Мытны саюз: эндшпіль для Беларусі

Удзел Беларусі ў інтэграцыйных праектах Масквы ставіць крыж на развіцці прыватнага бізнесу.



Пра гэта піша аналітык Цэнтра пераходных даследаванняў Дэвін Эклз у выданні Belarus Digest (пераклад - charter97.org). Прыводзім вытрымкі з артыкула:

Нядаўна беларускія прадпрымальнікі правялі аднадзённы страйк. Такім чынам яны адрэагавалі на пагаршэнне бізнес-клімату, якое адбылося ў краіне з-за яе ўдзелу ў еўразійскіх інтэграцыйных праектах, узначаленых Масквой.

Шэраг фактараў паказваюць, што яны сталі несумленнай здзелкай для Беларусі. Яе эканоміка становіцца ўсё больш прывязанай да Мытнага саюза, што разам з самаізаляцыяй краіны робіць Мінск усё больш залежным ад Крамля.

 

Расце незадаволенасць

Прадпрымальнікі не проста стайкаваліі. Яны таксама прыгразілі пачаць збор подпісаў за выхад Беларусі з Мытнага саюза. У страйку прынялі ўдзел многія рэгіёны, большая частка рэчавых рынкаў краіны не працавала.

Акцыя прадпрымальнікаў, якая прайшла 27 чэрвеня па ўсёй Беларусі, паказала крохкую прыроду ЕўрАзЭС, а таксама адсутнасць палітыкі і механізмаў для садзейнічання эканамічнаму росту. Карысць ад удзелу ў інтэграцыйных праектах ёсць толькі для Лукашэнкі, у якога з'яўляюцца падставы для выпрошвання ў расійскага кіраўніцтва чарговых субсідый і крэдытаў. Грамадства выгод ад Мытнага саюза не бачыць.

Беларусь, як і многія іншыя краіны, якія атрымалі незалежнасць пасля распаду Савецкага Саюза, захавала многія рысы, якія перашкаджаюць развіццю бізнесу: бюракратыю, адсутнасць доступу да крэдытаў і пазык, складаныя нарматыўныя і заканадаўчыя базы, сістэму адукацыі.

Дадайце да гэтага патрабаванне, якое ўступіла ў сілу 1 ліпеня, абавязковую сертыфікацыю тавараў лёгкай прамысловасці і атрымаеце рэцэпт, які забяспечыць поўны крах малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі.

 

Страта статусу рэгіянальнага гульца

Паводле статыстыкі, доля малых і сярэдніх прадпрыемстваў складае ўсяго 20% ВУП Беларусі. 70% забяспечваюць прадпрыемствы, якія знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Для параўнання, у Польшчы доля малога і сярэдняга бізнесу складае каля 47% ад ВУП, а ў Францыі каля 62%. Гэтыя дадзеныя паказваюць, што беларуская эканоміка застаецца неканкурэнтаздольнай і схільнай да глабальных ваганняў коштаў. Акрамя таго, яна характарызуецца недахопам інфраструктуры, неабходнай для ўстойлівага эканамічнага развіцця.

Рост гандлю з ЕС і фармальныя пагадненні супольнасці аб развіцці адносін з Украінай, Малдовай, Арменіяй і Грузіяй паказваюць абмежаваную прывабнасць ЕўрАзЭС нават у тых рэгіёнах, якія лічыліся сферай уплыву Расіі.

Расія стала членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі ў 2012 годзе, Казахстан таксама неўзабаве далучыцца да яе. Перамовы Мінска з СГА практычна спыненыя. Пакуль невядома як Беларусь будзе ўзаемадзейнічаць са сваімі партнёрамі па Мытным Саюзе, улічваючы гэты факт.

Мінску прыйдзецца выбіраць паміж поўнай палітычнай ізаляцыяй і залежнасцю ад Расіі. Паглыбленне інтэграцыі з Расіяй зробіць Беларусь яшчэ больш уразлівай.

Эндшпіль для Беларусі

Як паказвае практыка Расіі і Казахстана, Захад цалкам гатовы працаваць з аўтарытарнымі урадамі, якія не выконваюць стандартаў дэмакратыі і свабоды. У адрозненне ад гэтых дзвюх краін, якія наладзілі такія адносіны, дзякуючы наяўнасці энергарэсурсаў і ваеннаму супрацоўніцтву ў Афганістане, Мінск можа гэта зрабіць толькі за кошт палітычных зняволеных.

Спроба атрымаць інвестыцыі з краін, якія не ставяць ніякіх умоваў, правалілася. Нават Кітай, нягледзячы на пашырэнне сваёй прысутнасці, не стане падвяргаць рызыцы плённыя эканамічныя сувязі з Расіяй дзеля сціплай перавагі, якую можа атрымаць у Беларусі.

У свой час Беларусь змагла пазбегнуць шокавай тэрапіі, якую перажылі многія з яе суседзяў у 90-ыя гады. Аднак, калі беларускі ўрад не прыме рашучыя меры, каб спыніць нарастаючы эканамічны крызіс, то краіну чакаюць яшчэ горшыя выпрабаванні.

BelarusDigest

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: