Мінфін РФ: Пытанне аказання фінансавай падтрымкі Беларусі працягне абмяркоўвацца

Пытанне аказання фінансавай падтрымкі Беларусі "працягне абмяркоўвацца", паведаміў журналістам намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Сторчак паводле вынікаў пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, што прайшло 25 лютага ў Мінску.



Фота pravdanews.info


Намеснік кіраўніка Мінфіна Расіі пацвердзіў, што ў чацвер падчас сустрэчы прэзідэнтаў Расіі і Беларусі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі гэтае пытанне ўзнімалася, аднак канчатковых рашэнняў прынята не было.



"Дыскусія па пытанні будзе працягнутая. Пытанне яшчэ будзе абмяркоўвацца", — прыводзіць словы Сторчака ТАСС.


Як паведамляў БелаПАН, у размове з журналістамі перад пачаткам ВДС міністр фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын на пытанне, ці будзе абмяркоўвацца гэтая тэма, адказаў унікліва: "Паглядзім". У той жа час ён пацвердзіў зацікаўленасць беларускага боку ў атрыманні новага крэдыту ў 2 млрд. долараў для падтрымання золатавалютных рэзерваў ва ўмовах пагашэння знешняга і ўнутранага валютнага доўгу.


На нарадзе з урадам Беларусі 16 лютага Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра абяцаную фінансавую дапамогу з боку Расіі ў выглядзе рэфінансавання крэдытаў і пазык у Еўразійскага банка развіцця.


"Расіяне, пры ўсёй складанасці, вуснамі і прэм'ера, і прэзідэнта Расіі, з якімі я двойчы сустракаўся за тыдзень, проста сказалі: у нас няма іншага выйсця, як падтрымліваць Беларусь, таму што нашы там інтарэсы, мы шмат у чым залежым ад Беларусі", — адзначыў Лукашэнка.


Ён нагадаў пра свой нядаўні візіт у Расію і сказаў, што "былі праведзеныя сур'ёзнейшыя перамовы з вышэйшым кіраўніцтвам". "Сітуацыя няпростая, але не смяротная. І яны кажуць: так, не смяротная ні ў вас, ні ў нас. Але мы бачым нейкія разрывы ў фінансаванні і гэтак далей, мы дапаможам, у плане рэфінансавання і запазычання праз Еўразійскі банк развіцця", — паведаміў Лукашэнка.


Беларусь ужо прыблізна год вядзе перамовы аб атрыманні новага крэдыту Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця. Яго сродкамі, якія больш як на 80% сфарміраваныя з расійскіх рэсурсаў, кіруе Еўразійскі банк развіцця. Першапачаткова гаворка ішла пра крэдыт у 3 млрд. долараў. Пазней падчас перамоў сума была зніжаная да 2 млрд. долараў. Разам з тым у снежні 2015 года савет фонду прыняў рашэнне адкласці выдзяленне новай пазыкі Беларусі.
 
 
Аляксей Арэшка, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!