Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Моц і квітненне на паперы

Як кажуць, ёсць хлусня, ёсць вялікая хлусня, а ёсць статыстыка. Найбольш крэатыўна падышоў да гэтага выслоўя Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь.

Паводле яго дадзеных, золатавалютныя рэзервы краіны паводле стандартаў Міжнароднага валютнага фонду за красавік павялічыліся на 1,8% і дасягнулі на 1 мая 5 108,7 мільёна долараў (у эквіваленце).

Рэзервы ў нацыянальным вызначэнні павялічыліся на 263,4 мільёна (4,9%), да 5 672,5 мільёна долараў.

Але якім чынам такое павелічэнне было дасягнута? Рост рэзерваў у вызначэнні МВФ быў выкліканы ўсяго толькі павелічэннем кошту манетарнага золата. У той жа час, кошт золата на рахунках у замежных банках, якое ўваходзіць у склад рэзерваў у нацыянальным вызначэнні, у красавіку знізіўся ў параўнанні з сакавіком на 98,1 мільёна долараў

То бок, Нацбанк перавёў золата з рахункаў у замежных банках (з нацыянальных рэзерваў) у манетарную форму, гэта зна­чыць, у склад рэзерваў у вызначэнні МВФ, што і прывяло да росту апошніх. Калі б ён не ажыццявіў гэтую аперацыю, рэзервы ў вызначэнні МВФ у красавіку маглі б знізіцца.

Такім чынам, нашы ЗВР насамрэч не падняліся. Яны засталіся тымі ж, як і былі. Сёння манетарнае золата даражэе, заўтра таннее — і ўсё гэта адбіваецца на нашых актывах. Дык ці варта было рапартаваць пра дасягненні?

У Нацбанку пра гэтую аперацыю не паведамілі. Там адзначылі, што росту рэзерваў спрыяла павелічэнне цэн на золата на сусветным рынку, паступленне трэцяга траншу фінансавага крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця ў памеры 300 мільёнаў долараў, купля Нацбанкам замежнай валюты на Беларускай валютна-фондавай біржы, а таксама прыцягненне сродкаў ад продажу Мінфінам і Нацбанкам валютных аблігацый і паступлення ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты.

Падаецца, пра беларускую статыстыку трэба забыцца. І ўважліва сачыць толькі за тэндэнцыямі. А тэндэнцыі не вельмі радуюць.

Краіна адзначыла чарговы Дзень Перамогі. Гэта, падаецца, было ці не самае сціплае свята за апошнія гады. У Мінску не было параду вайсковай тэхнікі — перавагу аддалі высокім тэхналогіям. На плошчы Перамогі прайшоў канцэрт і тэматычнае 3D-шоў, якое можна было ўба­чыць на двух дамах, размешчаных за манументам Перамогі. Цікава, што жыхарам гэтых дамоў у час правядзення мерапрыемстваў забаранілі ўключаць святло, каб не папсаваць карцінку. Традыцыйна прайшоў салют у Мінску і абласных цэнтрах.

Уедлівыя журналісты ўжо раскалупалі, колькі сродкаў было патрачана на не самае маштабнае святкаванне. Інфармацыю пра гэта знайшлі на сайце дзяржаўных закупак. Там паведамляецца, што абвяшчаліся таргі на арганізацыю і правя­дзенне культурных мерапрыемстваў, прысвечаных 9 мая. Паводле сайту, на гэта была выдаткаваная сума ў памеры 406 тысяч 457 рублёў — каля 216 тысяч долараў.

Лічба сапраўды невялікая. Аднак хацелася б ведаць, ці ўлічвае яна «ўскосныя» выдаткі. Напрыклад, 9 мая чальцы БРСМ праводзілі ў розных гарадах Беларусі «флэш-акцыі» ў межах праекту «Кветкі вялікай перамогі» — раздавалі чырвона-зялёныя стужкі з яблыневымі кветкамі. У Мінску яны актыўнічалі на плошчы Перамогі, у Лошыцкім парку, у парку Перамогі, а таксама на «Лініі Сталіна». Стужкі павінны былі раздаваць удзельнікам імпрэзаў у Брэсцкай крэпасці, Віцебску, Воршы, Полацку, Гомелі, Гродна, Лідзе, Магілёве, Кобрыне, Наваполацку, Калінкавічах, Бабруйску, Асіповічах, Салігорску, Слуцку, Лагойску.

Выраб гэтых стужак, як і праца чальцоў БРСМ, таксама нечага каштуе. Хай сабе «рукі-ногі» бясплатныя, але ж стужкі павінны былі як мінімум развезці і працу арганізаваць. Ці закладалася гэта ў бюджэт святкаванняў?

Арыгінальным чынам павіншавалі ветэранаў супрацоўнікі МТЗ, якія зноў правялі «аўтамабільны флэшмоб» — гэтым разам у гонар Дня Перамогі. На плошчы каля цэнтральнай прахадной Мінскага трактарнага завода 160 аўтамабіляў і трактароў склалі гіганцкі надпіс «ПЕРАМОГА». У гэты ж час каля двухсот работнікаў МТЗ сталі ў надпіс «Са святам». Акцыя была задумана як віншаванне ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.

Пабудова на плошчы заняла каля гадзіны. Роўна апоўначы кіроўцы ўключылі блізкае святло фар і аварыйныя агні, а ўдзель­нікі-пешаходы накіравалі ўверх ліхтарыкі.

І гэта таксама грошы. Хаця б на паліва. З іншага боку, калі трактары не прадаюцца, з імі трэба нешта рабіць? А тыя 200 чалавек, якія бадзяліся ля прадпрыемства з ліхтарыкамі? Можа, менавіта іх скіраваць на засваенне новых рынкаў? Ім, па ўсім бачна, рабіць няма чаго. Цікава, канешне, павіншаваць ветэранаў, скіраваўшы ў неба прамень ліхтарыка, асабліва апоўначы, калі ўсе ветэраны спяць.

Займаемся мы невядома чым, а потым скардзімся на дрэнны стан нашай гаспадаркі. Прычым, гэты стан адбіваецца якраз на ветэранах. У Брэсце, напрыклад, яны атрымалі «святочны камплект», у які ўваходзілі: зубная паста (1 цюбік), кавалак мыла (1 штука), пачак манных крупаў (1 штука), кансерваваная скумбрыя (1 бляшанка) і печыва (1 пачак). У суправаджальным лісце ў той жа час гаворыцца: «Дзякуючы Вам, франтавікам і працаўнікам тылу, пасляваенным пакаленням, наша краіна змагла стаць моцнай, магутнай, паважанай ва ўсім свеце»

З каго здзекуюцца ініцыятары такіх падарункаў — з ветэранаў ці з «моцнай, магутнай і паважанай краіны», якая можа прапанаваць ветэрану кавалак мыла? Пры тым, што на 9 мільёнаў насельніцтва ў нас засталося толькі 10746 ветэранаў.

І, пакуль мы святкавалі, былы дарадца кіраўніка дзяржавы па эканоміцы, а зараз пасол у Кітаі Кірыл Руды паведаміў, што Паднябесная гатовая пераносіць вытворчасць у Беларусь. Чаму? Таму што, паводле Рудога, у Беларусі таннейшая працоўная сіла, то бок ніжэйшыя за кітайскія заробкі!

Руды сказаў, што ў апошні час заработная плата ў КНР павялічваецца імклівымі тэмпамі. За 2016 год сярэдні заробак кітайцаў дасягнуў 700 долараў, а ў некаторых правінцыях перавысіў 1000 долараў. Таму кампаніі Кітая сталі выносіць вытворчасці ў краіны з больш нізкім узроўнем зарплаты, піша БелТА.

У Кітаі працоўная сіла заўсёды была самая танная. Але мы нават кітайцаў пераплюнулі! Гэта ўсё, што трэба ведаць наконт нашай эканамічнай палітыкі.



Каментаваць