МАРГ з мэтай «стрымаць інфляцыю» рэгулюе 55% спажывецкіх цэн. Інфляцыя расце

У Беларусі рэгулюецца 55% усіх спажывецкіх цэн. Пра гэта заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч. Паводле яго слоў, гэта часовы парадак, які закліканы стрымаць інфляцыю.


«Мы рэгулюем сёння 55% усіх спажывецкіх цэн. Гэта часовы парадак, мэта якога — зніжэнне інфляцыйнага ўсплёску, звязанага з увядзеннем ПДВ, ростам сусветных цэн на прадукты харчавання і сыравіну. Гэта тонкая праца, паколькі мы павінны вырашыць трыадзіную задачу: забяспечыць фінансавую стабільнасць прадпрыемстваў (вытворцаў, гандлю, імпарцёраў), наяўнасць тавараў шырокага асартыменту на паліцах і не пагоршыць сітуацыю з плацяжамі за тавары, якія пастаўляюцца», — прыводзіць яго словы REFORM.by са спасылкай на БелТА.

Калтовіч адзначыў, што інфляцыя цяпер знаходзіцца вышэй за прагноз і складае 8,5%, пры гэтым тэмп росту індэкса на сацыяльна значныя тавары складае 7,1%.

«Намі былі прыняты некаторыя рашэнні, якія спрыялі зніжэнню інфляцыі. Мы ацэньваем гэты эфект як мінус 0,8 працэнтнага пункта», — сказаў ён.

Гаворка ідзе пра пастанову Саўміна №100, якой быў абмежаваны месячны прырост цэн.

Нагадаем, учора Нацбанк падвысіў стаўку рэфінансавання да 8,5%. Гэты крок таксама накіраваны на стрымліванне інфляцыі.

Тым не менш, інфляцыя, пра што казаў і Калтовіч, не заўважае намаганняў рэгулятараў. У лютым гадавая інфляцыя склала 8,7%, у сакавіку — 8,5%. Гэта найгоршыя паказчыкі за апошнія 5 гадоў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: