«Не бачу, за кошт чаго эканоміка зможа выстаяць і дзе возьмуць грошы для выплат заробкаў і пенсій»

Як могуць упасці даходы беларусаў? Што азначае з'яўленне крэдытаў на ежу? Ці ёсць перспектывы росту эканомікі ў бягучай сітуацыі? На гэтыя пытанні спецыяльна для Myfin.by адказала экспертка аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Вікторыя Васілевіч.


Беларусам прапанавалі ежу ў крэдыт

Самая магутная гандлёвая сетка краіны абвясціла аб тым, што будзе выдаваць крэдыты на пакупкі: «Е-дастаўка» ад «Еўраопта» ужо прапануе тавары ў крэдыт. За хлеб з малаком беларусы змогуць разлічвацца на працягу года, — толькі б кошт замовы перавысіў 50 рублёў... Пра што гэта гаворыць?

— Прадбачлівы банк забяспечвае выручку свайго ўладальніка, справядліва мяркуючы пра падзенне даходаў насельніцтва ў сітуацыі краху эканомікі Беларусі. Асноўным акцыянерам «Статусбанка» з'яўляецца кампанія «Еўрагандаль», якая валодае ў тым ліку і сеткай магазінаў «Еўраопт» і «Е-дастаўкай». Менавіта гэты банк заявіў, што будзе выдаваць крэдыты пад 24% на 12 месяцаў і пад 25% гадавых — на 36 месяцаў. (На момант падрыхтоўкі матэрыялу з усіх варыянтаў застаўся адзін — пад 25% на 36 месяцаў — Заўв. рэд.). Гэта прамыя крэдыты на пражытак. Які, насуперак абяцанням улад, будзе даражэць штомесяц для карыстальнікаў паслугі «Статусбанка» на 2, 083% у месяц.

Пры гэтым ёсць абмежаванне : крэдыты на ежу не выдаюцца грамадзянам Беларусі, старэйшым за 67 гадоў. Як жа так? Чаму ўладальнікі «Еўраопта» пазбаўляюць пенсіянераў 67+ магчымасці купляць ежу ў крэдыт?

Бо калі чалавек робіць гэта, то ён, хутчэй за ўсё купляе, не труфелі і чорную ікру — гэта вымушаная мера, да якой людзі звяртаюцца тады, калі не могуць дазволіць сабе задавальненне элементарных патрэб на сваю зарплату або пенсію.

Прапанову гэтую складана ацаніць — калі няма чаго есці, чалавек пойдзе на тое, каб за любыя грошы пракарміць сваю сям'ю, дзяцей і, магчыма, нават унукаў. Больш за 2% у месяц — гэта высокі кошт для тых беларусаў, хто не валодае іншымі грашыма, акрамя пазыковых. Праблему я бачу яшчэ і ў тым, што нават такі дарагі крэдыт у цяперашніх умовах не ўсе грамадзяне нашай краіны могуць сабе дазволіць.

Другая спроба

Выкажу здагадку, што з'яўленне гэтага крэдыту — адсутнасць магчымасці карыстацца картамі растэрміноўкі…

— Я так разумею, што яны засталіся, але снежны ком праблем у эканоміцы ўсёабдымны, і падобна на тое, што карты растэрміноўкі ўжо выкарыстаныя многімі пакупнікамі — авердрафт жа не бясконцы, — таму і з'явіўся новы крэдытны прадукт ад «Еўраопта».

Што цікава, у Беларусі не ўпершыню запускаюць падобную праграму. Першая спроба датаваная пачаткам ХХІ стагоддзя, калі яна не знайшла водгуку з боку спажыўцоў нават у той нялёгкі момант у жыцці краіны.

І вось праз 25 гадоў у «стабільнай і квітнеючай» Беларусі з'явіўся крэдыт на ежу пад высокі (на погляд жыхара суседніх Польшчы, Літвы, Латвіі і нават Расіі) адсотак. І на сёння ён, на маю думку, будзе запатрабаваны несумненна — па той простай прычыне, што дзясяткі тысяч беларусаў даўно не атрымліваюць зарплату, на якую яны мелі б магчымасць пракарміць сям'ю і забяспечыць куплю прадметаў першай неабходнасці — няхай гэта будуць прадукты, адзенне, абутак.

Не заробак — а дапамогу за кошт бюджэту

Калі самая буйная гандлёвая сетка, якая ахоплівае ўсю тэрыторыю краіны, вырашае прадаваць ежу ў крэдыт, ці не гаворыць гэта пра сістэмныя праблемы з даходамі насельніцтва?

— Прымаючы гэтае рашэнне, у кампаніі напэўна абапіраліся на шырокую статыстыку, якая пацвярджае, што пакупніцкая здольнасць беларускіх заробкаў вельмі нізкая. Але сітуацыя пагаршаецца тым, што ў апошнія гады на яе накладваецца нізкая плацежаздольнасць прадпрыемстваў, на якіх лічацца работнікі. Няма ніякіх перспектыў — бо людзі фактычна атрымліваюць не заробак, а дапамогу па беспрацоўі — хоць юрыдычна гэта аформлена інакш.

Дзясяткі, нават сотні дзяржпрадпрыемстваў стратныя, яны працуюць на склад: хоць і вырабляюць нейкую прадукцыю, але рэалізаваць яе не могуць. У іх няма не тое што магчымасцей развівацца, але нават магчымасцей плаціць заробак сваім работнікам за кошт уласных сродкаў!

Гэтыя прадпрыемствы не здольныя забяспечыць рост заробкаў ні за кошт сваёй эфектыўнасці, прадукцыйнасці працы, ніякім іншым чынам. Гэта замкнёнае кола, па якім сотні прадпрыемстваў «бегаюць», загнаныя туды некампетэнтным кіраваннем эканомікай.

Гэта адбывалася даўно, але ў апошнія гады комплекс праблем стаў абсалютна невырашальным для цяперашняй улады.

Таму беларусы вымушаныя атрымліваць мізэрныя заробкі, якія памяншаюцца як у пакупніцкай здольнасці і валютным эквіваленце, так і ў параўнанні з прыбыткамі нашых суседзяў — палякаў, літоўцаў, латышоў, — якія пастаянна растуць.

Справа дайшла да таго, што нават такі мізэр прадпрыемствы выплаціць у створанай цяперашняй уладай эканамічнай сістэме не могуць: у Гродзенскай вобласці адно з прадпрыемстваў будаўнічай галіны (паводле паведамленняў работнікаў) толькі пасля пагрозы страйку ў лютым выдала смяхотны аванс — 10-15% ад заробку. Як людзям з сем'ямі пражыць на 50-70 рублёў два тыдні? Толькі калі браць ежу ў крэдыт — гэта відавочна.

Кліентаў у «Статусбанка» дадасца

Ці ёсць у цяперашняй улады рэзервы? За кошт чаго яна можа паспрабаваць выправіць жахлівую для беларусаў сітуацыю?

— Тэндэнцыя застаецца сумнай як для ўлады, так і для беларусаў — зарплата падае: у студзені 2020-га налічаная («брудная», да выплаты падаткаў) складала 1118,1 рубля (527,7 долара па сярэднямесячным курсе Нацбанка), у студзені 2021-га — 1290 рублёў (502,6 долара). Нават дадзеныя Белстата пацвярджаюць тое, што суседзі беларусаў атрымліваюць у 1,5-2 разы больш... але гэта «тэмпература па бальніцы, уключаючы морг і рэанімацыю» — «медыя» куды ніжэй.

Да таго ж, многія галіны паказваюць катастрафічнае падзенне заробкаў у параўнанні са студзенем 2020 года — у транспарце, турызме, грамадскім харчаванні, гасцінічным бізнэсе зарплаты абваліліся месцамі на 30%. Дзясяткі тысяч людзей зусім былі звольненыя. І гэтыя беларусы, у адрозненне ад суседзяў, не атрымалі ніякай рэальнай дапамогі ад дзяржавы. Так што яны — тыя самыя патэнцыйныя кліенты «Статусбанка», вымушаныя купляць ежу ў крэдыт.

І, што важней, — я прадбачу яшчэ большыя лічбы падзення ўзроўню даходаў беларусаў.

Айцішнікі і пасяўная

— Адкуль эканоміка атрымае развіццё, за кошт якіх пунктаў росту? Учора гэта быў ІТ-сектар, сёння ён знішчаецца і больш не будзе лакаматывам, які цягне нашу эканоміку. Так што падзенне ўсёй беларускай эканомікі аўтаматычна прывядзе да падзення даходаў насельніцтва краіны.

Не варта забываць, што павялічаны па многіх напрамках і групах тавараў ПДВ — гэта прамы падатак для папаўнення казны. Такім чынам, улада заклапацілася яе папаўненнем, узняўшы падаткі? І чым, як не фігавым лістком, з'яўляецца пастанова Савета Міністраў №100, якая абмежавала рост цэн на 62 прадукты харчавання і 50 відаў лекаў? Яна бліскуча пацвярджае тое, што ўлада разумее, што пачнецца дзікі рост цэн, абумоўлены якраз яе рашэннямі — аб двухразовым ўзлёце ПДВ і павелічэнні іншых падаткаў.

Што з гэтага вынікае? Пры паскораным росце цэн на шырокі спектр тавараў (у першую чаргу ПДВ таму віной) і вымыванні з паліц крам і аптэк названых у пераліку прадуктаў і лекаў беларусы атрымаюць пагаршэнне свайго становішча.

Эканоміка не мае прагляданых перспектыў — я не бачу, за кошт чаго яна зможа выстаяць і дзе цяперашняя ўлада возьме грошы для выплат заробкаў і пенсій.

Да таго ж, наперадзе пасяўная, на якую год таму было ўбухана 1,8 млрд. рублёў. Сёлета спатрэбіцца больш за 2 млрд. рублёў.

На што ва ўлады ў Беларусі ёсць сродкі? На заработныя платы сілавому блоку. А на сацыяльныя праграмы, пенсіі? Калі ўрад пралічвае і агучвае вуснамі прэм'ера Рамана Галоўчанкі вясёлкавыя перспектывы разліку па ўжо наяўных дзяржаўных пазыках, то чаму стаіць з працягнутай да Крамля рукой?

Відавочна і страшна: фінансавы рэсурс Беларусі вычарпаны. Эканоміка разбурана, малы і сярэдні бізнес падвергнуты астракізму і прысуджаны з высокай трыбуны да «вышэйшай меры».

Надзея на розум, назапашванні, самаарганізацыю

Што будзе з заробкамі, даходамі? Чаго варта чакаць беларусам?

— Цалкам верагодна, што ўлада прыкладзе максімум намаганняў для таго, каб выдаваць усё больш рублёў, а Нацбанк, у сваю чаргу (пакуль ім кіруе Павел Калаўр), будзе ўсяляк перашкаджаць гэтай заганнай практыцы.

Пытанне ў тым, колькі ў яго рэсурсу, перш за ўсё, асобаснага, колькі ён зможа стрымліваць гэтыя намеры. Бо, насуперак яго палітыцы, друкаваны станок у другой палове 2020-га ўжо запрацаваў: пачалася раздача грошай хранічна стратным дзяржпрадпрыемствам, і гэта мільярды рублёў...

Падкрэслю, зараз не час гаварыць пра рэальны рост даходаў — пры узляцелых цэнах на прадукты і іншыя тавары намінальнага росту заработнай платы на некалькі адсоткаў будзе недастаткова нават для падтрымання ранейшага становішча.

Рэальны ж пералік — што на запалкі (з пастановы №100), што на каўбасу, — дае любому беларусу дакладнае паняцце таго, што ён бяднее. Або галее. У залежнасці ад адпраўной кропкі.

У першую чаргу, з-за таго, што цэны растуць і будуць расці. Таму што бюджэт, які трашчыць па швах, павінен атрымліваць свой ПДВ — бо чым больш цана тавару, тым большы гэты падатак, ад выплаты якога «ні збегчы, ні схавацца». А з іншых крыніц паступленні ўсё ніжэй.

Другая прычына — намінальны (хай і сімвалічны) рост заробкаў, і прамая прычына гэтага — уключэнне друкаванага станка пры масе стратных прадпрыемстваў.

У выніку вырасце ўвесь кошык валют — як долар, так і еўра, і нават расійскі рубель.

Мяркую, калі эканоміка працягне кіравацца такім жа чынам, велізарныя бюджэтныя сродкі будуць убухвацца ў стратныя прадпрыемствы, гэта прывядзе да яе поўнага краху.

І беларусам у такім выпадку трэба рыхтавацца выжываць — за кошт уласных назапашванняў, розуму, самаарганізацыі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: