«Мазгабойня» замяніла «Мілавіцу» сярод самых папулярных франшыз з Беларусі

Пасля гадавога перапынку ў ТОП-100 самых папулярных франшыз, якія прадаюцца на расійскім рынку, зноў увайшоў беларускі брэнд.
Ім стала «Мазгабойня» — інтэлектуальная гульня, прыдуманая ў Беларусі.

«Маштабная разумовая гульня, якая аб’ядноўвае людзей ва ўсім свеце» як прывабны бізнес-праект заняла ў ТОП-100 выдання Beboss.ru 75-е месца.

Штогод Beboss.ru аналізуе і складае рэйтынг самых папулярных на расійскім рынку франшыз.

Як сказана ў апісанні «Мазгабойні», яна аб’ядноўвае 12 уласных і 108 франчайзінгавых прадпрыемстваў у 164 гарадах ў 14 краінах. У 2017 годзе ў праведзеных гульнях удзельнічалі 528 475 чалавек.

Гульню ў 2012 годзе прыдумалі і запусцілі ў Мінску Кацярына Максімава і Аляксандр Ханін (ў 2016 годзе сузаснавальнікамі «Мазгабойни» сталі расіяне Сямён Чарнаножкін і Юлія Радзівонава).

З 2014 года праект пачаў маштабавацца шляхам продажу франшызы ў Беларусі (акрамя Мінску гульні праводзяцца ў Баранавічах, Барысаве, Брэсце, Гомелі, Гродна, Магілёве, Мазыры, Маладзечне, Пінску), у Расіі, Украіне, Казахстане, Латвіі, Польшчы, Германіі, Фінляндыі і іншых краінах.

«6 гадоў каманда стваральнікаў выпускае ў свет новую гульню і робіць гэта рэгулярна кожныя два тыдні», — гаворыцца ў апісанні франшызы. Як пазначана, «адным з найважнейшых прыярытэтаў развіцця кампаніі на дадзены момант з’яўляецца стварэнне IT -платформы, якая палягчае задачы вядзення бізнесу для прадстаўнікоў франшызы і якая стварае адзінае інфармацыйнае поле для гульцоў». Кошт франшызы «Мазгабойня» для жадаючых пачаць бізнэс у сферы адпачынку і забаў складае ад 1000 еўра да 10 000 еўра (у залежнасці ад насельніцтва горада). Таксама пакупнік гэтай франшызы абавязваецца штомесяц адлічваць ад 30 да 200 еўра (таксама ў залежнасці ад памеру насельніцтва населенага пункта) і 10% роялці — плату з выручкі.

У 2017 годзе беларускія брэнды не ўвайшлі ў рэйтынг Beboss.ru. Да гэтага года яго рэгулярным удзельнікам была Milavitsa. У 2016 годзе, напрыклад, гэты брэнд займаў 41-е месца па папулярнасці ў расійскіх франчайз.

Што тычыцца лідэра-прадаўца франшызы на расійскім рынку, то ім стала у 2018 годзе сетка піцэрый «Додо Піца», якая пасунула з першага месца харчовыя крамы «Пяцёрачка».

У першую пяцёрку таксама ўвайшлі сетка крам электра-і бензіінструмента, садовай тэхнікі, сілавога і зварачнага абсталявання «220 Вольт», аўтасэрвісы «Вілгуд» і F!T Service, экспрэс-дастаўка і экспрэс-пошта «СДЭК».

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: