Названыя беларускія гарады з найлепшымі ўмовамі для бізнесу

Журы з прадстаўнікоў бізнес-асацыяцый, банкаў і вядучых эканамістаў вызначыла рэгіёны Беларусі з найлепшымі ўмовамі для вядзення бізнесу, піша Радыё Свабода са спасылкай на «Ежедневник».
5sfer.com

5sfer.com

Штогод конкурс па вызначэнні найлепшага горада, рэгіёну і вобласці для вядзення бізнесу праводзяць Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва і Мінскі сталічны саюз наймальнікаў і працадаўцаў.

Па выніках рэспубліканскага конкурсу ў 2019 годзе ў намінацыі «Найлепшы абласны цэнтр Беларусі для бізнесу-2019» пераможцам прызнана Гродна. Лаўрэатам у намінацыі «Найлепшая вобласць для бізнесу Беларусі» стала Мінская.

Найлепшымі раёнамі для бізнесу (з колькасцю насельніцтва менш за 50 тысяч чалавек) сталі Пастаўскі, Брэсцкі, Брагінскі, Шчучынскі, Чэрвеньскі і Горацкі, з колькасцю насельніцтва больш за 50 тысяч чалавек — Лідскі.

Найлепшым раёнам для вядзення бізнесу ў Мінску прызнаны Маскоўскі раён.

Па словах старшыні Найвышэйшай каардынацыйнай рады Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзіміра Карагіна, конкурс дазваляе як выявіць слабыя месцы рэгіёнаў, так і стварыць канкурэнтнае асяроддзе ў эканоміцы і вызначаць лідараў.

«Ёсць некалькі асноўных крытэрыяў для вызначэння пераможцы, — растлумачыў Уладзімір Карагін. — У прыватнасці, ацэньвалася колькасць суб’ектаў гаспадарання, абʼём падаткаў, таксама журы вывучала розныя ініцыятывы і праекты, якія праводзяцца ў горадзе (раёне, вобласці), не менш важным быў такі крытэр як узаемадзеянне бізнесу з уладамі».

Як прызнаў Уладзімір Карагін, на тое, што патэнцыял рэгіёнаў розны, уплывае мноства фактараў.

«Гэта залежыць і ад мясцовых уладаў, асобы кіраўніка, ад створанай сістэмы падтрымкі прадпрымальніка ў раёне, ад наяўнасьці мясцовых рэсурсаў і праектаў, і вядома, ад актыўнасці самога бізнесу», — адзначыў ён.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!