Лёс аднаразовага посуду ў Беларусі будзе вызначаны ўжо ў кастрычніку

Прапанова адмовіцца ад аднаразовага посуду ў грамхарчы Беларусі будзе разглядаць адмысловая міжведамасная рабочая група, піша greenbelarus.info са спасылкай на pravo.by.

Поўная назва — міжведамасная рабочая група па вывучэнні пытанняў звароту палімернай і неперапрацоўваемай упакоўкі і падрыхтоўцы прапаноў аб паэтапным скарачэнні выкарыстання такой упакоўкі з яе замяшчэннем экалагічна бяспечнай.

Распараджэнне вызначае план унясення прапаноў у Савет Міністраў. Да 21 верасня ўдзельнікі групы павінны:

  • прааналізаваць сусветны вопыт па ўвядзенні абмежаванняў на ўнутраны зварот палімернай і неперапрацоўваемай упакоўкі, пластыкавага аднаразовага посуду
  • падрыхтаваць прапановы аб удасканаленні тэхнічнага рэгулявання вытворчасці і выкарыстання палімернай упакоўкі і пластыкавага аднаразовага посуду, у тым ліку з неперапрацоўваемых матэрыялаў
Да 28 верасня збіраюцца падрыхтаваць прапановы аб выключэнні выкарыстання на аб'ектах грамадскага харчавання пластыкавага аднаразовага посуду ў залежнасці ад фармату аб'екта (стацыянарны, нестацыянарны) і наяўнасць падлучэння да інжынерных сетак (электразабеспячэнне, водазабеспячэнне і водаадвядзенне).

Умовы, асноўныя этапы і тэрміны пераходу на выкарыстанне экалагічна бяспечнай упакоўкі міжведамаснай працоўнай групе даручана вызначыць да 10 кастрычніка 2019 года.

Нагадаем, Еўрапарламент у канцы сакавіка ўвёў на тэрыторыі ЕС забарону на аднаразовыя пластыкавыя талеркі, кантэйнеры, шклянкі, посуд для фастфуду, відэльцы, нажы, лыжкі. Табу накладзена таксама на вытворчасць кактэйльных саломінак і ватных палачак. Закон пачне дзейнічаць у 2021 годзе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!