Нацбанк: эканамічныя настроі ў Беларусі зніжаюцца другі месяц запар

Зводны індэкс эканамічных настрояў у Беларусі, які разлічваецца Нацыянальным банкам РБ на аснове апытання кіраўнікоў беларускіх кампаній, у верасні знізіўся да 3,5% з 8,6% у жніўні. Рэзка пагоршыліся чаканні змены попыту на тавары і паслугі.
Гэта сезоннае зніжэнне індэкса, але ў бягучым годзе яно больш рэзкае, чым у мінулым. Зрэшты, сам індэкс пры гэтым застаўся ў станоўчай вобласці, тады як на працягу трох папярэдніх гадоў ён у верасні быў адмоўным.

Скараціўся ў верасні 2018 года і сезонна згладжаны індэкс эканамічных настрояў: да 1,4% з 2,4% у жніўні. Ён таксама застаўся вышэй значэнняў, якія назіраліся ў верасні ў мінулыя гады.

Значней за ўсё сітуацыя ў верасні бягучага года пагоршылася ў гандлі, дзе індэкс эканамічных настрояў паваліўся да 5,5% з 13,4% у жніўні. Гэта азначае, што колькасць гандлёвых прадпрыемстваў, якія чакаюць паляпшэння сітуацыі, усё яшчэ больш за колькасць прадпрыемстваў, якія чакаюць пагаршэння, але іх стала нашмат менш. Рэзка знізіўся баланс адказаў на пытанні аб чаканнях змены аб’ёмаў продажаў: да 8,8% з 20,7%. Пагоршыўся і індэкс ў дачыненні да змены аб’ёмаў тавараабароту: да 1,6% з 9,4%.

У адмоўную сферу перайшлі настроі на транспарце, дзе індэкс эканамічных настрояў у верасні склаў мінус 3,7% супраць 4,5% у жніўні. Тут таксама падкачалі чаканні змены попыту на паслугі прадпрыемстваў, баланс адказаў наконт якіх знізіўся да мінус 6,2% з плюс 7,2% у жніўні.

Стабільна дрэннай застаецца сітуацыя ў будаўніцтве, дзе індэкс эканамічных настрояў у верасні склаў мінус 6,1% супраць мінус 2,7% у жніўні. І тут падкачалі чаканні змены замоваў. Баланс адказаў наконт такіх замоваў на знешнім рынку знізіўся да мінус 17,8% з мінус 10,8%, а на ўнутраным — да мінус 6,3% з мінус 1,7% у жніўні.

Лепш за ўсё настроі ў прамысловасці, хоць там індэкс эканамічных настрояў скараціўся ў верасні да 6,4% з 10% у жніўні. Праўда, і тут падкачалі чаканні змены аб’ёмаў вытворчасці, баланс адказаў па пытанні аб якіх апусціўся да 13,6% з 21,5% у жніўні.

Паводле select.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць