Лукашэнка зацвердзіў задачы на 2018 год: рост ВУП — на 3,5%

Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2018 год і асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны, гэтыя задачы базуюцца на праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады і замацаваныя двума адпаведнымі ўказамі.

Асноўныя мэты — павысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі, забяспечыць устойлівы эканамічны рост і стварыць дадатковыя ўмовы для яго паскарэння ў наступныя гады.

Прадугледжваецца, што ў 2018 годзе валавы ўнутраны прадукт вырасце на 3,5%, экспарт тавараў і паслугаў — на 5,7%. Золатавалютныя рэзервы на канец 2018 года павінны скласці не меней за 6 мільярдаў долараў з улікам чаканых выплат па знешніх пазыках.

Урад павінен забяспечыць далейшы эканамічна абгрунтаваны рост заробкаў на глебе стварэння высокавытворчых працоўных месцаў. Павінна скараціцца міжрэгіянальная дыферэнцыяцыя ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва. Таксама ўрад павінен сфармаваць сістэму гарантыяў для інвестараў.

Што да грашова-крэдытнай палітыкі, то налета інфляцыю плануюць не болей за 6%. У выпадку зніжэння індэксу спажывецкіх коштаў будуць паступова зніжацца і працэнтныя стаўкі. Захаваецца агульная скіраванасць на лібералізацыю валютнай сістэмы і працягнецца палітыка зніжэння даларызацыі эканомікі.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць