Міністэрства па падатках і зборах разлічвае атрымаць у 2018 годзе 4 млн долараў ад «падатку на Google»

Міністэрства па падатках і зборах чакае, што у 2018 годзе бюджэт атрымае 4 млн долараў ад увядзення падатку для замежных кампаніяў, якія рэалізуюць на тэрыторыі Беларусі мабільныя праграмы, музыку, электронныя фільмы і гульні, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на БелаПАН.
© Fotolia / Ammentorp

© Fotolia / Ammentorp

Такая ацэнка прыводзіцца ў артыкуле прадстаўніцы МПЗ, апублікаваным у апошнім нумары часопіса «Фінансы, улік, аўдыт», які выдае Міністэрства фінансаў.

«Прагназаваць, колькі сродкаў дадаткова атрымае бюджэт ад „падатку на Google“, пакуль рана. Усё залежыць ад колькасці замежных арганізацыяў і паслуг, якія яны аказваюць. Паводле ацэнак, колькасць такіх кампаніяў складзе каля сотні, а аб’ём паступленняў — каля 4 млн долараў», — адзначыла ў артыкуле намеснік начальніка аддзелу міжнародных адносінаў упраўлення міжнароднага падатковага супрацоўніцтва МПЗ Святлана Высоцкая.

На яе думку, больш яснай карціна з паступленнем бюджэту ад «падатку на Google» стане ў красавіку 2018 году, пасля здачы дэкларацый па выплаце ПДВ за першы квартал замежнымі арганізацыямі, якія аказваюць паслугі на тэрыторыі Беларусі.

Паводле Высоцкай, ажыццяўляць функцыі адміністравання будзе толькі адна інспекцыя — Інспекцыя МПЗ па Минску. Прадстаўляць дэкларацыю па ПДВ, як і выплачваць падатак, неабходна будзе штоквартальна. Стаўка падатку ўстаноўленая ў памеры 20%, што адпавядае агульнай стаўцы, якая ўжываецца ў Беларусі. Выплата падатку на паслугі, якія прадстаўляюцца ў электроннай форме замежнымі кампаніямі, будзе ажыццяўляцца праз асабісты кабінэт на сайце Міністэрства па падатках і зборах.

Зь 1 студзеня замежныя арганізацыі, якія аказваюць электронныя паслугі фізычным асобам у Беларусі, павінны выплачваць у беларускі бюджэт падатак на даданую вартасць. Пад электронныя паслугі, пры рэалізацыі якіх павінен выплачвацца ПДВ, падпадаюць паслугі, звязаныя з продажам праз інтэрнэт кампутарных праграм, гульняў, музыкі, фільмаў, электронных кніг і іншага лічбавага кантэнту. Адной з найбуйнейшых пляцовак, на якой аказваюцца такія паслугі, выступае маркетплэйс Google, таму спагнанне ПДВ з аказаных там паслуг у народзе назвалі называць «падаткам на Google».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!