Мінпрацы абвяргае, што студзеньскія заробкі масава знізіліся

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны праверыла масавыя паведамленні аб зніжэнні зарплаты за студзень і зрабіла каментарый, што большасць з іх не пацвердзіліся.
У ведамстве распавялі, што кожны дзень з розных крыніц (прамая тэлефонная лінія, электронная пошта, сацыяльныя сеткі, СМІ) паступае каля 10-15 зваротаў па пытаннях налічэння заработнай платы і растлумачэння заканадаўства. «Пасля праверкі ўваходзячых паведамленняў можам сказаць: большасць фактаў зніжэння заработнай платы за студзень не пацвярджаецца», — заявілі ў міністэрстве ўрадаваму інфармагенцтву БЕЛТА. У прыватнасці, такія вынікі праверак заяў ад настаўнікаў сярэдніх школ Дрыбінскага раёна, Баранавіч і Гродна, выхавальнікаў ясляў-сада з Магілёва, медсястры з Оршы і іншых.

Акрамя таго, для вывучэння сітуацыі па налічэнні заработнай платы Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці выбарачна вывучыў зарплатныя ведамасці ў дзвюх гродзенскіх установах аховы здароўя. Параўноўваліся лістападаўскія, снежаньскія і студзеньскія разліковыя лісты па кожным чалавеку. Інфармацыя аб зніжэнні заработнай платы пасля перагляду схемы налічэння не пацвердзілася.

«Пры гэтым асобныя факты няправільнага налічэння работнікам заработнай платы ўсё ж маюць месца. Так было, напрыклад, у выпадку з педагогам-псіхолагам са Светлагорска. Пры налічэнні зарплаты за студзень па новых умовах не была ўлічана надбаўка, якая ўлічвае галіновыя асаблівасці педагагічнай дзейнасці. У выніку адбылося зніжэнне зарплаты на Br71. Гэта сума ўключана ў заработную плату за студзень бягучага года ў выглядзе надбаўкі за высокія дасягненні ў працы і выплачана 11 лютага», – расказалі ў Мінпрацы.

У выпадку настаўніка з Турава пры параўнанні зарплат высветлілася, што прэмія ў памеры 20 працэнтаў, налічаная ў снежні 2019 года, не была ўлічана пры вызначэнні памеру заработнай платы за студзень. У выніку адбылося зніжэнне студзеньскай зарплаты да снежаньскай на Br56. Названая сума даплачана да зарплаты за студзень.

Яшчэ адзін факт зніжэння выяўлены і выпраўлены ў Крычаве. Цэнтралізаванай бухгалтэрыяй праведзены пераразлік, сума, што падлягае даплаце настаўніку-дэфектолагу, у памеры Br100,71 выплачана 12 лютага. Зніжэнне зарплаты адбылося па прычыне невыканання памераў стымулюючых выплат за адзін і той жа паказчык (надбаўка, якая ўлічвае галіновыя асаблівасці педагагічнай дзейнасці ва ўмовах 2019 года, і надбаўка за характар працы ва ўмовах 2020 года).

«Такім чынам, факты няправільнага налічэння заработнай платы маюць месца. Але яны не маюць масавага характару і звязаны з чалавечым фактарам – памылкамі бухгалтарскіх службаў, – рэзюмавалі ў Мінпрацы. – Лічым, гэта сітуацыя звязана з недастатковай інфармаванасцю работнікаў: у шэрагу выпадкаў кіраўнікі арганізацый і бухгалтарскія работнікі на месцах былі не гатовы даць работнікам кампетэнтныя і даступныя растлумачэнні».

Пры гэтым у Мінпрацы звяртаюць увагу на тое, што заработная плата работнікаў бюджэтных арганізацый – складаная і шматфактарная сістэма. Каб разбірацца ў нюансах яе налічэння, трэба мець адпаведныя навыкі, а таксама ведаць нарматыўныя прававыя акты па гэтым пытанні, і, што самае галоўнае, правільна іх прымяняць. «Цяпер жа многія спрабуюць каменціраваць новую сістэму налічэння заработнай платы, нават не валодаючы элементарнымі ведамі ў гэтай сферы. Некампетэнтныя меркаванні атрымліваюць распаўсюджванне, выклікаючы нездаровы ажыятаж», – падкрэслілі ў Мінпрацы.

Маніторынг сітуацыі з выплатай заработнай платы працягваецца. Мінпрацы прымае звароты па тэлефоне на гарачую лінію – 8 (017) 309-9-309; на электронную пошту – mlsp@mintrud.gov.by; у групу Мінпрацы ў сацыяльных сетках – Укантакце, Facebook, Аднакласнікі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: