Лукашэнка аб прэтэнзіях Расіі да беларускага малака: Мы проста цярпець гэта не будзем

Праблемы з пастаўкамі беларускага малака ў Расію абмяркоўваліся 1 сакавіка на рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы з віцэ-прэм'ерам Беларусі Міхаілам Русым.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што паміж дзвюма краінамі зноў пачаліся спрэчкі аб пастаўках малака. "Але хачу сказаць, што без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста трываць гэта не будзем, — цытуе кіраўніка краіны БелТА. — Таму што мяне спецслужбы інфармуюць, што завезлі з Новай Зеландыі ці аднекуль сухое малако (гэта іх справа), з'явіліся лішкі, і яны пачынаюць нас прытрымваць, пакуль рэалізуюць тое малако па высокіх цэнах. Таму ім не падабаецца таннае малако".

"Мы ім аддамо сваё малако па той цане, якую лічым патрэбнай, а яны няхай расіянам павялічваюць цану, калі там ужо рускія людзі, масквічы або піцерцы, аб'еліся новазеландскім малаком. Таму мяне цікавіць, як вырашаецца гэтае пытанне", — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да Міхаіла Русага, якому даручана ўрэгуляваць праблему.

26 лютага Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаванні на пастаўкі малака і некаторых іншых відаў беларускай малочнай прадукцыі, сцвярджаючы, што ў ёй выяўлена "найбольшая колькасць парушэнняў". Пад абмежаванні патрапілі: малако і вяршкі пастэрызаваныя, стэрылізаваныя і ультрапастэрызаваныя налівам; малако і вяршкі сухія, канцэнтраваныя, кансерваваныя і згушчаныя; сыроватка малочная наліўная, канцэнтраваная, сухая; канцэнтрат сыроватачнага і малочнага бялку.

1 сакавіка начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Беларусі Аляксей Багданаў заявіў журналістам у Мінску, што беларускі бок спадзяецца ўрэгуляваць пастаўкі прадукцыі ў Расію да 6 сакавіка.

Ён нагадаў, што ў пачатку гэтага тыдня беларуская дэлегацыя правяла ў Маскве сустрэчы "з усімі зацікаўленымі" бакамі. "Мы давялі пазіцыю беларускага боку да кіраўніцтва сельскагаспадарчага ведамства Расіі і ўрада. Прынялі рашэнне, што не будуць прымацца рэзкія крокі да 6 сакавіка. У цяперашні час мы адпрацоўваем механізм поўнага зняцця прэтэнзій з боку Расіі", — сказаў Багданаў.

Прадстаўнік Мінсельгасхарча таксама паведаміў, што беларускі бок "карпатліва працуе" над складаннем балансу паставак сельгаспрадукцыі ў Расію з улікам прапаноў расійскага боку. Будуць пададзеныя канкрэтныя аб'ёмы мяса-малочнай прадукцыі "па крытычных пазіцыях з памесячнай разбіўкай", у тым ліку сухога малака.

Акрамя таго, паводле слоў Багданава, у сакавіку плануецца завяршыць працу над дарожнай картай зняцця узаемных абмежаванняў на пастаўку жывёлагадоўчай прадукцыі, працу над балансамі і правесці сумесную калегію. "Пры гэтым ведамства вядзе актыўную працу па дыверсіфікацыі рынку паставак. Зараз малочная прадукцыя пастаўляецца ў 46 краін", — дадаў чыноўнік.

belapan.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!