Мінфін Беларусі рыхтуе бюджэт на 2022 год з дэфіцытам, але спадзяецца, што «мы вытрымаем»

Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту Беларусі ў 2022 годзе плануецца на ўзроўні Br2,9-3 млрд, або 1,6% ВУП, паведаміў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў.


«На жаль, ад дэфіцыту (бюджэту), які склаўся ў гэтым годзе ў бягучай сітуацыі, нам не сысці. Хоць мы думаем, ён будзе меншы (у 2022 годзе), не больш за 1,6% ВУП. У абсалютных лічбах гэта Br2,9-3 млрд. Даходы плануюцца на ўзроўні Br47 млрд. Я думаю, мы гэта вытрымаем», — сказаў Селіверстаў журналістам пасля абмеркавання праекта бюджэту на пасяджэнні ўрада, перадае Інтэрфакс-Захад.

Па словах міністра, асаблівасцю бюджэту 2022 года будзе павелічэнне рэзервовых фондаў, мэтай якіх з’яўляецца абарона выдаткаў бюджэту ва ўмовах узмацнення заходніх санкцый. «Каб улічыць усе магчымыя рызыкі, у тым ліку санкцыйнага характару, плануем крыху больш, чым звычайна, фармаваць рэзервовыя фонды, каб у выпадку неабходнасці скарыстацца іх грашыма. Рэзервовыя фонды будуць фармавацца за кошт накіравання ў іх асобных высокарызыкоўных даходаў і аптымізацыі выдаткаў бюджэту», — сказаў ён.

Каментуючы бягучае зніжэнне дэфіцыту рэспубліканскага бюджэту, Селіверстаў адзначыў, што «эканоміка прырастае лепш, чым першапачаткова планавалася, адпаведна, гэта не можа не адбіцца на паступленні дадатковых даходаў». «Рост эканомікі ў 2021 годзе ацэньваецца на ўзроўні 2-3%, адпаведна, ёсць і дадатковыя даходы. Выніковая лічба дэфіцыту бюджэту будзе меншая, чым планавая, якая складае Br6 млрд», — дадаў міністр.

Як паведамлялася, дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту Беларусі ў студзені-ліпені 2021 года склаў Br0,5 млрд і знізіўся да 0,5% ВУП з 2% ВУП у першым паўгоддзі.

Парламент Беларусі прыймаў бюджэт на 2021 год з дэфіцытам Br4 млрд, або 2,6% прагнознага ВУП. Між тым, па дадзеных Мінфіна, па стане на канец ліпеня удакладненыя параметры бюджэту (якія не патрабуюць заканадаўчай карэкціроўкі) прадугледжваюць рост дэфіцыту ў параўнанні з раней зацверджаным у 1,5 разы — да Br6 млрд пры даходах Br23,76 млрд і выдатках Br29,76 млрд.

У 2020 годзе рэспубліканскі бюджэт упершыню за 7 гадоў быў выкананы з дэфіцытам, які склаў амаль Br1,9 млрд, або 1,3% ВУП. У 2019 годзе рэспубліканскі бюджэт Беларусі выкананы з прафіцытам Br3,2 млрд, або 2,4% ВУП.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: