў кіраўніка Беларусі па пытаннях лібералізацыі бізнесу. Яна, нарэшце, адбылася ў аўторак, 8 жніўня. Як было сказана ў афіцыйных паведамленнях, Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад па пытаннях выканання даручэнняў пра стымуляванне дзелавой ініцыятывы. Зрэшты, пакуль якіх-небудзь прынцыповых рашэнняў не прынята — пытанне адкладзена да 1 кастрычніка. Да гэтай даты павінен быць падрыхтаваны ўжо паўнавартасны пакет дакументаў пра стымуляванне дзелавой ініцыятывы.

Зрэшты, па словах прадстаўнікоў бізнес-саюзаў, такі пакет ужо даўно гатовы. Аднак яго падпісанне тармозіцца, першым чынам, прадстаўнікамі сілавых структур, якія больш за ўсіх іншых асцерагаюцца прадпрымальніцкай "вольніцы".

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ад улады чакаюць рашэнняў, якія дазволяць любому чалавеку адкрыць сваю справу і працаваць, кіруючыся мінімальным наборам патрабаванняў. "Усе непатрэбныя, адміністрацыйныя бар'еры і працэдуры, якія замінаюць працы, неабходна ліквідаваць. Іх, на жаль, на сённяшні дзень нямала", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Выступаючы на нарадзе, Лукашэнка, як звычайна, "працаваў на аўдыторыю": часам здавалася, што ён яшчэ большы ліберал, чым прадстаўнікі бізнес-супольнасці, якія сабраліся за яго сталом. Напрыклад, ён заявіў: "Мяне карабаціць, калі дакладваюць, што прадпрымальнікі спрабуюць працаваць і справай займаюцца, а мы пачынаем блых вышукваць. Гэтага быць не павінна".


Абяцанне свабоды і адказнасці

Ужо вядома, што ў пакет дакументаў па пытаннях стымулявання дзелавой ініцыятывы ўвойдуць каля дзесяці нарматыўна-прававых актаў. Іх прыняццю будзе папярэднічаць яшчэ адна падобная нарада. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што перад падпісаннем кожнага дакумента ён асобна заслухае даклад яго распрацоўшчыкаў. "Калі ў мяне няма пытанняў пасля нашага абмеркавання, дапрацоўкі, я падпішу гэтыя дакументы. Калі ёсць пытанні, будзем дапрацоўваць. Пытанне вельмі сур'ёзнае, нельга памыліцца", — падкрэсліў начальнік Беларусі.

Пакуль, наколькі можна меркаваць па цытатах, плануецца зрабіць вялікі крок наперад у параўнанні, напрыклад, з Дырэктывай №4, якая таксама павінна была значна палегчыць вядзенне бізнесу — але так і не змагла гэта зрабіць.

"Прадстаўленыя да разгляду нарматыўныя акты ўтрымліваюць шэраг даволі сур'ёзных навацый для эканамічнай сферы — ад апавяшчальнага прынцыпу пачатку ажыццяўлення асобных тыпаў эканамічнай дзейнасці да сістэмы выбраных праверак. Гэта, бясспрэчна, сур'ёзны крок на шляху падвышэння даверу да дзелавой супольнасці", — падкрэсліў Лукашэнка. Таксама ён паабяцаў, што пасля прыняцця пакета дакументаў будуць скасаваныя ўсе залішнія адміністрацыйныя бар'еры, з якімі сёння ўсё яшчэ сутыкаюцца бізнесмены.

Пакет дакументаў "для бізнесу", пра які гаварылася на нарадзе, быў падрыхтаваны створанай у студзені гэтага года працоўнай групай па ўдасканаленні кантрольнай дзейнасці і ўхіленню залішніх патрабаванняў да суб'ектаў гаспадарання.


Хуткае палягчэнне вядзення бізнесу кіраўнік Беларусі наўпрост увязвае з падвышэннем адказнасці дзелавой супольнасці. Прычым у такіх фармулёўках, што становіцца зразумела: бездань высілкаў бізнес-супольнасці па дэкрыміналізацыі эканамічнай дзейнасці была выдаткавана дарма.

"Крый божа, пасля першага кастрычніка, калі гэтыя дакументы набудуць моц, хтосьці дзесьці не так будзе сябе паводзіць — мала не падасца, я вам гарантую", — заявіў кіраўнік дзяржавы на нарадзе. Праўда, Лукашэнка тут жа паспрабаваў усіх пераканаць, што гаворка не ідзе пра нейкае ўзмацненне жорсткасці дзеля ўзмацнення жорсткасці. Па яго словах, прадпрымальнікі проста павінны быць сацыяльна адказнымі і працаваць не толькі на сябе, але і на выгоду дзяржавы. "Ад любых сумесных дзеянняў — маіх як прадстаўніка ўлады і вашых як прадстаўнікоў бізнесу — павінен быць эфект для дзяржавы і для прадпрымальніцтва. Гульня ў адны вароты непрымальная. Я за тое, каб бізнес у нас быў свабодным, адказным, больш эфектыўным, але каб пасля прыняцця рашэнняў (па стымуляванні дзелавой ініцыятывы) дзяржава стала мацнейшай. Калі вы па-іншаму гэта разумееце, тады ў нас з вамі ці наўрад ці што атрымаецца", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных на нарадзе прадстаўнікоў бізнес-супольнасцяў.

Сацыяльная арыентаванасць усёй дзяржавы ў цэлым таксама нікуды не падзенецца. "Нельга дапусціць, як гэта ў вядомых дзяржавах, розніцу паміж бяднотай і багатымі людзьмі ў 25-30 разоў. Гэта правобраз калі не будучай рэвалюцыі, то нестабільнасці", — заявіў кіраўнік Беларусі. І не забыўся папярэдзіць у сваім фірмовым стылі: "Усе разумеюць бізнес так: вароты адкрыў, зайшоў — і грошы на цябе пасыпаліся. Так не бывае. Бізнес — гэта найцяжкая ноша. Там трэба варушыцца і ведаць шмат што. Трэба валодаць не проста адпаведнымі, а цэлым комплексам навыкаў. Асабліва ў нашым грамадстве, якое толькі-толькі пачынае займацца гэтай дзейнасцю. Таму заўсёды шукайце чыннік у сабе і не бегайце па вуліцах і пляцах, рыдаючы пра тое, што дзяржава штосьці не стварыла".


Ужо праходзілі

Тым часам, у найноўшай гісторыі Беларусі ўжо адзначыўся "вялікі" дакумент, задачай якога было максімальна палегчыць жыццё беларускім прадпрымальнікам. "НЧ" вырашыў успомніць, як склаўся лёс папярэдняга маштабнага дакумента з аналагічнымі задачамі — Дырэктывы №4.

Дырэктыва №4 была падпісана ў апошні дзень 2010 году, што было па-свойму сімвалічным — гэта быў першы значны дакумент пасля скандальнага прэзідэнцкага перавыбрання на новы тэрмін. Дакумент уключае дзевяць частак, кожная з якіх сфакусавана на ўхіленні бар'ераў, з якімі сутыкаюцца суб'екты прадпрымальніцкай дзейнасці.

Найменні гэтых частак першапачаткова былі сфармуляваны ў выглядзе канцэптуальных сістэмных патрабаванняў да ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў і грамадзянаў:

1. Забяспечыць далейшае развіццё добрасумленнай канкурэнцыі суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці незалежна ад формы ўласнасці.

2. Ствараць умовы для бесперашкоднага ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.

3. Ліквідаваць залішнія адміністрацыйныя бар'еры пры ўзаемадзеянні паміж дзяржаўнымі органамі і юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі.

4. Завяршыць гарманізацыю падатковай сістэмы Беларусі з дзейснымі ў еўрапейскіх краінах. Надаць падатковаму заканадаўству характар, стымулюючы добрасумленнае выкананне падатковых абавязанняў і дзелавую ініцыятыву.

5. Надаць кантрольнай (нагляднай) дзейнасці папераджальны характар, перайсці да пераважнага выкарыстання прафілактычных мер, накіраваных на прадухіленне правапарушэнняў пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці.

6. Удасканаліць інфраструктуру і сістэму фінансавання малога прадпрымальніцтва ў мэтах актывізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і забеспячэння эфектыўнай падтрымкі прадпрымальніцтва (прававой, арганізацыйнай і фінансавай).

7. Выключыць залішняе рэгуляванне рынка працы.

8. Сфармаваць прававую базу, стымулюючую развіццё ў Беларусі механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

9. Забяспечыць адназначнае прававое рэгуляванне і стабільнасць заканадаўства, якое рэгулюе прадпрымальніцкую дзейнасць.

 

Крытыкі дакумента тады адразу заявілі, што гэта хутчэй дэкларацыя "за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага", чым рэальная прылада для лібералізацыі бізнесу. А для таго, каб бізнес-клімат у краіне сапраўды пачаў змяняцца, запатрабуецца змена законаў, з якімі пераплятаецца тэкст дырэктывы. Ды і тады запатрабуецца час, пакуль змененыя законы не пачнуць дзейнічаць.


Уласна кажучы, так і атрымалася. На працягу наступных шасці з лішнім гадоў беларускія прадпрымальнікі ў самых розных сітуацыях спрабавалі звярнуцца па дапамогу да артыкулаў Дырэктывы №4. Практычна заўсёды — у спрэчках з рознымі дзяржаўнымі органамі, пры адстойванні сваіх інтарэсаў на самых розных узроўнях. І амаль заўсёды — з нулявым эфектам.

У выніку максімум, што змагла даць Дырэктыва №4, — гэта дапамагчы ў законатворчай дзейнасці. Прынятыя ў апошнія гады законы і іншыя нарматыўныя акты, так ці інакш датычныя дзелавой супольнасці, іх распрацоўшчыкі першапачаткова імкнуліся прывесці ў адпаведнасць з патрабаваннямі прэзідэнцкага дакумента. (Атрымлівалася не заўсёды.)

Але ад Дырэктывы №4 першапачаткова чакалі шмат большага. Сёння ўжо можна сказаць сапраўды: ёй не атрымалася пераламаць стыль адносін паміж дзяржавай і бізнесам па адным простым чынніку — дакумент не ўтрымліваў нормаў прамога дзеяння. Гэта значыць мог дзейнічаць толькі праз іншыя нарматыўныя дакументы і добрую волю дзяржаўных службоўцаў. Якой, як звычайна, бракавала.

Думаецца, беларуская дзелавая супольнасць улічыла гэты досвед. І пакет дакументаў пра стымуляванне дзелавой ініцыятывы, які мы павінны ўбачыць да 1 кастрычніка, напэўна будзе ўтрымліваць выразныя фармулёўкі, а не толькі добрыя пажаданні.

Пытанне толькі ў тым, ці хопіць адвагі ў беларускіх бізнесменаў запатрабаваць сабе рэальных правоў, а не іх дэкларацый.

Каментаваць