НАУ заклікала замежныя банкі зачыніць рахункі «Беларусбанка» і «Белінвестбанка»

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, якое ўзначальвае Павел Латушка, заклікае замежныя банкі закрыць карэспандэнцкія рахункі буйных беларускіх дзяржаўных банкаў, якія абслугоўваюць беларускія дзяржструктуры, у тым ліку сілавыя, якія трапілі пад санкцыі.


Гаворка ідзе пра «Беларусбанк» і «Белінвестбанк». НАУ адправіла звароты ў замежныя Citibank, Raiffeisen, Credit Suisse і Deutsche Bank з просьбай аб закрыцці карэспандэнцкіх рахункаў названых дзяржбанкаў. Калі гэта адбудзецца, «Беларусбанк» і «Белінвестбанк» не змогуць праводзіць міжнародныя аперацыі, перадае REFORM.by.

«Мы просім разглядзець пытанне аб прыпыненні ўсіх фінансавых аперацый з “Беларусбанкам” і “Белінвестбанкам” да таго часу, пакуль яны не спыняць прадастаўляць фінансавыя паслугі асобам, што падпадаюць пад санкцыі» — гаворыцца ў зваротах.

Як адзначаюць у НАУ, дзяржбанкі абслугоўваюць дзяржструктуры, адказныя за фальсіфікацыю выбараў і рэпрэсіі супраць жыхароў Беларусі — такія, як ЦВК, АМАП, ГУБАЗіК і многія іншыя. Прадстаўнікі гэтых структур ужо знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі. На думку НАУ, супрацоўніцтва з гэтымі банкамі з боку заходніх банкаў з’яўляецца парушэннем санкцыйнага заканадаўства.

«Цяпер любы банк, які будзе абслугоўваць рахункі АМАП, ГУБАЗіК, ДВП і іншых рэпрэсіўных ведамстваў, трапляе пад прыцэл санкцый. Банкам трэба будзе выбіраць: або працаваць з сілавікамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі, і застацца без карэспандэнцкіх рахункаў у замежных банках, або адмовіць сілавым структурам», — заявілі ў Народным антыкрызісным упраўленні.

Раней НАУ звярнулася да інвестфондаў з заклікам прад’явіць да датэрміновага пагашэння беларускія еўрабонды, размешчаныя Мінфінам летам 2020 года, пасля пачатку рэпрэсій.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: