Нацбанк у цугцвангу

Як ні стараўся Нацбанк РБ з яго цяперашнім кіраўніцтвам, але ён непазбежна аказаўся ў сітуацыі, у якой ужо не раз быў за гады незалежнасці Беларусі — у сітуацыі, калі на коне аказваюцца зберажэнні грамадзян і актывы прадпрыемстваў краіны.


Сёння Нацбанк зрабіў роўна тое, што можна было зрабіць у бягучай палітычнай абстаноўцы дзеля мінімізацыі магчымых наступстваў — на месяц адклаў рашэнне па стаўцы рэфінансавання. Але ж зразумела, што нават гэтае рашэнне носіць выключна негатыўны характар, каментуе АФН.

Па-першае, рэгулятар наглядна пацвердзіў, наколькі кепская сітуацыя складваецца ў эканоміцы і фінансах, не кажучы ўжо пра астатнія сферы. Па-другое, пацвердзіў дэкларацыйнасць сваёй так званай незалежнасці ад ўрада. Па-трэцяе, даў адмашку зялёна-чырвоным сцяжком рэальнаму сектару краіны, які пачне хэджыраваць свае рызыкі з патроенай стараннасцю.

Калі адтэрміноўка рашэння па стаўцы не з’яўляецца дастатковым пацвярджэннем прыезду ў госці даўняга сябра краіны, якога завуць «стабілізец», можна разглядзець яшчэ адзін сённяшні практычны кейс. Нацбанк правёў чарговы крэдытны аўкцыён па падтрымцы ліквіднасці банкаў на тэрмін 180 дзён па абвешчанай працэнтнай стаўцы 9,75% гадавых. Дарэчы, 9,75% — гэта прыкладна тая лічба, да якой сёння імкнецца правільная стаўка рэфінансавання.

«Да аўкцыёну было дапушчана 16 заявак ад 14 банкаў на агульную суму 2122,0 млн. рублёў. Прынята рашэнне ўсталяваць аб’ём крэдытаў у суме 200,0 млн. рублёў», — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка РБ.

Зусім не даваць грошай банкам Нацбанк не можа — больш за палову пакінутых у краіне «падлучаных да ШВЛ» банкаў, якія абяскровілі дзве дэвальвацыі (першая хваля каранавіруса, затым жнівень) і пратэсныя дзеянні грамадзян краіны ў мінулым годзе, змогуць самі выкараскацца, толькі калі ў іх бок не дыхаць у прынцыпе.

Але калі банкам даць столькі грошай у рублях, колькі яны просяць, то яны (выбару ж няма) адразу сыдуць з гэтымі рублямі ў валюту. Такія паводзіны створаць чарговую хвалю попыту, і не факт, што ў Нацбанка засталіся (не, не засталіся) рэзервы, каб гэтую хвалю вытрымаць.

Маленькія рэзервы і недатыкальныя зліткі золата (адкладзеныя для тых, хто таксама можа пабегчы з краіны ў выпадку змены палітычнай сітуацыі) гэты попыт задаволіць не змогуць, і давядзецца «злёгку дэвальваваць».

Гэтая дэвальвацыя справакуе паніку і ажыятажны попыт, які пагасіць будзе практычна немагчыма, паколькі няма чым. Не дапамогуць і нафта па 64 баксы за бочку, і калійныя кантракты з Індыяй і Кітаем, і нават $3,5 млрд. крэдыту, на які можа пагадзіцца Пуцін на хуткай сустрэчы з Лукашэнкам у Сочы. Не дапамогуць з тае прычыны, што дарагая лыжка да абеду — валюта з пералічаных крыніц паступіць з сур’ёзным часовым лагам.

Курс рубля сыдзе прыкладна за адзнаку 5,00 зайчыкаў за долар, «лягуць» банкі, гандлёвыя сеткі з растэрміноўкамі і крэдытамі, сыдуць у кому прадпрыемствы рэальнага сектара, што нахапалі танных крэдытаў. Затое краіна верне сабе карту ганаровага члена клуба, у які ўваходзяць Венесуэла, Зімбабвэ і яшчэ пару краін з назвамі, якіх ніхто ніколі не чуў.

Такі прагноз вымалёўваецца, зыходзячы з бягучай сітуацыі на 16:00 17 лютага 2021 года. А цяпер дадамо ў кацялок асобныя адкладзеныя рызыкі тыпу: а) штабы «збеглых» апазіцыянераў пакуль не топяць за паўтор жніўня 2020 года, а могуць пачаць; b) Еўрасаюз пакуль калупаецца ў носе над 4-м пакетам санкцый, а ўжо заўтра прысуд па справе журналістак Белсата; c) 5-ты пакет санкцый яшчэ нават не вярстаўся, а суд над Віктарам Бабарыкам ужо пачаўся; d) у парадку сустрэчы Пуціна-Лукашэнкі нібыта не значыцца справаздача беларускага пенсіянера аб выкананні дамоўленасцей з папярэдняй сустрэчы, але ж Пуцін можа і пацікавіцца, якім чынам абяцаны тэрмін правядзення рэферэндуму «студзень 2021 года» раптоўна ў ператварыўся ў «студзень 2022 года».

Дадамо зіму, якая зацягнулася ў гэтым годзе, няправільныя паводзіны кампаній-партнёраў беларускіх прадпрыемстваў, прадукцыя якіх нікому не патрэбная на знешніх рынках без правільных камплектуючых (свежы прыклад — брытанская KAB Seating) і, вядома ж, скаваныя марозам, але б’ючыя вострым капытом пратэстныя масы, якіх ужо проста дасталі беззаконне, цемрашальства і гвалт беларускага Сярэднявечча.

Ну вось і што рабіць Паўлу Калауру? У гэтай сітуацыі правільней за ўсё — ірвануць да Румаса ў Лондан, дзе разам за пінтай Гінеса падумаць над лістом таварышу Латушку. Але ці скарыстаецца ён гэтай парадай?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: