Мясніковіч: мадэль развіцця промкомплекса сябе вычарпала

На пасяджэнні Саўміна кіраўнік урада Міхаіл Мясніковіч заявіў, што ў Беларусі традыцыйная мадэль развіцця прамысловага комплексу вычарпала сябе і трэба прыняць рашучыя меры па яго аздараўленні і глыбокай рэструктурызацыі.



Паводле яго слоў, пра гэта сведчаць вынікі мінулага года і чатырох месяцаў, перадае БелТА. Прэм'ер адзначыў, што пакуль што варыянтаў выпраўлення сітуацыі ў прамысловасці, вядучай галіны краіны, няма ні ў мінэканомікі, ні ў Мінпрама, хоць сітуацыя ў галіны складаная.

Доля Мінпрама ў агульным аб'ёме прамысловай вытворчасці зніжаецца і за тры пяцігодкі скарацілася на 5,5 працэнтнага пункта (з 20,3% да 14,8%), за чатыры месяцы гэтага года звалілася яшчэ на 2 працэнтныя пункты — да 12,8%, нагадаў прэм'ер-міністр.

Міхаіл Мясніковіч даручыў першаму віцэ-прэм'еру Беларусі Уладзіміру Сямашку арганізаваць працу і запатрабаваў прадставіць канцэптуальныя падыходы па вырашэнні праблем прэзідыуму Саўміна не пазней за чэрвень.

Кіраўнік урада адзначыў, што холдынгі, на якія рабілі стаўку, рэальна пакуль яшчэ не запрацавалі з-за няправільнага падыходу да іх стварэння. Часцяком гаворка ідзе толькі аб механічным аб'яднанні некалькіх прадпрыемстваў, сказаў ён.

Міхаіл Мясніковіч папрасіў кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта аказаць садзейнічанне па праекце ўказу аб зменах ва ўмовах функцыянавання холдынгаў у Беларусі, які ўрад ужо ўнёс на разгляд кіраўніка дзяржавы.

telegraf.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!