Беларусь ваюе за мяса

Вытворчасць мяса ў Беларусі значна пераўзыходзіць унутранае спажыванне, таму ёсць што прадаваць за мяжу. Пераважна гэта ялавічына ды кураціна. Кошт пытання па валютнай выручцы апошнімі гадамі — блізу 1 мільярда долараў. У экспарце харчавання гэта другая пазіцыя пасля «малочкі», якая прадаецца за мяжу на суму амаль 3 мільярды долараў. Але ў 2019 годзе мясны экспарт упаў. Прычына — у Расіі.

Фота www.dneprovec.by

Як і ў большасці галінаў эканомікі Беларусі, асноўны напрамак экспарту нашага мяса і мясных прадуктаў — Расія. На тамтэйшы рынак апошнім часам прыпадала больш за 90% экспартных паставак. Крытычна шмат, як бы парадаксальна гэта ні гучала. Асабліва ўлічваючы рэгулярныя гандлёвыя войны паміж Мінскам і Масквой. Мінулы год не стаў выключэннем.

Мясныя санкцыі

У выніку гэтых войнаў, паводле дадзеных Белстату, па вазе мясны экспарт у Расію за перыяд са студзеня па лістапад 2019 года склаў усяго толькі 81% у параўнанні з аналагічным перыядам 2018-га. Што да грашовага вымярэння, то тут паказчык яшчэ горшы — 78%.

Увоз беларускай мясной прадукцыі Рассельгаснагляд забараняе з непрыемнай рэгулярнасцю. Забараняльныя рашэнні былі прынятыя ўжо і ў гэтым годзе. Пад санкцыі трапіла прадукцыя агракамбіната «Нясвіжскі» (ялавічына) — праз паўторнае перавышэнне колькасці мікраарганізмаў, па якой ускосна можна меркаваць пра бяспеку прадуктаў і санітарны стан прадпрыемства, адзначыла расійскае ведамства.

Апрача таго, яно таксама прыпыніла ветэрынарную сертыфікацыю ялавічыны шэрагу іншых прадпрыемстваў пасля выяўлення яе паставак з тэрыторыі Беларусі з нечытэльнымі таўрамі і прыкметамі перамаркіроўкі. Тое, маўляў, «можа сведчыць, што пад выглядам беларускай прадукцыі пастаўлялася прадукцыя трэціх краінаў, у тым ліку з Украіны ды іншых дзяржаў з нестабільнай эпізаатычнай сітуацыяй». Гэта тычыцца мясакамбінатаў у Бабруйску, Паставах, Мёрах, Бярозе, Слуцку.

Пад узмоцнены лабараторны кантроль патрапілі каўбасы Гродзенскага мясакамбінату і вырабы з ялавічыны фірмы «Акмідол», у якіх раней расіяне выявілі антыбіётыкі.

У 2019 годзе падобных выпадкаў, калі расійскі бок выяўляў неналежную якасць беларускіх мяса і мясных выбараў, былі дзясяткі. Эксперты беларускай мясной прамысловасці наракаюць, што Расія выкарыстоўвае ветэрынарныя нормы для падтрымкі сваіх вытворцаў праз абмежаванні для нашых прадпрыемстваў-экспарцёраў. Прычым, калі вывучыць зводкі Рассельгаснагляду, то відавочна, што пад асаблівым кантролем менавіта беларускія пастаўшчыкі. Калі эканамісты кажуць пра гэта як пра наступства паступовага скарачэння Расіяй імпарту мясной прадукцыі, то палітолагі — пра прымус Беларусі такім чынам, як і гандлёвымі войнамі па іншых відах харчавання, да «глыбокай інтэграцыі». Зрэшты, рашэнні расійскі бок быццам бы прымае на падставе лабараторных даследаванняў і вывучэння грузасуправаджальных дакументаў. І час ад часу просіць праводзіць інспекцыі на падазроных прадпрыемствах у нашай краіне.

Так, год таму, узімку 2019 года, Рассельгаснагляд правёў маштабную праверку нашых мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Галоўная выснова — устанаўленне сувязі паміж павелічэннем колькасці паставак ялавічыны ў Расію з Беларусі і ўвозам яе з Украіны на адрасы беларускіх прадпрыемстваў. То-бок, паводле высноў інспектараў, на большасці правераных прадпрыемстваў насамрэч не ажыццяўляўся працэс перапрацоўкі прадукцыі, а толькі перафасоўка, распілоўка і беспадстаўнае змяненне наймення прадукцыі. А вытворцамі прадукцыі з’яўляліся прадпрыемствы, якія ці адсутнічаюць у Рэестры кампаніяў, атэставаных паводле нормаў ЕАЭС, ці знаходзяцца там, але пастаўкі з іх часова абмежаваныя, ці наогул месцяцца на тэрыторыі Украіны.

Што да згадвання Украіны, то палітычнай падкладкі тут няма. Нягледзячы на ваенны канфлікт, гандаль паміж Украінай і Расіяй ідзе вялікім аб’ёмамі. Напрыклад, Украіна ўваходзіць у тройку краінаў разам з В’етнамам і Казахстанам, куды Расія найбольш экспартуе мяса птушкі, і займае першае месца ў расійскім экспарце свініны.


Накарміць Кітай

Дарэчы, Беларусь — асноўны пастаўшчык ялавічыны ў Расію. Да нядаўняга часу наша доля складала 40% расійскага імпарту гэтага віду мяса. На другім месцы — Парагвай. Яшчэ большая доля Беларусі па ўвозе ў Расію мяса птушкі — 60%, далей ідзе Бразілія. А вось па свініне мы толькі чацвёртыя.

У 2019 годзе некалькі працэнтаў па долі прысутнасці на расійскім рынку нашай ялавічыны і кураціны мы згубілі. Найбольш пацярпелі Барысаўскі мясакамбінат, у адносінах да якога была накладзена забарона на ўвоз мясной прадукцыі ў Расію з лютага па жнівень, і Брэсцкі мясакамбінат, датычна якога санкцыі дзейнічалі з траўня па жнівень.

Што рабіць? Дыверсіфікаваць экспарт. І гэтым кіраўніцтва Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання разам з дырэктаратам мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў займаюцца. Асноўны ўхіл робіцца на агромісты рынак Кітая.

Экспарт мяса і мясной прадукцыі наладзіць больш складана, чым таго самага малака і малочных прадуктаў. І пакуль мясны экспарт Беларусі — гэта два дзясяткі дзяржаў, а малочны — больш за паўсотні. Справа ў тым, што ўмовы прасоўвання і сертыфікацыі мяса і мясных вырабаў больш жорсткія. На новых рынках свае санітарна-гігіенічныя правілы, пачынаючы ад забою скаціны. Ёсць і іншая рэгіянальная спецыфіка — стандарт «халяль», калі вытворчасць харчавання павінна быць арганізаваная паводле тэхналогіяў так, каб быць дазволенай для ўжывання мусульманамі. То-бок, жывёла павінна быць забітая гуманным чынам па канонах ісламу, выключаецца нейкі кантакт са свінінай — гэта значыць, патрэбныя цэхі паасобнага забою, не дапускаюць розныя дабаўкі. Напрыклад, Саудаўская Аравія вымагае, каб курыца на мяса была забітая ўручную, а пры гэтым патрэбныя вялікія аб’ёмы паставак, каб перакрыць сертыфікацыйныя і транспартна-лагістычныя выдаткі.

Калі Расія ўводзіць санкцыі на тры месяцы ці паўгода, то пазбавіцца доступу на кітайскі рынак у выпадку выяўлення нейкай заразы ў беларускай прадукцыі можна на тэрмін працягласцю мінімум на адзін год. А гэта важнае пытанне ўстойлівасці паставак: адсутнічаў на нейкім рынку працяглы час — цябе ва ўмовах сусветнай канкурэнцыі хутка заменяць.

Зрэшты, пакуль Беларусь заходзіць у Кітай са сваёй сельскагаспадарчай прадукцыяй шпаркімі тэмпамі. Яе экспарт туды ў 2019 годзе павялічыўся больш як на 50%. Прычым, як заявіў пры канцы мінулага года на беларуска-кітайскім бізнес-форуме ў Шанхаі кіраўнік Мінсельгасхарчу Анатоль Хацько, асноўны трэнд — акурат пастаўкі мясной прадукцыі. Яе аб’ёмы павялічыліся ў некалькі дзясяткаў разоў. Значна вырасла колькасць акрэдытаваных на гэта прадпрыемстваў, пада­дзеныя новыя заяўкі. Дарэчы, Беларусь стала першай у СНД краінай, якой дазволілі пастаўкі ў Кітай ялавічыны. Увогуле, такое права ў свеце атрымалі на сёння толькі паўтара дзясяткі краін. Таму прагноз на 2020 год пазітыўны — працяг тэндэнцыі росту мяснога экспарту.


Мармуровае мяса

Дарэчы, на хвалі экспартных поспехаў апошнімі гадамі ў Беларусі вялікая ўвага надаецца вытворчасці ялавічыны прэміум-класу — мармуровай. Але вынікі пакуль так сабе. Вытворчасць мармуровай ялавічыны, якая лічыцца каралевай мясных далікатэсаў, запушчана ў нас на ўстаноўку Аляксандра Лукашэнкі: «Трэба сваіх людзей прывучаць да нармальнага мяса і лішкі рэалізоўваць у Маскву».

Мармуровае мяса — гэта мяса з тлушчавымі праслойкамі, якія, раўнамерна размяшчаючыся па кавалку, надаюць яму тэкстурна выгляд мармуру. Падчас прыгатавання стэйкаў гэтыя тлушчавыя палоскі растапляюцца, і мяса робяцца мяккім і духмяным. Мармуровасць мяса дасягаецца праз селекцыю жывёлаў і адмысловае іх кармленне. Вытворцы зарабляюць не толькі на продажы мяса, але і на племянной скаціне мясных пародаў з прыгожымі назвамі — напрыклад, абердзін-ангускай.

Праўда, хаця ў Беларусі такія быкі ёсць, але вось мармуровага мяса на прылаўках крамаў не бачна. І ў рэстаранах мармуровыя стэйкі — з імпартнай сыравіны. Прычына — больш выгадна прадаваць племянных быкоў для жывёлагадоўлі, чым рэзаць іх на мяса. Бо мармуровае мяса — гэта не ўся жывёліна, а толькі некалькі цягліц на яе спіне. Усяго 10% ад тушы.

Так што заданне кіраўніка Беларусі не выконваецца: у мясных крамных аддзелах пакуль беларусам прапануецца расійская мармуровая ялавічына.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: