Масква не супраць зрабіць беларускія НПЗ «сваімі», каб кампенсаваць падатковы манеўр

На Раство ў сацсетках з'явіліся паведамленні, што Расія гатовая купіць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) у Мазыры і Наваполацку, каб мець магчымасць кампенсаваць ім наступствы падатковага манеўру. TUT.BY паспрабаваў даведацца, ці маюць размовы падставу.
Кацярына Герасімовіч, TUT.BY

Кацярына Герасімовіч, TUT.BY

Расія завяршае падатковы манеўр ў нафтавай сферы. У 2019—2024 гадах вывазная пошліна на нафту ў РФ, якую не выплачвае Беларусь пры імпарце вуглевадароднай сыравіны, знізіцца з 30 да 0%. Адначасова з гэтым будзе павышацца падатак на здабычу карысных выкапняў, што можа прывесці да павелічэння ўваходнага кошту нафты для Беларусі да фактычна сусветнага ўзроўню. З 2019 года расійскі бюджэт кампенсуе сваім НПЗ рост коштаў на сыравіну з дапамогай так званага адмоўнага акцызу. Мінск гэта дазволіць не можа, таму хацеў бы атрымаць кампенсацыю ад Расіі. Але пераднавагоднія перамовы кіраўніцтва дзвюх краін поспехам не ўвянчаліся. Крэмль пажадаў больш глыбокай інтэграцыі.

Расія ўвязвае пытанне кампенсацыі з прыватызацыяй беларускіх НПЗ на карысць расійскіх кампаній. Маўляў, кампенсацыю выплачваць будзем, але толькі сваім заводам.

За «Нафтан» і сваю долю ў Мазырскім НПЗ, Беларусь хацела б атрымаць 10 млрд долараў, паведаміў Телеграм-канал «Газ-бацюшка». Прыкладна ў гэтулькі (10,5 млрд долараў) Мінск ацэньвае свае страты ад падатковага манеўру на працягу бліжэйшых 5 гадоў і хацеў атрымаць кампенсацыю.

«Так, [продаж пакета акцый] сапраўды [разглядаецца] як адзін з варыянтаў», — сказала TUT.BY інфармаваная крыніца. Яна адзначыла, што 42,58% акцый Мазырскага НПЗ ужо належыць расійскай «Слаўнафце», уладальнікамі якой з'яўляюцца «Раснафта» і «Газпром нафта». «Але ў Расіі хочуць поўны кантроль і рэальна кіраваць заводам», — сказаў суразмоўца. Што тычыцца кошту здзелкі, то «пытанне абмяркоўваецца». «Але цалкам заводы ніхто не збіраецца прадаваць. Трэба засцерагчы [ад недружалюбных дзеянняў]», — сказала крыніца.

Варта нагадаць, што ў 2014 годзе ўлады Беларусі ўжо агучвалі ўмовы продажу пакета акцый Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Мінск гатовы быў пакінуць у сябе 25% акцый, выставіўшы на продаж амаль 30% (17,76% акцый завода напрамую і 12% акцый праз выкуп 99,8% ТАА «МНПЗ плюс»). Цана дзяржпакету не ўказвалася, але тады Беларусь ацаніла Мазырскі НПЗ у 4 млрд долараў.

Акрамя таго, пакупнік на працягу пяці гадоў павінен быў цалкам забяспечыць сыравінай і Мазырскі НПЗ, і «Нафтан», пабудаваць яшчэ адзін нафтаперапрацоўчы завод магутнасцю да 8 млн тон у год, насыціць унутраны рынак Беларусі маторным палівам «у аб'ёмах, штомесяц узгодненых з канцэрнам «Белнафтахім», а таксама захаваць колькасць работнікаў Мазырскага НПЗ і высокі ўзровень зарплаты. Але ў выніку купляць пакет акцый беларускага НПЗ ніхто не пажадаў.

TUT.BY

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!