Навошта нам Еўрапіяда?

У Беларусі з 21 па 30 чэрвеня пройдуць другія Еўрапейскія гульні. Улады пазіцыянуюць іх як адну з галоўных іміджавых падзеяў 2019 года — турыстычна-эканамічнага і спартова-палітычнага кшталту. Але што насамрэч нам з гэтых гульняў?

Фота Zavodfoto.ru

Аргкамітэт па правядзенні Еўрагульняў ачольвае прэм’ер-міністр Сяргей Румас, а кіраўнік краіны і па сумяшчальніцтве Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандр Лукашэнка ў сваёй звыклай манеры папярэджвае функцыянераў пра наступствы правалу.

Але што ўсцешнага з хуткага відовішча нам — і як падаткаплатнікам, і як заўзятарам? Колькі будуць каштаваць гэтыя спаборніцтвы і ці сапраўды акупяцца, як публічна планавалі ўлады? І ці Еўрапейскія гульні каціруюцца так, што нам варта чакаць плыні турыстаў і значнай цікаўнасці тэлегледачоў?


Прызавое марнатраўства

Вялікай колькасці «зорак» спорту на гэтых гульнях не будзе. Статус Еўрагульняў — факультатыўна-адборачныя спаборніцтвы. У 8 відах спорту з 15 у Мінску будуць разыграныя ліцэнзіі для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2020 года ў Токіа. І толькі двубоі ў боксе і дзюдо пройдуць у рангу чэмпіянатаў Еўропы. А шэраг спаборніцтваў будуць досыць экзатычныя — самба, аэробіка, баскетбол 3 на 3.

Аднак уладам Беларусі патрэбны бразгат шматлікіх медалёў, заваяваных на іх. Напрыканцы мінулага года, у снежні, на нарадзе па развіцці летніх відаў спорту Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў ад спорту: «Не дай Бог, вы праваліцеся на гэтых гульнях — вам у краіне месца няма! Вы абіралі віды спорту, я вам забяспечыў калідор, еўрапейцы пагадзіліся. Давайце вынік!»

На першых Еўрапейскіх гульнях 2015 года медалі заваявалі 68 беларускіх спартоўцаў. У медальным камандным заліку гэта было сёмае месца. Для параўнання: ад 1994 года з зімовых і летніх Алімпіядах мы прывезлі крыху меней за сотню ўзнагародаў. Па-першае, гэта ілюструе ўзровень канкурэнтнасці на спаборніцтвах, а па-другое, гэтая статыстыка вельмі важная для калькуляцыі прызавых грошай за медалі на Еўрагульнях, якія збіраецца выплаціць дзяржава.

Міністр спорту Сяргей Кавальчук для пераможнага заахвочвання заявіў аб прапанове, каб прызавыя для беларускіх медалістаў на Еўрапейскіх гульнях–2019 былі прыроўненыя па памерах да алімпійскіх. На апошніх Алімпіядах гэта былі 150 тысячаў долараў за залаты медаль, 75 тысяч — за сярэбраны і 50 тысяч — за бронзавы. Натуральна, на хатніх Еўрагульнях беларусы заваююць медалёў болей, чым чатыры гады таму, тым больш, што самі, як гаспадары, складалі праграму спаборніцтваў з відаў спорту. У выніку сума павінна атрымацца з прызавых больш за 5 мільёнаў долараў. Ці гэта не марнатраўства бюджэтных грошай разам з дэвальвацыяй статуснай каштоўнасці медалёў!? Дый для народа медалісты Еўрагульняў будуць не героямі, а халяўшчыкамі!


Турыстычны калькулятар

Еўрапейскія гульні — дарагое задавальненне. Дастаткова сказаць: спачатку планавалася, што сёлетнія спаборніцтвы прой­дуць у Галандыі, але там, прыкінуўшы выдаткі, адмовіліся. А першыя Еўрагульні правёў багаты на нафту Азербайджан.

Дый каштарыс выдаткаў, які агучваюць улады Беларусі, увесь час расце. Апошняй называлася сума 110 мільёнаў долараў. І вельмі верагодна, выніковыя выдаткі павялічацца, бо Сяргей Румас ужо панаракаў на тое, што з прыцягненнем буйных міжнародных спонсараў атрымліваецца ўсё далёка не так, як меркавалася. Сярод прэміум-партнёраў на сайце мінскіх Еўрапейскіх гульняў па-ранейшаму значыцца толькі наш «Беларуськалій».

Аналітык-міжнароднік, эксперт Цэнтра новых ідэяў Зміцер Лысюк зазначае: «Здаецца, у параўнанні з Азербайджанам, дзе правядзенне гульняў каштавала 1,12 мільярда долараў, грошы, выдаткаваныя на Еўрапейскія гульні ў Беларусі, не крытычныя. Аднак іх можна было б пусціць на штосьці больш карыснае. Напрыклад, міністр фінансаў не ведае, дзе сёлета знайсці грошы на павышэнне заробкаў».


Актуальнае, на яго думку, пытанне — наколькі эфектыўна выдаткоўваюцца народныя грошы. Так, кошт камплекта адзення валанцёра — амаль 500 долараў. Для параўнання, камплект формы львоўскіх валанцёраў на футбольным турніры Еўра–2012 абышоўся ў 50 долараў.

Ці не зашыкоўна праводзіць цырымоніі адкрыцця і закрыцця Еўрапейскіх гульняў у Мінску за 12 мільёнаў долараў? Адпаведны тэндар выйграла група кампаній вядомага расійскага кампазітара і прадзюсара Ігара Крутога. Хаця зноў жа — гэта значна танней, чым адкрыццё Еўрагульняў–2015 у Баку: з 95 мільёнаў долараў на гэтае відовішча, 2 мільёны пайшлі толькі на выступ Лэдзі Гагі. Дарэчы, квіткі на цырымонію адкрыцця гульняў на рэканструяваным мінскім стадыёне «Дынама» каштуюць ад 150 да 300 рублёў. Уваход на спаборніцтвы ацанілі ад 5 да 50 рублёў.

Паколькі Еўрапейскія гульні не выглядаюць на прэстыжныя спартовыя спаборніцтвы, не выпадае чакаць надзвычайнага прыбыцця ў чэрвені турыстаў. Хаця ўлады зрабілі для гэтага ўсё магчымае — у тым ліку пашырылі фармат бязвізавага наведвання нашай краіны замежнікамі. Цягам месяца, уключаючы паўтара тыдні да і пасля гульняў, тыя могуць патрапіць у Беларусь праз любы міжнародны пераход, а таксама праз Расію, маючы квіток на любое спаборніцтва. Хаця б на самае шараговае, за 5 рублёў. Нагадаем, паводле правілаў звычайнага «бязвізу», нашу краіну можна наведаць толькі самалётам праз Нацыянальны аэрапорт «Мінск». Да ўсяго зроблена яшчэ такая палёгка, як вызваленне ад спагнання збораў за праезд па платных аўтадарогах.

Каб ацаніць спартова-турыстычную цікавасць на еўрагульнявую чэрвеньскую дэкаду, «Новы Час» вывучыў кошты на мінскія апартаменты на гэты перыяд праз сусветна вядомыя папулярныя сэрвісы арэнды жытла. За тры месяцы да спаборніцтваў прапаноў, прычым па стандартных коштах, шмат. Хаця ёсць варыянты з яўна ўзнятым цэннікам. Арэндадаўцы кажуць, што ажыятажу, які быў перад Чэмпіянатам свету па хакеі ў Мінску ў 2014 годзе, няма. Хаця краінаў-удзельніц Еўрагульняў значна болей. На хакей прыехала каля 80 тысяч замежнікаў, цяпер, як прагназуецца, добра, калі Беларусь наведае палова ад гэтай колькасці.


Еўрамарафет

Канешне, факт правядзення Еўрагульняў, адпаведная прома-кампанія, тэлетрансляцыі спаборніцтваў і фотаздымкі турыстаў у сацсетках у абдымках з талісманам гульняў — лісянём Лесікам — працуюць на пашырэнне вядомасці Беларусі і на яе турыстычны патэнцыял. Частка выдаткаў на арганізацыю Еўрагульняў адаб’еццца з адтэрмінаваным плёнам, але перабольшваць разлікі не варта. Тым больш, што і сёння ніхто не скажа, у колькі ў выніку абыдзецца Беларусі гэтая Еўрапіяда.

Дарэчы, да пачатку другіх Еўрапейскіх гульняў будзе названая сталіца трэціх, якія пройдуць у 2023 годзе. У розны час у якасці прэтэндэнтаў называліся англійскі Манчэстар, ізраільская Хайфа, польскія Катавіцы, але цяпер у якасці верагоднага месца правядзення фігуруе толькі расійская Казань. Цікава, што ёсць яшчэ адны Еўрагульні, вядомыя якраз пад такім скаротам. Іх рэгулярна ладзіць, а сёлета — у Рыме, Еўрапейская федэрацыя ЛГБТ­-спорту. Афіцыйная назва спаборніцтваў — Еўрапейскія мультыспартовыя спаборніцтвы геяў і лесбіянак. У 2016 годзе ўдзел у іх узялі болей за 300 чалавек у 14 відах спорту.

Не трэба забывацца і на станоўчы эфект атмасферы еўрапеізацыі і разняволенай фестывалізацыі, які адзначалі многія жыхары сталіцы ў час Чэмпіянату свету па хакеі пяць гадоў таму: натоўпы турыстаў у горадзе, стракатасць розных сцягоў, магчымасць камунікацыі з прадстаўнікамі розных нацыяў. Дарэчы, гэта спрыяе і вывучэнню беларусамі замежных моваў, з якімі ў нас праблема нават у працаўнікоў сферы абслугоўвання: у тых самых крамах замежнікам часцяком даводзіцца стасавацца з прадавачкамі жэстамі. Адмысловыя моўныя курсы да спаборніцтваў ужо прайшлі некалькі соцень супрацоўнікаў міліцыі.

Хіба на карысць пойдзе і прынагодны метад «Дажынак», калі марафецілі малыя гарады, у якіх яны ладзіліся. Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў праводзяцца рамонт і рэканструкцыя спартовых аб’ектаў, а таксама сацыяльна-культурнай інфраструктуры.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!