Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання да ўзроўню 2010 года. Чаму гэта важна?

Фінансавы аналітык на пальцах тлумачыць, чаму «крэдытны рай» беларусам не пагражае. І дзякуй Богу!
Нацыянальны банк Беларусі на чале з Паўлам Калаурам ужо ў сёмы раз за год памяншае стаўку рэфінансавання — з 13 верасня яна апусціцца да 11,5%. Цікава, што на такім нізкім узроўні ключавая стаўка знаходзілася толькі ў канцы 2010 года.

Чаму гэта важна для ўсіх беларусаў?

Па словах старэйшага аналітыка кампаніі «Альпары» Вадзіма Іосуба стаўка рэфінансавання з'яўляецца арыенцірам для ўсіх іншых працэнтных ставак у эканоміцы. Напрыклад, на яе арыентуюцца стаўкі, па якіх Нацбанк крэдытуе камерцыйныя банкі, калі ў іх узнікае патрэба ў грошах. І наадварот — па якіх ён забірае ў камерцыйных банкаў «лішнія» грошы.

 Што тут важна для простага чалавека? — тлумачыць эксперт. — Да стаўкі рэфінансавання прывязаныя стаўкі па крэдытах і па дэпазітах. Гэта значыць, для тых, хто ўзяў крэдыты з плаваючай стаўкай, гэта адназначна выгадна. А для тых, хто захоўвае рублі на дэпазітах у банку, гэта нявыгадна, паколькі іх даходы падаюць.

— Ці азначае, што ў выпадку далейшага зніжэння стаўкі, у Беларусь вернецца «крэдытны рай», як 7-8 гадоў таму?

— Вяртанне таго крэдытнага раю чакаць не варта. І дзякуй Богу! Асабіста я спадзяюся, што ён ніколі не вернецца. Ёсць такое простае правіла: за ўсё даводзіцца плаціць. Крэдыты, асабліва на будаўніцтва жылля, раней часта выдаваліся не з грошай, якія эканоміка зарабіла, а з грошай, якія проста друкаваліся.

У выніку мы атрымалі шэраг жорсткіх валютных крызісаў, мы доўгі час мелі самую высокую інфляцыю ў рэгіёне, ды і, мабыць, ва ўсёй Еўропе. Толькі адмова ад практыкі друкаванага станка прывяла да таго, што ў нас стабілізаваўся курс і ўстойліва зніжаецца інфляцыя. Не прайшло і 20 гадоў, як фінансавыя ўлады Беларусі ўсё ж такі атрымалі ўрок з таго, што грошы друкаваць нельга. Калі мы вернемся да старога разгулу — выдачы крэдытаў налева і направа можа хутка ўсе гэтыя заваёвы разгарнуць, — адзначае Вадзім Іосуб.

Што самае пазітыўнае ў зніжэнні стаўкі Нацбанка?

Фінансавы аналітык згодны з меркаваннем, што такое рашэнне дазволіць аслабіць крэдытную пятлю, у якой знаходзяцца многія беларускія сем'і.

— Большасць крэдытаў выдаецца па плаваючай стаўцы, якая прывязаная да стаўкі рэфінансавання. Гэта азначае, што пры зніжэнні стаўкі рэфінансавання аўтаматычна зніжаецца кошт абслугоўвання крэдытаў. Гэта палегчыць крэдытны цяжар для людзей. Але не трэба спадзявацца, што гэтая стаўка ўпадзе зусім да нуля. І людзям, якія падумваюць узяць крэдыт, трэба вельмі выразна сувымяраць суму крэдыту і свае фінансавыя магчымасці. З улікам рызыкі, што даходы сям'і могуць знізіцца або хтосьці можа згубіць працу, — падкрэслівае эксперт.

Да абяцанняў уладаў забяспечыць сярэдні заробак 500 долараў да канца бягучага года і 750 даляраў у 2018 годзе, эксперт раіць паставіцца крытычна.

— У нашай гісторыі 500 даляраў пачалі абяцаць больш за дзесяць гадоў таму. Дасягалі гэтай сумы, потым здараўся абвал да 300 даляраў, потым зарплаты яшчэ раз перавысілі абяцаную планку — і зноў абваліліся. Пакуль гэтая планка аказвалася непасільнай для эканомікі. Ідзем на чарговы заход, — іранізуе суразмоўца.

Паводле gazetaby.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!