На колькі падаражэе бензін, калі да яго прывяжуць дарожны збор

У прэс-службе Мінфіна Naviny.by паведамілі, што «экспертамі міністэрства цяпер вядзецца праца па падрыхтоўцы новага дакумента». Раней намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко паведаміў, што ведамства распрацоўвае прапановы ў Саўмін па ўключэнні дарожнага падатку ў кошт аўтамабільнага паліва.

Фота pixabay.com

Фота pixabay.com


Калі ў Мінфіне пакуль не могуць сказаць, наколькі падаражэе бензін пасля далучэння да яго цаны дарожнай надбаўкі, паспрабавалі самі вылічыць гэтую лічбу.

Вядома, што у 2019 годзе дзяржава хоча атрымаць 290 млн рублёў (каля 140 млн долараў) ад аўтаўладальнікаў у якасці дарожнага збору. Раскідаем гэтыя грошы на кожны літр прадаванага ў розніцу ў Беларусі паліва.

У 2018 годзе ў розніцу было прададзена 1 657 290,6 тоны маторнага паліва (бензіну — 924 723,6 тоны, дызельнага — 732 567 тон). Усярэднена перакладаем тоны ў літры. Атрымліваем 1 241 239 731,5436 літра бензіну ўсярэдненай шчыльнасці і 861 843 529,4118 літра дызельнага паліва.

Разам: прыкладна 2 103 083 260,9554 літра маторнага паліва прадалі ў розніцу ў Беларусі ў 2018 годзе. Падзелім суму рэспубліканскай пошліны на літры, атрымаем 0,138 рубля.

Такім чынам, дзякуючы дарожнаму падатку літр паліва, цана на якое і так пастаянна паўзе ўверх, можа падаражэць на 14 капеек.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!