«Насельніцтва разумнейшае, чым мы думаем»: чаму з рэформамі лепш не зацягваць?

Сусветны банк падказвае, як ажывіць эканоміку і абараніць беларусаў ад беднасці.
Пастаянны прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі Аляксандр Крэмэр у часе «Кастрычніцкага эканамічнага форуму» разбіў аргументы, якія прыводзяць праціўнікі правядзення ў краіне структурных рэформаў.

Аргумент 1: У Беларусі хутчэй, чым у іншых краінах рэгіёну, зніжаўся ўзровень беднасці

Але колькасць людзей, якія жывуць за мяжой беднасці, у 2017 годзе ў параўнанні з 2014-м павялічылася больш чым на 10%.

У той час як у той жа Малдове ці Украіне сям’і ў гэтыя гады назапашвалі актывы, беларусы — выдаткоўвалі. Тым самым станавіліся больш уразлівымі ў адносінах да эканамічных рызыкаў.

Аргумент 2: У 2000-х эканоміка Беларусі добра расла і без рэформаў

Гэта так: да 2009 года эканоміка расла больш чым на 7% у год. Аднак расла яна за кошт знешніх запазычанняў. З 2002 года, каб павялічыць тэмпы эканамічнага росту больш чым на 2,5%, даводзілася павялічваць аб’ём запазычанняў на 9%. Зараз браць крэдыты нашмат складаней. Краіна і так ледзь спраўляецца з аплатай даўгоў. Значыць, эканамічны рост у лепшым выпадку будзе дасягаць 2%.

Аргумент 3: Нацбанк і Міністэрства фінансаў спраўляюцца з макраэканамічным балансам

Мінфін здольны паменшыць выдаткі бюджэту, Нацбанк — праводзіць адпаведную палітыку, якая прывяла б да зніжэння прыватных запазычанняў. Але макракарэктыроўка без структурных рэформаў прыводзіць да выцяснення прадукцыйных інвестыцый, адзначае Аляксандр Крэмер. Напрыклад, карэкціроўку ў 2015-2017 гадах ажыццяўлялі шляхам ліквідацыі прыватных інвестыцый. Цяпер у краіны занадта мала бюджэтных сродкаў для фінансавання асноўных катэгорый дзяржвыдаткаў.

Аргумент 4: Насельніцтва — супраць рэформаў

На самай справе сітуацыя змянілася: не падтрымлівае рэформы менш за траціну насельніцтва. А амаль 50% хацелі б частковай або поўнай трансфармацыі.

Насельніцтва разумнейшае, чым мы думаем. Тыя, у каго ёсць хатняя гаспадарка, выразна разумеюць, што будзе, калі марнаваць больш, чым зарабляеш. Яны зразумеюць неабходнасць рэформаў, калі гэта як след растлумачыць, — лічыць Аляксандр Крэмер.

Пастаянны прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі назваў тры блокі задач, якія стаяць перад Беларуссю.

Паставіць дыягназ і вылечыць дзяржсектар

Дзярждоўг Беларусі за апошнія 10 гадоў істотна вырас, у тым ліку таму, што дзяржава вымушана была знаходзіць сродкі для кампенсацыі стратнасці дзяржсектара.

У 2018 годзе на падтрымку дзяржпрадпрыемстваў Беларусь выдаткавала каля 4% ВУП, гэта лепш, чым у 2015 (9,5%), але ўсё роўна шмат. Такая дзяржпадтрымка разумная толькі тады, калі гэтыя прадпрыемствы аказваюць неабходныя грамадскія паслугі.

Дзяржпрадпрыемствы выступаюць пасрэднікамі паміж дзяржавай і занятымі на іх грамадзянамі ў сістэме сацыяльнай падтрымкі: яны атрымліваюць дзярждатацыі і плацяць працаўнікам заробкі нават у тым выпадку, калі кампанія нічога не зарабляе.

Але гэта абсалютна неэфектыўная форма сацпадтрымкі насельніцтва. Выгадней для краіны было б закрыць тыя дзяржкампаніі, у якіх няма шанцаў стаць бясстратнымі, і зрабіць стаўку на прыватны сектар, дзе будуць стварацца новыя працоўныя месцы. У гэтым выпадку работнікі закрытых прадпрыемстваў не застануцца без спраў на рынку працы.

Стварыць сумленныя ўмовы для бізнесу

Дзяржава можа атрымліваць больш выгод ад прыватнага сектара, калі вырашыць ключавыя праблемы ў эканоміцы. Да прыкладу, 40% прадстаўнікоў прыватнага сектара адзначаюць, што вымушаныя канкураваць у няроўных з дзяржпрадпрыемствамі ўмовах. Прыватнікі лічаць, што законы і нарматывы да іх прымяняюцца непаслядоўна і непрадказальна, што перашкаджае доўгатэрміноваму планаванню. Яшчэ адна праблема для бізнесу — перакрыжаваныя субсідыі. У той час як насельніцтва аплачвае толькі 20% кошту ацяплення, астатнюю частку перакладаюць на плечы прадпрыемстваў, што б’е па іх канкурэнтаздольнасці.

Перагледзець сацыяльны кантракт

Змены, перад тварам якіх стаіць беларуская эканоміка, вымусяць дзяржаву заклапаціцца сацыяльнай абаронай насельніцтва.

— Уздзеянне гэтых змен можна змякчыць шляхам умацавання праграм сацыяльнай абароны, — кажа Аляксандр Крэмер.

У прыватнасці, стварыць умовы, каб тыя, што шукаюць працу пачалі атрымліваць годныя дапамогі па беспрацоўі, і супрацоўнікі зачыненых дзяржпрадпрыемстваў атрымалі магчымасць прайсці навучанне, без якога іх шанцы ўладкавацца ў рынкавых умовах вельмі малыя.

— Калі Беларусь распачне названыя структурныя змены, то выйдзе з гэтага працэсу мацней, паспяхова і эканамічна больш незалежнай, — лічыць пастаянны прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі.

Беларусі не пазбегнуць рэформаў. Ажыццявіць такую ​​трансфармацыю няпроста. Але чым даўжэй краіна адкладае рашэнне праблем, тым складаней будзе з імі разабрацца.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!