Рэальнасць, даведзеная да абсурду

Шчыра скажу — я вельмі люблю фантастыку. Таму і цікаўлюся рознымі прагнозамі і праграмамі беларускага ўраду. Праўда, апошнім часам нашы міністры мяне ў гэтым плане не радуюць. Аднак цешыць, што яны паступова, дробнымі крокамі, але набліжаюцца да рэальнасці.

Савецкі плакат. Салаўёў В.М. «Толькі наперад», 1967 год. Фота з сайта plakat.unid.by

Напрыклад, урад Беларусі пастановай №3 ад 3 студзеня 2020 года зацвердзіў сярэднетэрміновую фінансавую праграму рэспубліканскага бюджэту на 2020–2022 гады. Лічбы там даволі цікавыя. Напрыклад, тэмпы росту ВУП краіны прадугледжаныя на ўзроўні 101,9% у 2020 годзе, 101,4% — у 2021-м і 102,1% — у 2022-м.

Канешне, паказчык росту ВУП у 1,5–2% на год — даволі рэальны. Зразумела, на ім адаб’ецца расійскі «падатковы манеўр», які пазбавіць Сінявокую даволі значнай часткі даходаў ад нафтаперапрацоўкі. Аднак у гэтым дакуменце ёсць і даволі трывожны званочак. А менавіта: разам з планаваным ростам ВУП у 1,9% у гэтым годзе інфляцыя («індэкс росту спажывецкіх цэнаў») складзе 5%. У 2021-м, пры планаваным росце ВУП у 1,4%, інфляцыя плануецца на ўзроўні 4,5%. А ў 2022-м рост ВУП павінен скласці 2,1%, а інфляцыя — 4%.

То-бок, нават пры запланаваным росце ВУП павелічэння дабрабыту беларусаў чакаць не варта — яго фактычна «з’есць» інфляцыя. Канешне, можна звыкла напампаваць краіну «пустымі» грашыма (што вельмі спакушальна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў), але чым гэта адгукнецца, мы неаднаразова бачылі.

Яшчэ адна цікавая катэгорыя. Плануецца, што памер стаўкі рэфінансавання (у сярэднім за год) складзе 9,5% у 2020 годзе, 9,25 — 10% у 2021-м і 8,5 — 9,75% — у 2022-м. Цяпер стаўка рэфінансавання — 9%.

Згодна з гэтым паказчыкам разлічваюцца, напрыклад, крэдыты для насельніцтва. Па факце стаўка рэфінансавання ў бліжэйшыя тры гады застанецца прыкладна на цяперашнім узроўні. А гэта азначае, што запланаванага на 2021 год уводу паўнавартаснага іпатэчнага крэдытавання насельніцтва не будзе. Для таго, каб увесці іпатэку, стаўка крэдыту ў ідэале павінна быць 5–7% гадавых, а банкі цяпер даюць грошы ў лепшым выпадку на памер стаўкі рэфінансавання плюс 3%. Гэта азначае — 12%. Так што тым, хто разлічвае на іпатэку, давядзецца чакаць яшчэ вельмі доўга. Можа быць, да канца жыцця.

Да таго ж, у нас будуць і іншыя выдаткі, якія могуць унесці разлад ва ўсе прагнозы ўраду, асабліва сярэднетэрміновыя. Днямі Аляксандр Рыгоравіч сустрэўся з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Рэнэ Фазэлем. І запэўніў спартовага функцыянера ў тым, што Беларусь і Латвія арганізуюць у 2021 годзе адзін з лепшых чэмпіянатаў свету па хакеі.

«Я вельмі ўдзячны Міжнароднай федэрацыі і асабіста прэзідэнту за тое, што вы падтрымалі гэты чэмпіянат свету ў Беларусі і Латвіі. Вы можаце не сумнявацца: мы разам з нашымі суседзямі на годным узроўні правядзём гэты чэмпіянат. Гэта будзе адзін з лепшых чэмпіянатаў свету. Я вам гэта цвёрда абяцаю», — заявіў Лукашэнка.

Імаверна, кіраўнік Беларусі выканае сваё абяцанне — Чэмпіянат свету па хакеі, які праходзіў у Беларусі ў 2014 годзе, міжнароднымі чыноўнікамі ад гэтага віду спорту быў прызнаны ці не лепшым па арганізацыі. Аднак нам ад гэтага не горача і не холадна, бо пакуль ніводныя маштабныя гульні для нашай краіны не былі прыбытковыя — мы зазнавалі толькі страты. Паводле розных падлікаў, на правядзенне ЧС–2014 было выдаткавана ад 700 мільёнаў да 2 мільярдаў долараў, а выручка склала ўсяго каля 15 мільёнаў еўра. Праўда, кажуць, што ў асноўным былі выдаткі на інфраструктуру — дарогі, гатэлі і гэтак далей, якія цяпер будаваць не давядзецца, але тым не менш.

Савецкі плакат: «Такія вось "Гаспадары" гаспадараць да пары». Фота з сайта plakat.unid.by


Паказальныя, напрыклад, ужо леташнія Еўрапейскія гульні. На іх краіна выдаткавала 270 мільёнаў долараў. А колькі мы зарабілі — дагэтуль невядома, бо міністр фінансаў адмовіўся адказваць на адпаведнае пытанне Ганны Канапацкай у парламенце. А потым гэтая тэма неяк забылася за выбарамі ў Палатіу прадстаўнікоў.

Аднак у тое, што Еўрапейскія гульні былі прыбытковымі, ніхто не верыць. Усё ж — не той маштаб падзеі.

Канешне, можна шмат казаць, што мы «ўклаліся» ў пазнавальнасць Беларусі ў свеце ды імідж краіны ў цэлым. Але, падаецца, мы выдаткоўваем шалёныя грошы на тое, што потым імгненна руйнуем. Вось і днямі Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла пісьмовае папярэджанне ТАА «Медыятэк», уладальніку сайта tvbox.by. На думку беларускага «міністэрства праўды», «Медыятэк» з дапамогай tvbox.by распаўсюджвае замежныя тэлепраграмы (тэлеканалы), не маючы на тое адпаведнага дазволу рэгулятара.

Праблема заключаецца ў тым, што «Медыятэк» не распаўсюджвае замежныя СМІ, а аказвае паслугу па афармленні доступу да прагляду замежных СМІ ў інтэрнэце, працуючы на ўнутраным рынку (з выплатай падаткаў) і за беларускія рублі. Сітуацыя вельмі падобная на тую, што паўстала некалькі гадоў таму з адказнасцю за рэкламу, якая размяшчаецца на сайтах кампаній Яндэкс і Google. Праўда, тады пайшлі дарогай здаровага сэнсу.

Эксперты адзначаюць два фактары, якія маглі быць падставай для «наезду» на не асабліва вядомага аператара доступу да IPTV. Па-першае, гэта канкурэнцыя паміж буйнымі пастаўшчыкамі IPTV — гэта Белтэлекам з Zala TV і A1 з VOKA TV. Да таго ж Белтэлекам нядаўна запусціў свой ТБ-канал «Яснае-TV». Нягледзячы на тое, што гэта перароблены канал «Мінск TV», з ім зараз носяцца, як быццам гэта дасягненне ўсіх часоў і народаў.

Некаторыя кажуць, што пісьмовае папярэджанне Мінінфарму на адрас IPTV-аператара — выразны пасыл усялякім Netflix, Amazon, Apple і іншым TV, што асобна ўзятая ў цэнтры Еўропы краіна пакуль не гатовая да з’яўлення легальна зарэгістраваных прадстаўніцтваў, філіялаў, рэсэлераў такіх сэрвісаў на ўнутраным рынку. І, адпаведна гэтаму, разлічваецца і ўзровень інвестыцыйнага клімату ды індэкс спрыяння дзелавой ініцыятыве.

Такім чынам, убухваючы мільёны долараў у хакей ды спартовыя гульні, чыноўнікі Сінявокай адначасна прыкрываюць хай не вельмі вядомы і раскручаны, але канал прагляду таго самага хакею і тых самых спартовых гульняў.

Так і хочацца ўзгадаць фразу з вядомага фільма: «І яны яшчэ змагаюцца за ганаровае званне дома высокай культуры побыту!»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: