Малы бізнес: дзякуй, што жывы

У Беларусі вырас індэкс дзелавога аптымізму. Гэтыя словы старшыні прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзіміра Карагіна, сказаныя падчас Асамблеі дзелавых колаў у Мінску, вынеслі ў загаловак дзяржаўныя СМІ.

Уладзімір Карагін


Праўда, пры гэтым яны неяк не паведамілі канкрэтна, што зараз гэты індэкс знаходзіцца на ўзроўні +0,14. І таксама забыліся дадаць словы Карагіна пра тое, што на самой справе нават такі вынік — гэта вяртанне да паказчыкаў першага даследавання дзелавога аптымізму — у 2012 годзе. «Мы выйшлі на тую пазіцыю, з якой пачыналі шэсць гадоў таму», — адзначыў Карагін.

Гэта значыць, па факце, апошнія пяць гадоў дзелавы аптымізм малога і сярэдняга бізнесу быў ніжэй за плінтус . Але чалавек не можа жыць без надзеі на лепшае. І прынятыя ў апошні час нарматыўныя акты — у прыватнасці, дэкрэт №7, які абяцае прадпрымальнікам істотныя палёгкі умоў іх працы, — гэты аптымізм ўзмацнілі. Злёгку. І гэты аптымізм — вельмі асцярожны.


Не такі ўжо і маленькі

Індэкс дзелавога аптымізму — гэта, дэ-факта, рэпрэзентатыўная апытанка кіраўнікоў і ўдзельнікі малога і сярэдняга бізнесу. Усяго анкетаванне праходзіць больш за 500 прадпрымальнікаў кожныя паўгода.

Але, калі паглядзець на наш «малы і сярэдні бізнес» ў цэлым, апынецца, што не такі ужо ён і маленькі. Падчас Асамблеі дзелавых колаў было адзначана, што ў Мінску за 2017 год больш за палову падатковых паступленняў у бюджэт горада — гэта падаткі менавіта малога і сярэдняга бізнесу. То бок, фактычна МСБ стаў, як гэта раней казалі, «горадаўтваральным прадпрыемствам».

Пра стаўленне ўлады да прыватных бізнес-ініцыятываў і прадпрымальніцтва мы ведаем добра. Але таксама даводзіцца прызнаць, што ўлады як мінімум трэціруюць (калі не знішчаюць) курыцу, якая нясе залатыя яйкі.

У 2017 годзе ад малых і сярэдніх прадпрыемстваў і прыроўненых да іх індывідуальных прадпрымальнікаў у бюджэт паступіла 32,3% падаткаў. Гэта значыць, траціну бюджэту краіны фарміруюць прадпрымальнікі.

У сектары малых і сярэдніх прадпрыемстваў занята больш за 1,3 млн чалавек, або 29,9% эканамічна актыўнага насельніцтва. Гэта значыць, амаль траціна рынку працоўнай сілы — працоўныя месцы, створаныя прадпрымальнікамі.


Прадпрымальнікі не патрабуюць (а дакладней, не атрымліваюць) дзяржаўнай падтрымкі. Наадварот, яны абкладзены рознымі кантралюючымі органамі, нібыта «чырвонымі сцяжкамі», І тым не менш, як бачна, ўносяць істотны ўклад у эканоміку краіны.

Цікава, што будзе, калі даць ім свабоду? Прынамсі, значна больш свабоды і вызваліць ад зарэгуляванасці?


Бардак у краіне

Падчас правядзення апытання па індэксе дзелавога аптымізму прадстаўнікам МСП задавалася пытанне, якія, на іх думку, фактары больш за ўсё перашкаджаюць бізнесу ў цэлым ў краіне, і якія — канкрэтна іх бізнесу. Проста для праверкі, каб паглядзець, як сябе адчувае прадпрымальнік на фоне краіны.

Самы вялікі фактар, які замінае бізнес фактар яго прадстаўнікі лічыць агульны бардак у краіне . Адказ «адсутнасць стабільнасці ў эканоміцы і немагчымасць планавання» набраў лідзіруючыя пазіцыі ў абедзвюх катэгорыях. 69,1% лічаць, што гэта перашкаджае бізнесу ў цэлым і 50,56% — іх бізнесу ў прыватнасці.

Празмернасць адміністрацыйных працэдур для бізнесу — 47,1% лічаць гэта другой па значнасці праблемай для бізнесу ў цэлым. Высокая падатковая нагрузка знаходзіцца на трэцім месцы — 31,7% адзначаюць, што гэта перашкаджае развіццю прыватнай ініцыятывы.

А вось на першым месцы ў спісе «персанальных» праблемы для прадпрымальнікаў выйшла… «нізкая пакупніцкая здольнасць» насельніцтва! З гэтым сутыкнуліся 68,16% апытаных бізнесменаў.

Бардак у дзяржаве — адсутнасць стабільнасці ў эканоміцы і немагчымасць планавання — персанальна для іх бізнесу адзначылі 50,56% апытаных.

І непасрэдна для прадстаўнікоў малога бізнесу на адно з лідзіруючых месцаў раптоўна выйшла праблема неплацяжоў — з ёй сутыкнуліся 52% прадстаўнікоў МСП.

Гэтая апытанка відавочна паказвае, куды ў сваім развіцці прыйшоў «беларускі эканамічны цуд» — у канкрэтны тупік, калі ў народа проста няма грошай, каб набываць у прадпрымальнікаў тавары і паслугі. Гэта значыць, лячыцца, вучыцца, нешта набываць і выпраўляцца на адпачынак.

Больш за тое, грошай няма і ў саміх бізнесоўцаў, каб разлічвацца за тавары. Інакш адкуль узялася б праблема неплацяжоў?


Надзея памірае апошняй

Чым жа абумоўлены рост індэкса дзелавога аптымізму? Уладзімір Карагін лічыць, што на павышэнне рэйтынгу дзелавога аптымізму паўплывала «развіццё дыялогу бізнесу і ўлады».

Як прадстаўнікі МСП бачаць сваю бліжэйшую будучыню? На працягу паўгода 6% апытаных чакаюць значнага паляпшэння ўмоў вядзення бізнесу ў краіне. 40,2% спадзяюцца, што яно «некалькі палепшыцца» (у мінулым паўгоддзі гэты паказчык складаў 25,2%), і «не зменіцца» — 34%. Гэта значыць, адзначыў Карагін, прэзентуючы індэкс, 80% прадпрымальнікаў спадзяюцца на лепшае.


Але гэта — у краіне. У дачыненні да свайго бізнесу ўдзельнікі апытання не так аптымістычныя. Новых заказаў і кліентаў чакаюць толькі 12% апытаных (паўгода таму — 47,7%). Аднак у той жа час 45% рэспандэнтаў спадзяюцца на павелічэнне выручкі. Напэўна, таму, што 40% прадстаўнікоў МСП разлічваюць на новыя заказы ад старых кліентаў.

Пры гэтым цікавы адказ на пытанне, як бізнес ацэньвае яго дыялогу з уладай. Год таму 64,8% былі не задаволены тым, у якім стане быў дыялог бізнесу і ўлады. У кастрычніку 2017 года гэтая лічба складала 69,8%. Цяпер не задаволеныя дыялогам — толькі 47%.

Гэта рэкордна нізкая лічба за 13 гадоў, заявіў Карагін. А задавальняючы дыялог улады і бізнесу ацэньваюць 31,3%. Раней самы высокі паказчык быў толькі 18% (у верасні 2014 года).

«Людзі ўбачылі, што пайшоў дыялог. Бізнес верыць, што дыялог з уладай будзе. Гэта вельмі радуе», — сказаў Карагін.

Зрэшты, такі давер і такія надзеі бізнесу трэба яшчэ апраўдаць. Таму што дэкрэт №7 аб развіцці прадпрымальніцтва — гэта добра. Але прадстаўнікі дзелавых колаў усё ж не забываюцца на аналагічны дакумент 2010 года пад назвай «дырэктыва №4». І тады ўвасобіць добрыя памкненні ўлады ў жыццё проста не атрымалася...



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!