Макей расказаў, як Беларусь хоча супрацоўнічаць з Кітаем

Беларусь гатовая стаць вузлавой платформай Эканамічнага пояса Шаўковага шляху. 


Пра гэта міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей заявіў у інтэрв'ю кітайскаму інфармацыйнаму агенцтву "Сіньхуа".

Па словах Макея, Эканамічны пояс Шаўковага шляху вельмі выгадны для нашай краіны. "Мы бачым, што ў рамках гэтай ініцыятывы мы можам прадаваць нашы тавары на ўсім працягу калідораў, якія ствараюцца. І, як я ўжо сказаў, мы маем намер і гатовыя стаць вузлавой платформай, дзе будуць стварацца новыя вытворчасці, дзе будуць развівацца розныя сферы прамысловасці, эканомікі, якія будуць выгадныя і для Беларусі, і для Кітая", — цытуе прэс-служба МЗС яго словы.

У 2017 годзе Беларусь падпісала пагадненне пра пашырэнне кантэйнерных перавозак паміж Кітаем і Еўропай. Кіраўнік беларускай дыпламатыі падкрэсліў, што праз нашу краіну ўжо курсіруюць 15 кантэйнерных цягнікоў. Чыноўнік мяркуе, што такую ініцыятыву трэба падтрымліваць.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі Камень" Макей назваў самым маштабным праектам у двухбаковым супрацоўніцтве. "Не выпадкова Старшыня КНР Сі Цзіньпін назваў гэты парк "жамчужынай Эканамічнага пояса Шаўковага шляху", маючы на ​​ўвазе, што ён павінен стаць адным з важных злучальных цэнтраў Эканамічнага пояса Шаўковага шляху", — згадаў ён.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!