Нацбанк: Прыкладна палова старых грошай ужо выведзена з абарачэння

Паводле дадзеных Нацыянальнага банка, прыкладна палова купюр старога ўзору выведзена з абарачэння ў Беларусі за два тыдні пасля дэнамінацыі.


"За 14 дзён ліпеня парадку 40–45% купюр намінальнага шэрагу 2000 года выведзена з абарачэння", — паведаміў у эфіры тэлеканала ОНТ начальнік галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абарачэння Нацбанка Сяргей Гайко.

Да дэнамінацыі ў краіне хадзіла 600 млн. купюр старога ўзору. У Нацбанку мяркуюць, што ўжо да кастрычніка грашовыя знакі старога ўзору практычна выйдуць з абарачэння. Цалкам іх плануецца замяніць да канца года.

Чакаецца таксама, што да канца ліпеня банкаматы ў Мінску будуць цалкам загружаныя купюрамі ўзору 2009 года выпуску.

Нагадаем, 1 ліпеня ў Беларусі дэнамінаваная нацыянальная валюта. Маштаб памяншэння склаў 10.000. Гэта трэцяя дэнамінацыя рубля ў найноўшай гісторыі краіны.

Адрозненне цяперашняй дэнамінацыі ў тым, што разам з купюрамі ў абарачэнне ўведзены манеты. Усяго ў абарачэнне выпушчана сем наміналаў банкнот — 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў, а таксама восем наміналаў манет — 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, 1 і 2 рублі.

Новыя і старыя грашовыя знакі будуць знаходзіцца ў Беларусі ў другім паўгоддзі ў паралельным абарачэнні.


Аляксей Арэшка, БелаПАН



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: