Науседа спадзяецца, што ўдасца не дапусціць на рынак Балтыі электраэнергію з БелАЭС

Літоўскі прэзідэнт Гітанас Науседа спадзяецца, што тром краінам Балтыі ўдасца не дапусціць на рынак электраэнергію з беларускай АЭС.


«Для гэтага патрэбныя тэхнічныя рашэнні, палітычная воля для рэалізацыі якіх ёсць, і неўзабаве мы будзем казаць пра гэта і на пасяджэнні Дзяржаўнага савета па абароне, якое мае адбыцца ў Літве», — паведаміў Науседа на сумеснай з прэзідэнткай Эстоніі Керсці Кальюлад прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы на вышэйшым узроўні, піша «Інтэрфакс-Захад».

Науседа дадаў, што на сустрэчы было нададзена вельмі шмат увагі «пытанню аб прадухіленні патрапляння электраэнергіі з небяспечнай АЭС у Беларусі на рынак балтыйскіх краін. Таму што сёння патрэбныя эфектыўныя, рэальныя меры, каб гэтая электрычнасць не трапляла на наш рынак і на рынак кантынентальнай Еўропы», — сказаў ён.

Каментуючы прадстаўленую ў аўторак урадавай камісіі новую трохбаковую методыку гандлю электраэнергіяй, якую плануецца прапанаваць Латвіі і Эстоніі, Науседа адзначыў, што неабходная дамоўленасць трох дзяржаў па гэтым пытанні. «Методыкі дзейнічаюць толькі тады, калі ёсць агульны кансенсус усіх дзяржаў, у адваротным выпадку яны пазбаўляюцца сілы. Таму па дадзеным пытанні нам яшчэ трэба дамаўляцца з нашымі партнёрамі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнтка Эстоніі некалькі разоў паўтарыла, што яе краіна наўпрост не купляе электрычнасць у Расіі, аднак на рынку краіны расійская электрычнасць прысутнічае. «І на самой справе частка выкарыстанай намі энергіі расійскага паходжання. Якая гэтая частка, мы не можам ацаніць», — пракаментавала яна.

Паводле слоў прэзідэнткі Эстоніі, неабходна як мага хутчэй абкласці падаткам электраэнергію з трэціх краін, дзе яна выпрацоўваецца на неэкалагічных станцыях, якія маюць канкурэнтную перавагу ў параўнанні з вытворцамі Еўрасаюза (ЕС).

«Мы працуем над тым, каб ЕС як мага хутчэй абклаў падаткам гандаль праз межы таму, што з-за высокага кошту CO2 Еўропа знізіла вытворчасць сваёй энергіі, і мы зараз не бачым, каб замест гэтага прыйшла зялёная энергія», — патлумачыла прэзідэнтка.

Яна спадзяецца, што краіны Балтыі паспяхова рушаць шляхам «азелянення» энергетыкі. Кальюлайд падкрэсліла, што праблема імпарту электраэнергіі з трэціх краін будзе вырашаная пасля сінхранізацыі трыма краінамі сваіх сетак з сеткамі мацерыковай Еўропы.

Як паведамлялася, літоўскі міністр энергетыкі Дайнюс Крэйвіс у аўторак сказаў, што Літва спадзяецца да канца чэрвеня дамовіцца з Латвіяй і Эстоніяй аб блакадзе БелАЭС. У іншым выпадку, у Літвы будзе план B. «Мы сёння прадставілі магчымую новую методыку, яе асноўныя прынцыпы (...) Яе галоўны прынцып заключаецца ў тым, што патраплянне электраэнергіі, якой будзе весціся гандаль на рынках краін Балтыі, магчыма толькі праз фізічныя перасекі, драты Латвіі і Эстоніі (...) Гандаль фізічным патокам, які ідзе праз мяжу Літвы, не ажыццяўляецца», — сказаў Крэйвіс журналістам на прэс-канферэнцыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: