Не цешцеся дарэмнымі спадзяваннямі

Беларусам зноў прапануецца пацешыць сябе  спадзяваннямі на лепшую будучыню. Некалькі дзён таму беларускія медыя распаўсюдзілі вынікі чарговага апытання, якое правяла Беларуская аналітычная майстэрня (Варшава) пад кіраўніцтвам Андрэя Вардамацкага.


Эканамічнае становішча Беларусі на сёння як «вельмі добрае» ацанілі толькі 0,1% апытаных, як «добрае» — 3,8%, як «сярэдняе» — 38,4%. «Дрэнным» яго лічаць 39,3% рэспандэнтаў, «вельмі дрэнным» — 15%. 3,4% — не змаглі адказаць. Эканамічнае становішча сваёй сям'і вельмі добрым назвалі 0,4%, добрым — 5,7%, сярэднім — 50,5%, дрэнным — 33,5%, вельмі дрэнным — 8,6%. Пры гэтым 2% рэспандэнтаў адзначылі, што за апошні месяц становішча іх сем'яў палепшылася. У 56,5% яно засталося ранейшым, у 40,3% — пагоршылася.

Розныя медыя зараз абсмоктваюць іншае: на пытанне, ці патрэбныя Беларусі эканамічныя рэформы, 78,9% адказалі «так», 8,4% — «не». Не змаглі адказаць 10,1%, адмовіліся ад адказу — 2,5%. З тых, хто выступае за рэформы, 57,4% лічаць, што сутнасць рэфармавання павінна заключацца ў памяншэнні ролі дзяржавы ў эканоміцы. 31,1%, наадварот, мяркуюць, што дзяржава павінна павялічыць сваю ролю ў эканоміцы. Не змаглі адказаць 11,2% апытаных.

Здавалася б, вось яно: народ гатовы да рэформаў, прагне іх, яшчэ крыху — і пойдзе на вуліцы з плакатамі «Дзе наш Бальцаровіч?!» і «Яраслаў Раманчук, балатуйся зноў!».

Але ў рэальнасці ўсё не так, як падаецца. І цяперашняе апытанне толькі пацвярджае вядомую тэзу пра тое, што «голыя» сацыялагічныя дадзеныя і іх тлумачэнне — дзве вялікія розніцы.

Гэта ўжо далёка не першае апытанне з падобнымі вынікамі. Такія апытанні праводзяцца рэгулярна, і заўсёды паказваюць, што беларусы — амаль што лібертарыянцы ў душы. Папярэднія падобныя вынікі тая жа БАМ атрымала ў красавіку 2014-га, маі 2015-га і снежні 2016-га. Яны праводзіліся ў межах праекту «Рэфорум» Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS). Тыя апытанні таксама паказалі, што прыхільнікаў рэформаў у краіне, як і цяпер, больш за 70%.

Праўда, пэўныя варыяцыі, натуральна, прысутнічалі. Напрыклад, у 2016 годзе ў параўнанні з 2014-м прыкметна вырасла колькасць прыхільнікаў хуткіх рынкавых рэформаў — і паменшылася тых, хто падтрымаў бы толькі паступовы пераход да рынку. Апроч таго, у «сытым» 2014-м толькі 33% апытаных лічылі, што ролю дзяржавы ў эканоміцы трэба паменшыць. А ў 2017-м — ужо 57%.

Але трэба разумець: калі людзі патрабуюць «памяншэння ролі дзяржавы ў эканоміцы», гэта зусім не азначае, што яны гатовыя да радыкальных рынкавых рэформаў па прыкладзе краін Вышаградскай групы напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Найперш, людзі не гатовыя страціць сваю сацыяльную абароненасць. Яны насамрэч не жадаюць, каб дзяржава душыла «іпэшнікаў» і гулялася з падаткамі па сваім жаданні. Але гэтыя ж людзі будуць катэгарычна супраць падвышэння пенсійнага ўзросту (што непазбежна пры нашай крытычнай дэмаграфічнай сітуацыі), супраць свабодных коштаў на прадукты і 100-працэнтнай аплаты праезду ў грамадскім транспарце і паслуг ЖКГ.

Тут можна правесці аналогію з апытаннямі (ад таго жа Вардамацкага ў тым ліку), якія паказваюць, што кожны трэці беларус жадае з'ехаць з краіны. Жадаць можна колькі заўгодна, але лічаныя працэнты рэальна гатовыя трываць усе нягоды першых гадоў эміграцыі. З эканамічнымі рэформамі сітуацыя тая ж.

Фота qna.center

«Хай зробяць за мяне!»

Ёсць феномен, добра вядомы адмыслоўцам, якія займаюцца пераўтварэннем гарадскога асяроддзя. Гараджане гатовыя галасаваць за любыя змены да лепшага — за будаўніцтва новых сучасных парковак, дзіцячых садоў, за пераўтварэнне жылых кварталаў на сучасны экалагічны лад… Але калі гэта павінна адбыцца ў двары іх дома — яны рэзка выступаюць супраць. Урбаністы так і завуць гэты феномен: «Толькі не ў маім двары».

З рэформамі — тое ж самае. Беларусы лічаць, што даўно прыспеў час праводзіць у краіне рэформы. Але не гатовыя да таго, што ім прыйдзецца непасрэдна ў гэтым удзельнічаць. Не верыце — паразмаўляйце з суседам або сваяком. Вось тыповы падобны дыялог:

— Лукашэнка, навалач, падвысіў пенсійны ўзрост, я цяпер пазней выйду на пенсію і атрымліваць менш буду!

— А ты не адкладаеш грошы для пенсіі сабе на банкаўскі рахунак?

— Навошта? Дзяржава жа павінна пенсію плаціць!

Я нават разумею кіраўніка Беларусі, які не аднойчы ўжо заяўляў з трыбуны: «Я да рэформаў гатовы. Але ці гатовыя вы ўсе?»

Выступаючы за рэформы, «за кадрам» нашы суграмадзяне мяркуюць, што гэтыя рэформы будзе праводзіць урад — і ён жа на перыяд рэформаў забяспечыць годны ўзровень сацыяльнай абароны. Прафесійныя эканамісты ведаюць, што гэта немагчыма, але ці шмат іх?.. Да таго ж пра рэформы часцей публічна разважаюць не эканамісты, а палітыкі. Якія, мякка кажучы, не заўсёды схільныя казаць праўду.

«Чыста псіхалагічна, у падсвядомасці, людзі ставяць знак роўнасці паміж паняццем «рэформы» і паняццем «добрае жыццё». Бо яны ведаюць, што, скажам, Польшча правяла рэформы, і бачаць, як жывуць сёння палякі, — тлумачыць псіхолаг Марына Тараненка. — Тыя ж людзі ведаюць, што сам перыяд рэформаў — гэта беспрацоўе, рост коштаў і наогул цяжкае жыццё. Але чалавечы мозг уладкаваны так, што прыбірае гэта са свядомасці, пакідаючы толькі пазітыўны малюначак».

Такім чынам, мы бачым адразу дзве праблемы: псіхалагічны феномен завышаных чаканняў ад рэформаў і «грамадзянскі інфантылізм» — чаканне, што рэформы правядзе ўрад, а чалавек будзе толькі карыстацца іх выгодамі.


«Кажучы пра рэформы, людзі маюць на ўвазе рост свайго дабрабыту і паляпшэнне працы некаторых сфер — у першую чаргу, медыцыны і адукацыі, — канстатуе аналітык «Ліберальнага клуба» Мікіта Бяляеў. — Нашы даследаванні паказваюць, што насельніцтва не гатова несці страты ў найбліжэйшым даляглядзе дзеля эфекту ў будучыні. Неабходнасць прысутнасці дзяржавы ў шмат якіх сферах жыцця — гэта псіхалагічны фактар, традыцыйная надзея беларусаў на дзяржаву, на добрага кіраўніка, які дазволіць пераадолець крызісныя для краіны часы».

Гэта пацвярджае аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Аляксандр Аўтушка-Сікорскі: «Людзі хочуць, каб дзяржава кантралявала правядзенне рэформаў. Насельніцтву важна ведаць, што існуюць пэўныя надзейныя механізмы абароны. Напрыклад, грамадзяне выступаюць за ўвядзенне страхавой медыцыны, — але зыходзяць з таго, што роля дзяржавы ў ахове здароўя пры гэтым застанецца высокай».

Пры гэтым беларусы нават не ўяўляюць сябе ў ролі ініцыятараў рэформаў. Яны звыкліся, што ўсялякія пераўтварэнні ў краіне адбываюцца толькі па ініцыятыве дзяржавы або нейкіх вонкавых сілаў. «Большасць беларусаў нават не ўяўляюць, што суб'ектам актыўных дзеянняў, такіх, як рэформы, могуць быць структуры грамадзянскай супольнасці, гэта значыць яны самі», — кажа дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

І апошняе: давайце прыгадаем, чаго жадалі людзі, якія выходзілі на акцыі пратэсту ў вясну цяперашняга года. Я ужо пісаў, што іх лозунгі былі выключна «левыя»: усеагульная занятасць, падвышэнне заробкаў і пенсій, стрымліванне росту коштаў і тарыфаў ЖКГ. Але галоўнае — пераразмеркаванне грамадскіх выгодаў «зверху», а не праз стварэнне новай грамадскай мадэлі.

Вынікам рэформаў, на думку большасці беларусаў, павінна стаць палітычная і сацыяльна-эканамічная сістэма, падобная да скандынаўскай: са слабым расслаеннем на багатых і бедных, усеагульным дабрабытам і высокім узроўнем сацыяльных гарантый. Але мала хто гатовы ў абмен аддаваць у якасці падаткаў палову сваіх прыбыткаў. Акрамя таго, за дабрабытам Скандынавіі або Германіі стаіць актыўны ўдзел грамадзян у палітычным жыцці краіны. У паўсядзённым, а не ад выбараў да выбараў, ад мітынгу да мітынгу.

Такога досведу ў беларусаў пакуль няма.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: