Міністр энергетыкі Літвы заклікаў Украіну спыніць імпарт электрычнасці з Беларусі

Міністр энергетыкі Літвы Дайнюс Крэйвіс на сумесным пасяджэнні знешнепалітычных камітэтаў украінскага і літоўскага парламентаў, якое прайшло 24 лютага ў анлайн-фармаце, заклікаў Украіну спыніць імпарт электрычнасці з Беларусі.


У паведамленні на сайце Камітэта па замежных справах Сейма Літвы гаворыцца, што ўдзельнікі пасяджэння абмяркоўвалі пагрозы, якія зыходзяць ад Беларускай АЭС. Так, на сустрэчы было заяўлена, што пасля аднаўлення паставак электраэнергіі з Беларусі і Расіі з пачатку 2021 года імпарт Украіны вырас і дасягнуў 5% ад агульнага электраспажывання краіны. Пры гэтым найбольшая доля імпарту прыходзіцца на Беларусь, перадае naviny.online.

Літоўскі міністр энергетыкі падзяліўся з удзельнікамі пасяджэння занепакоенасцю тым, што БелАЭС стварае пагрозу бяспекі не толькі Літве, але і іншым краінам. Паводле яго слоў, атамная станцыя ў Астраўцы, што распачала працу, ўжо сутыкалася з непаладкамі і збоямі ў працы, якія «выклікаюць сур'ёзную заклапочанасць і паказваюць на праблемы з бяспекай станцыі».

Крэйвіс заявіў, што спыненне гандлю электраэнергіяй з Беларуссю, якая эксплуатуе небяспечную АЭС, з’яўляецца неабходнай умовай для спынення будаўніцтва другога энергаблока. «Астравецкая АЭС з’яўляецца геапалітычным праектам і нашай агульнай пагрозай, таму я заклікаю сваіх украінскіх калег праявіць салідарнасць, каб спыніць яе далейшую будоўлю», — заявіў кіраўнік энергетычнага ведамства Літвы.

У сярэдзіне 2019 года ва Украіне быў сфармаваны новы электраэнергетычны рынак, і замежныя вытворцы электрычнасці, уключаючы дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне «Белэнерга», атрымалі магчымасць прадаваць яго украінскім кампаніям-трэйдарам.

За другую палову 2019 года Беларусь экспартавала ва Украіну 852 млн. 137,3 тыс. кілават-гадзін электраэнергіі на 45,57 млн. долараў. Аднак з пачатку 2020 года Украіна стала планамерна зніжаць куплю беларускай электраэнергіі, пакуль цалкам ад яе не адмовілася да мая. У выніку аб'ём гадавых паставак склаў 152,308 млн. кВт/г.

5 студзеня 2021 года кампанія «Укрэнерга» паведаміла аб аднаўленні імпарту беларускай электраэнергіі ў гандлёвую зону аб'яднанай энергасістэмы Украіны. Гэты крок быў аргументаваны тым, што рашэнне Нацыянальнай камісіі Украіны, якая ажыццяўляе дзяржрэгуляванне ў сферы энергетыкі і камунальных паслуг, аб прыпыненні імпарту з Беларусі, прынятае ў красавіку 2020-га з-за рызыкі негатыўных для энергасістэмы наступстваў распаўсюджвання COVID-19, страціла сілу 1 студзеня 2021 года.

Украінскі міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба на сумеснай прэс-канферэнцыі з літоўскім калегам Габрыэлюсам Ландсбергісам 23 лютага ў Кіеве паведаміў, што Украіна мае намер адлучыцца ад энергасістэм Беларусі і Расіі да канца 2023 года. Пасля гэтага, паводле яго слоў, якія-небудзь ператокі электраэнергіі з Беларусі стануць фізічна немагчымымі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: