Найстарэйшы гарналыжны цэнтр у Беларусі хочуць прадаць за мільён долараў

Першы ў Беларусі гарналыжны цэнтр «Якуцкія горы» ў Дзяржынскім раёне выстаўлены на продаж. Заяўленая цана — 2,6 мільёнаў беларускіх рублёў.


Усесезонны парк актыўнага адпачынку, названы ў гонар блізкай вёскі Якуты, быў заснаваны ў 2001 годзе. Ён размяшчаецца ў 37 кіламетрах ад Мінска ў Гродзенскім напрамку і знаходзіцца паблізу самай высокай кропкі Беларусі — гары Дзяржынскай, піша REFORM.by.

Тэрыторыя складае 13,5 га. У комплексе прадстаўлены 480-метровая гарналыжная траса з перападам вышынь у 60 метраў і бугельнымі пад’ёмнікамі, цюбінгавыя трасы, рэстаран, драўляны павільён на 250 гасцей, шацёр, альтанкі, лазня з адкрытым пнеўмакаркасным басейнам на 400 кубаметраў, пейнтбольная і валейбольная пляцоўкі, два палі для міні-футбола.

Маецца пляцоўка для правядзення карпаратыўных мерапрыемстваў і фестываляў у летні сезон умяшчальнасцю да 4 тысяч гасцей.

Выданне «Ежедневник» пісала, што гарналыжны комплекс «Якуцкія горы» належыць уладальніку грузавога аўтадылера «Мары» Валянціну Прыстрому. Яго сын Уладзімір якраз і кіраваў комплексам. Цяпер у абвестцы аб продажы комплексу кантактная асоба паказаная як “Уладзімір”.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: