Мільён «Чаму?»

«Эканамічная» нарада на гэтым тыдні ў Аляксандра Рыгоравіча нагадала мне старую дзіцячую гульню ў «адгадайку».

Кіраўнік Беларусі задаваў пытанні, а «эканамічны блок ураду» спрабаваў знайсці на яго такія адказы, якія б спадабаліся правадыру.

Напрыклад, Лукашэнка пацікавіўся, чаму інфляцыя ў нас у нармальных паказчыках, долар стаіць, а кошты на пэўныя тавары «шарохаюцца». Чаму не выконваецца загад «усім па пяцьсот»? Чаму мы шмат гадоў фінансуем ільнаводства, а вынікаў з гэтага — нуль? Чаму мы прыкладна столькі ж ствараем малочна-таварныя фермы, а вынікі — як з ільнаводствам? Чаму ніяк не зніжаецца кошт жылля? І гэтак далей.

Сярод гэтых «чаму» былі і даволі парадаксальныя. «Яшчэ ў мінулым годзе мы дамаўляліся, што на кожнае скарочанае працоўнае месца павінна быць створана новае высокапрадукцыйнае. Але ў нас па-ранейшаму прадпрыемствы працягваюць больш звальняць, чым прымаць на працу. У чым справа?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

«Куды сыходзяць людзі? На паперы новыя працоўныя месцы быццам бы і ствараюцца, а на справе суцэльнае ашуканства. Калі гэта не так, хацелася б пачуць адказ на гэтае пытанне», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ад занятасці ён перайшоў да заработнай платы. «Як мы выходзім на запланаваны ўзровень па галінах і рэгіёнах? Ці не пагаршаецца расслаенне грамадства па даходах? Як урад адрэагаваў на маё даручэнне звярнуць асаблівую ўвагу на катэгорыі работнікаў, якія атрымліваюць зарплату па ніжняй мяжы?» — спытаў Лукашэнка. Асобна кіраўнік дзяржавы папрасіў распавесці, які ўзровень зарплаты ў сельскай гаспадарцы, адукацыі, ахове здароўя і культуры.

Што маглі на гэта адказаць «эканамічныя» чыноўнікі? Не скажаш жа праўду: «Сістэма такая». Новыя высокапрадукцыйныя месцы павінен ствараць інвестар, які прывязе ў краіну новыя тэхналогіі. А яны сюды не едуць, тому што няма ўпэўненасці — таго самага «інвестыцыйнага клімату». Яны выдатна бачаць, што было з «Мотавела»: Лукашэнка даў прадпрыемства Аляксандру Мураўёву — Лукашэнка ж яго і забраў, ды яшчэ і Мураўёва пасадзіў. Прыкладна тое ж зараз паўтарылася з Віктарам Пракапенем, які намагаўся набыць «Парытэтбанк». Лукашэнка даў дазвол на яго продаж — а потым сам жа дазвол адклікаў.

Такі вось інвестыцыйны клімат і такая стабільнасць.

Таму чыноўнікі адказалі ў звыклай манеры: «Вось-вось усё будзе». Кабякоў анансаваў павышэнне стаўкі першага разраду, а тое, што ў людзей няма працы, — дык гэта мясцовая вертыкаль сабатуе рашэнні кіраўніка дзяржавы.

А калі гэта «ўсё будзе» — незразумела. Не так даўно мы падобнае ўжо чулі, прынамсі, наконт працаўладкавання. «Усіх працаўладкаваць» было загадана да 1 мая. Тады міністр працы Ірына Касцевіч рапартавала: даручэнне ў тэрмін выканалі. «Мы дайшлі да кожнага чалавека. Хто хацеў, хто мог — той знайшоў працоўнае месца», — адзначала яна.

А зараз беларускі правадыр зноў цікавіцца: адкуль у краіне новыя беспрацоўныя?

Ужо звыклая навіна прыйшла з Расіі. Мы ў чарговы раз узялі там крэдыт на 700 мільёнаў долараў, які нават не пабачым, не тое што не памацаем. Гэта крэдыт у расійскіх рублях, які прызначаны для пагашэння і абслугоўвання дзярждоўгу Беларусі перад Расіяй, то бок ранейшых крэдытаў. Улік запазычанасці пры гэтым будуць весці ў доларах.

Крэдыт выдаецца на дзесяць гадоў, гасіць яго Мінск будзе двума траншамі — 15 красавіка і 15 кастрычніка кожнага года, пачынаючы з 2018-га. Асноўны доўг Беларусь будзе гасіць па графіку плацяжоў, прыведзеным у дадатку: з 2,5% ад сумы ў 2018–2022 гадах (17,5 мільёна долараў кожны плацеж) да 9,5% у красавіку і кастрычніку 2027 года (66,5 мільёна долараў плацеж).

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, «гэты крэдыт — для таго, каб беларускі ўрад не думаў пра рэформы». «Тады Расія зможа выйграць час: праз год-два, калі даўгі будуць велізарнымі, можна будзе за 20–30% сённяшняй цаны набыць нашы паспяховыя прадпрыемствы. Гэта гульня Крамля, які будзе кожны год выкарыстоўваць негатоўнасць беларускага ўрада да рэформаў для таго, каб найбуйнейшыя прадпрыемствы проста перааформіць праз даўгі», — сказаў ён «Еўрарадыё».

Эканаміст параўноўвае такі крэдыт з «дозай для наркамана», каб той проста «не хадзіў да лекара». Такі крэдыт можа часова ўратаваць кар’еры топ-чыноўнікаў, але пазней тыя ўсё адно будуць адказваць, дадае Раманчук.

Пры ўсёй павазе да Раманчука, якога ўхваляе нават Лукашэнка, ён наўрад ці мае рацыю. Таму што нашы прадпрыемствы ўжо можна пераафармляць праз даўгі. Толькі за чэрвень афіцыйная статыстыка зафіксавала скачок запазычанасці рэальнага сектара па крэдытах і пазыках. За адзін месяц доўг вырас на 2,1 мільярда рублёў, то бок больш за мільярд долараў.

На такую суму, як у чэрвені 2017-га, даўгі прадпрыемстваў не раслі ні разу са студзеня 2016-га.

Усё таму, што чэрвень стаў першым месяцам 2017 года, у якім беларускі рубель аслабеў да долара. Калі на 1 чэрвеня курс Нацбанк склаў 1,8642 рубля за 1 долар, то на 1 ліпеня — 1,9396 рубля за 1 долар.

Звыш паловы банкаўскіх крэдытаў намінавана ў замежных валютах. Па дадзеных Нацбанка, на 1 ліпеня ўдзельная вага рублёвых крэдытаў у агульнай суме запазычанасці была роўная 45,3%. Таму цалкам лагічна, што разам са скачкамі курсу вырас і назапашаны абавязак. Паміж 1 чэрвеня і 1 ліпеня запазычанасць па крэдытах і пазыках узрасла на 3,5%.

Прычым, паглядзім, хто «скокнуў». Першыя месцы росту доўгу занялі дрэваапрацоўка і цэлюлозна-папяровая галіна (368 мільёнаў BYN), нафтаперапрацоўка (185 мільёнаў BYN), хімічная прамысловасць (163 млн BYN), машынабудаванне (134 мільёны BYN). То бок, самыя «абласканыя» дзяржавай галіны вытворчасці.

Што падказвае: ад дзяржаўнай ласкі трэба трымацца як мага далей.

Па версіі Белстата, за чэрвень увесь рэальны сектар зарабіў мікраскапічны прыбытак — 15,9 мільёна рублёў. Дарэчы, гэта яшчэ раз паказвае, наколькі асцярожным павінен быць Нацбанк у курсавой палітыцы. Адзін няёмкі рух — і ледзь не ўвесь бухгалтарскі прыбытак закрэдытаваных прадпрыемстваў вылятае ў трубу.

Таму на большасць высокаўладных «чаму» адказаць не атрымаецца. Прынамсі, да таго часу, пакуль сістэма гаспадарання будзе сённяшняй.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: