Леў Марголін: Пакуль у краіне ціха, ніякіх рэформаў не будзе

Эканаміст Леў Марголін распавядае пра “вельмі складаны 2016 год”. Днямі кіраўнік краіны выдаў песімістычны прагноз: “Наступны год будзе вельмі складаны. Хачу адзначыць, што такога году ў гісторыі нашай краіны не было…”



— Прагнозы і на самай справе сумныя, бо, мабыць, упершыню ўлады маюць вялікія праблемы з атрыманнем крэдытаў, — адзначае Леў Марголін. — Ужо зразумела, што ў бліжэйшы час расійскіх крэдытаў не ўбачаць, і пакуль што не зразумела да канца, што будзе з боку Захаду. Там пытанне таксама знаходзіцца ў падвешаным стане. Але нават, калі ўдасца дабіцца атрымання пазыкі, то зразумела, што гэта будуць не тыя грошы і не ў тым парадку. Думаю, будуць даваць невялікія траншы пад канкрэтныя дзеянні. А, паколькі нейкіх дзеянняў не было і не плануецца, то і разлічваць на знешнія пазыкі ў поўным аб’ёме не даводзіцца.

Ці выратуюць сітуацыю 3 мільярды долараў ад МВФ, калі дадуць гэты крэдыт?

— Ён можа і выратаваў бы, калі б гэта былі 3 мільярды. Але рашэнне аб тым, каб даць грошы, прымаецца палітычна, а вось вызначаюцца яны ўжо пад праграму. І таму пад палітычнае рашэнне можна атрымаць максімум першы транш. А далей нешта трэба рабіць. А рабіць не хочацца. Таму год сапраўды будзе вельмі цяжкім. Пакуль не будзе ніякага дакладнага пасылу з боку народу, што яму ўжо гэта надакучыла, нічога ўлады змяняць не будуць.

— Ці падштурхне гэтая сітуацыя да рэформаў?

— Не думаю. Паўтаруся, толькі рэакцыя з боку народу можа прымусіць кіраўніцтва краіны нешта мяняць. Але, пакуль у краіне ціха, ніякіх рэформаў не будзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: