Нацбанк Беларусі абвясціў конкурс відэаблогераў

Нацыянальны банк абвясціў конкурс відэаблогераў «Грошы маюць значэнне». Для ўдзелу неабходна зняць відэаролік працягласцю не больш за тры хвіліны, у якім будзе раскрытая адна або некалькі тэм, якія тычацца грошай, інфляцыі, цэнавай стабільнасці.


Конкурс праводзіцца ў трох узроставых катэгорыях: ад 7 да 12 гадоў, ад 13 да 17 гадоў, ад 18 гадоў да 31 года. У ім могуць прыняць удзел (як індывідуальна, так і ў складзе калектываў) грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у краіне.

Галоўны прыз у кожнай узроставай катэгорыі — грашовая прэмія ў памеры 1.000 рублёў. Прэміямі ў кожнай з узроставых катэгорый будуць адзначаны работы, якія зоймуць другое і трэцяе месцы, — 700 і 500 рублёў адпаведна. Акрамя таго, журы конкурсу мае права засноўваць дадатковыя прызы ў асобных намінацыях.

Падрабязная інфармацыя аб конкурсе (тэрміны і парадак яго правядзення, патрабаванні, што прад'яўляюцца да ўдзельнікаў і іх конкурсных прац) размешчана на Адзіным інтэрнэт-партале фінансавай пісьменнасці насельніцтва http://www.fingramota.by.

Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя не пазней за 31 сакавіка.

Конкурс відэаблогераў прымеркаваны да правядзення Тыдня фінансавай пісьменнасці дзяцей і моладзі (Global Money Week), якая ў гэтым годзе пройдзе з 25 па 31 сакавіка. Упершыню конкурс быў праведзены ў 2018 годзе. Усяго на яго было прадстаўлена больш за 260 прац.

БелаПАН



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!