Мінфін Беларусі выступіў за адмену падатковых ільгот, бо ў бюджэце бракуе грошай

З улікам рызык для выканання бюджэту неабходна скасаваць шэраг падатковых ільгот, заявіў першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко ў ведамасным часопісе «Фінансы, улік, аўдыт».


Паводле слоў чыноўніка, якія цытуе «Радыё Свабода» са спасылкай на «БелаПАН», рызыкі для выканання бюджэту ствараюць «дадатковыя выдаткі на ахову здароўя, выкліканыя каронавірусам».

У гэтых абставінах, адзначыў Дзмітрый Кійко, Міністэрства фінансаў імкнецца забяспечыць збалансаванасць бюджэтаў усіх узроўняў. У якасці асноўнага вонкавага фактару, які стварае новыя выклікі, ён назваў уплыў рэалізаванага ў Расіі падатковага манеўру ў нафтавай сферы.

«З улікам цяперашняга становішча дзяржаве неабходна пайсці на парадкаванне множных падатковых рэжымаў шляхам трансфармацыі ў адзіную сістэму падтрымкі прадпрымальніцкай дзейнасці, у тым ліку яе замацаваннем ў Падатковым кодэксе», — адзначыў намеснік міністра.

Акрамя таго, ён піша, што цяпер наспела пашырэнне падатковай базы за кошт адмены ільгот. Паводле «БелаПАН», памер падатковых ільгот у 2020 годзе ўлады ацэньвалі ў 5% ВУП.

«Галоўная мэта — ліквідаваць прэферэнцыі для абраных, стварыўшы камфортныя ўмовы для ўсіх суб’ектаў гаспадарання, якія выключаюць падаткаабкладанне інвестыцый і забяспечваюць паступленне ў бюджэт толькі з рэальна атрыманых даходаў», — падкрэсліў Дзмітрый Кійко.

Ён таксама адзначыў, што яго ведамства плануе пашырыць удзел малога і сярэдняга бізнесу ў даходах бюджэту.

У 2021 годзе дзяржаўны бюджэт Беларусі выконваецца з дэфіцытам. Па выніках студзеня-красавіка выдаткі перавысілі даходы амаль на 750 млн. рублёў.

Першапачаткова бюджэт на 2021 год быў сфармаваны з дэфіцытам у 4 млрд. рублёў. Пазней дэфіцыт павялічылі да 5,6 млрд. рублёў. Аднак цяпер яго велічыня ацэньваецца Міністэрствам фінансаў у 6 млрд. рублёў.

З каронавірусам мы жывём ужо год, і бюджэт на 2021-ы мы прымалі ўжо ва ўмовах пандэміі. А пра расійскі «падатковы манеўр» мы ведаем ужо больш за пяцігодку. Таму «рызыкі для выканання бюджэту», агучаныя спадаром Кійко, выклікаюць толькі іранічную ўсмешку — як і яго заява пра тое, што на ахову здароўя ідуць нейкія «дадатковыя выдаткі».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: