Лукашэнка гатовы адбіраць транзітную расійскую нафту

Падчас паездкі 14 лютага ў Светлагорск Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг рэзкіх заяваў датычна супрацы з Расіяй у паліўнай галіне. У прыватнасці, ён сказаў, што наша краіна можа пачаць адбор транзітнай нафты — то бок, якая цячэ з Расіі ў Еўропу.
«Калі з Расіі не будзе пастаўлена нафта ў патрэбных аб'ёмах (міжурадавае пагадненне на 24 млн. тонаў, у студзені яны паставілі ўсяго 500 тыс. тонаў – 1,5 млн. тонаў недапаставілі), мы пачнем адбор з транзітнай трубы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворка вядзецца пра 2 мільёны тонаў. Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што расійскаму прэзідэнту ён такую ​​пазіцыю ўжо давёў падчас перамоваў 7 лютага ў Сочы. Пры гэтым, як паведамляе БЕЛТА, кіраўнік Беларусі сказаў, што «нікога не шантажаваў».

Пастаўкі нафты ў Беларусь ад асноўных расійскіх нафтавых кампаній адсутнічаюць з пачатку года з-за рознагалоссяў па цане паставак.

З пачатку студзеня нафтавую сыравіну ў Беларусь пастаўляюць толькі кампаніі групы «Сафмар» Міхаіла Гуцырыева, які рэалізуе ў Беларусі пры непасрэднай падтрымцы Лукашэнкі шэраг буйных інвестпраектаў. Паведамлялася, што ў першым квартале пастаўкі «Сафмара» у Беларусь складуць 750 тыс. тонаў, адзначае «Інтэрфакс-Захад».

Між тым, Беларусь прапрацоўвае пытанне паставак нафты з польскімі партнёрамі, абмяркоўваецца запуск адной з галінак магістральнага нафтаправоду «Дружба» у рэверс з Гданьска. «Тады ўжо не Расія будзе па ім пастаўляць нафту на Захад, а Беларусь пампаваць з Еўропы», — сказаў кіраўнік Беларусі. «Мы зараз з Гданьска – купім у Саудаўскай Аравіі, Эміратаў, Злучаных Штатаў Амерыкі — паставім па трубе», — дадаў Лукашэнка.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: