«Мінсктранс» рыхтуе новаўвядзенні: «Усё накіравана на тое, каб людзей прымусіць плаціць»

Кампосцеры і валідатары у аўтобусах Мінска збіраюцца блакаваць адразу пасля пачатку руху, паведаміў TUT.BY пра планы «Мінсктрансу».

 

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Сістэму аплаты ў аўтобусах Мінска будуць блакаваць, як толькі транспартны сродак ад'едзе ад прыпынку. Гэтую інфармацыю TUT.BY пацвердзілі ў «Мінсктрансе».

У некаторых аўтобусах у Мінску ўжо гучыць новая абвестка — пра тое, што аплату праезду трэба здзяйсняць да пачатку руху транспарту. А падчас руху сістэма будзе блакавацца і аплаціць праезд ужо немагчыма.

У «Мінсктрансе» інфармацыю пацвердзілі: абвесткі ўжо пусцілі ў аўтобусах, але кампосцеры і валідатару пакуль не блакуюць.

У правілах перавозкі пасажыраў аўтобусамі напісана, што трэба аплачваць праезд да пачатку паездкі, — адзначыў намеснік гендырэктара «Мінсктрансу» Віктар Тозік. — Так, сапраўды, сістэма будзе блакавацца, каб пасажыры не стаялі каля дзвярэй, не чакалі, калі ўбачаць кантралёра на бліжэйшым прыпынку, каб хуценька закампаставаць талон. Усё накіравана на тое, каб людзей прымусіць плаціць, каб ніхто не ездзіў зайцам.

Прадстаўнік «Мінсктрансу» лічыць, што ніякай мітусні каля ўваходу не будзе, таму што валідатараў ў салоне аўтобусаў «дастаткова».

У нас гэтыя валідатары вісяць на ўсіх дзвярах па два — што перашкаджае аплаціць? Працаваць будзе так: кіроўца глядзіць у люстэрка, націскае кнопку — гучыць абвестка, што дзверы зачыняюцца, пачынае ехаць. Пасля пачатку руху, секунд за 15, сістэма будзе блакавацца.

Сярод чытачоў, што вырашылі пакінуць каментар пад гэтай навіной на пляцоўцы talks.by, падтрымкі ініцыятыва «Мінсктрансу» не знайшла: «Чыноўнікі ў нас не на грамадскім транспарце ездзяць, а на службовых Таётах і Аўдзі, а таму вельмі-вельмі далёкія ад праблем грамадскага транспарту, як, зрэшты, і ад праблем грамадства».

Пасля нядаўняга дазволу кантралёрам спыняць транспарт паміж прыпынкамі новы квэст ад «Мінсктрансу» «Паспей за 15 секунд» наўрад ці мог быць сустрэты грамадствам прыхільна. Да таго ж сёння, 3 лютага, паведамілі, што з 4 лютага ў наземным транспарце нельга будзе аплачваць праезд бескантактавымі банкаўскімі карткамі. Гэту сістэму больш за паўгода тэставалі ў трамваі № 6 Мінска, дзе праезд можна было аплаціць бескантактавай банкаўскай картай. Такую сістэму планавалі распаўсюдзіць на ўвесь наземны транспарт, аднак нешта не склалася. Транспартнікі сказалі, што не задаволеныя найперш адкладзеным спісваннем плацяжоў: у іх нібыта не сыходзіліся лічбы па колькасці пасажыраў, якія скарысталіся паслугай.

«Лепш бы скарацілі штаты непатрэбных кіраўнікоў, бо хутка на кожнага кіроўцы будзе па два начальнікі», — адзначаюць мінчукі.

«Божачкі! Зноў "геніяльныя ідэі" “крэпкіх гаспадарнікаў... калі яны ўжо з’вядуцца, гэтыя «топ-менеджэры»? Суцэльная шкода ад такіх генератараў ідэй. Навошта ствараць нязручнасці пасажырам !? Грамадскі транспарт павінен быць максімальна зручным і камфортным, каб змяншаць аўтамабілізацыю, павялічваць лаяльнасць да грамадскага транспарту, прапускную здольнасць, дазваляюць абнаўляць рухомы склад, будаваць новыя пасадачныя вузлы і г.д.».

«А нічога што і так грашыма на праязных загадзя карыстаюцца, яшчэ і квэст аплаці за 12 секунд асабліва людзям сталага веку, з глуздоў паз’язджалі, ці што?»

«Гэтыя інавацыі прыдумляюць тыя, хто ў грамадскім транспарце не ездзіць, калі заходзіць чалавек 30 і больш у аўтобус на некаторых прыпынках… гэта проста жах! Як гаварыцца, краіна для жыцця!»




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: