Ці там шукаюць «дармаедаў»?

Ідэя «дармаедскага дэкрэту» з’явілася ў 2014 годзе — пяцігодку таму! Колькі за гэты час было выдаткавана высілкаў, фінансаў і чалавека-гадзін працы на тое, каб увасобіць яго ў жыццё? Толькі на адмове ад «дэкрэту» мы б ашчадзілі столькі, што маглі б набываць газ па сусветных коштах, і не парыцца з «інтэграцыямі».

Марш недармаедаў у Мінску. Фота Уладзіслава Рубанава

Раней нас палохалі, што з 2020 года беларусы будуць аплачваць 100 працэнтаў камунальных паслугаў. Аднак падобна на тое, што гэтыя планы адкладаюцца. Як і сарваліся планы выцягнуць грошы пад «дэкрэт аб дармаедах».

Планавалася, «не занятыя ў эканоміцы» з 1 кастрычніка павінны былі плаціць за газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне па стопрацэнтных тарыфах. Але тэрміны гэтай аплаты былі перасунутыя на травень 2020 года. Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Андрэй Лабовіч патлумачыў адтэрміноўку для «дармаедаў» тым, што нібыта не атрымалася апрацаваць усе звесткі пра незанятых у эканоміцы грамадзянаў. Па словах чыноўніка, яны паступаюць амаль з 50 (!) крыніц.

Што толькі ні рабілі ўлады, каб палічыць гэтых «дармаедаў»! Адпраўлялі хадзіць па кватэрах работнікаў ЖЭС, МНС, настаўнікаў. Міністэрствам адукацыі таксама была створаная «база навучэнцаў» для абмену інфармацыяй з Мінпрацы. А ў выніку туды запісвалі ўсіх — жанчын у дэкрэце, пенсіянераў, і нават тых, хто памёр. Усё для таго, каб «апраўдаць» словы вышэйшага кіраўніка пра 500 тысячаў «не занятых у эканоміцы». Атрымалася — як заўсёды. 500 тысячаў, канешне, налічылі — у нашай дзяржаве кіраўнік не памыляецца. Але насамрэч апынулася, што гэта «мёртвыя (іншым разам — у прамым сэнсе гэтага слова) душы».

А з «мёртвых душаў» аплаты не возьмеш. Вось і давялося адкласці «папаўненне бюджэту».

Між тым, са словаў Лабовіча вынікае цікавая рэч — адкладаюцца планы і пра тое, што з 2020 года ўсе беларусы не будуць плаціць 100 працэнтаў за камунальныя паслугі, як гэта раней неаднаразова абвяшчалася. Газа- і цеплазабеспячэнне якраз і ўваходзяць у паслугі ЖКГ. Аднак, калі нават для «дармаедаў» поўная аплата гэтых паслуг была перанесеная на травень будучага года, то пра «сумленных» грамадзян і размовы не ідзе.

Блытаніну з дадзенымі «з 50 крыніц» улады, напэўна, збіраюцца вырашыць проста. Яны разлічваюць, што беларусы па шчырасці сваёй ім і самі ўсё раскажуць. Паводле дадзеных тых жа ўладаў, «самазакладанне» ідзе рэкорднымі тэмпамі — за 4 дні больш за мільён грамадзян краіны ўжо ўзялі ўдзел у перапісе насельніцтва. А канкрэтна — па стане на 11:30 8 кастрычніка 1 мільён 176,8 тысяч чалавек былі перапісаныя. З іх 546,5 тысячы прайшлі перапіс праз інтэрнэт.

На цікавыя пытанні перапісу звярнуў увагу пісьменнік Віктар Марціновіч. Прынамсі, на тое, што ў анкеце няма пытанняў пра тое, колькі моваў чалавек ведае, ці пра іншыя нармальныя рэчы. «Гэта дзяржаве не важна. Што ёй важна — гэта дзе дакладна вы жывяце, да якога тэлефоннага нумару прывязаны ідэнтыфікатар у вашым пашпарце, якой маёмасцю валодаеце, дзе працуеце. Ці плануеце выехаць з Беларусі (чытай — на падпрацоўкі)? Ці была ў вас праца з 27 верасня 2019 па 3 кастрычніка 2019-га (чаму, дарэчы, такі перыяд?)? Як часта выязджалі на працу на тэрыторыю іншай дзяржавы? Такіх пытанняў — дзве старонкі з чатырох у апытальным лісце! Прачытайце гэтыя фармулёўкі: “Якія крыніцы сродкаў на існаванне (укажыце асноўную крыніцу!)?” “Дзе ажыццяўляецца ваша праца?” “Дзе знаходзіцца месца вашай працы?”», — піша ён. І заўважае — гэта не статыстыка. Гэта агульнарэспубліканскі допыт, каб выявіць тых самых «дармаедаў».

Не ведаю, наколькі такі хітрык атрымаецца ў дзяржавы. Беларусы ўсё ж шчырыя — але таксама не дурні. Аж да таго, што некаторыя паспрабавалі перапісаць праз інтэрнэт сваіх хатніх жывёлаў, нівелюючы тым самым вынікі «агульнарэспубліканскага допыту».

Між тым, улада марнуе грошы, якіх, нібыта, няма адкуль узяць. І няма пакуль разумення, колькі ўзяць трэба, бо мы не ведаем, колькі іх спатрэбіцца. Напрыклад, газавы кантракт з Расіяй заканчваецца ў гэтым годзе, і на тыдні прайшлі перамовы па гэтым пытанні. Прычым, яны тычацца не толькі газу, але і аб’ёму паставак.

Найперш, аб’ём можа быць ніжэйшы ў сувязі з запускам БелАЭС — з перакладам часткі электрагенерацыі на АЭС краіна будзе мець патрэбу ў меншым аб’ёме газу. А калі АЭС не запусціцца?

Да таго ж Расія настойвае на вырашэнні гэтага пытання пасля распрацоўкі дарожных картаў у рамках праграмы інтэграцыі. Як вядома, дарожныя карты павінны быць падрыхтаваныя да снежня. Плануецца, што кіраўнікі краін іх падпішуць 8 снежня, у гонар 20-годдзя Саюзнай дамовы. А калі не падпішуць?

Раней паведамлялася, што газавае пагадненне не ўваходзіць у пакет інтэграцыйных дакументаў. Зноў падманулі?

Таму ўлады звыкла бяруць грошы там, дзе яны, нібыта, ёсць: з кішэняў насельніцтва. У Мінску кантралёры атрымалі права спыняць аўтобусы і тралейбусы на «незапланаваных прыпынках» і ўломвацца ў салон, каб знайсці «зайцаў».

Наколькі гэта падвысіць «зборнасць» штрафаў, сказаць цяжка. Наўрад ці сума будзе велічэзнай. Аднак, што можна сказаць дакладна — гэта выкліча (і ўжо выклікае) моцную незадаволенасць народа такімі дзеяннямі. «Да чаго мы коцімся? Гэта мы злачынцаў ловім? Я шмат у якіх краінах свету была — і гэта проста прыніжэнне народа, мне сорамна за краіну!» — можна пачуць у мінскіх аўтобусах. Прычым, як паведамляюць журналісты, што паездзілі з кантралёрамі ў першы дзень такой практыкі, абураюцца не «безбілетнікі», — абураюцца тыя, хто сумленна аплаціў праезд.

Бо, сапраўды, такая практыка прымусовага спынення транспарту — гэта прыніжэнне ўсіх пасажыраў. Выглядае, што ад пачатку іх усіх запісваюць у «патэнцыйныя злачынцы», а толькі потым разбіраюцца…

Між тым, грошай у дзяржавы, насамрэч, процьма. Іх толькі трэба ўмець ашчаджаць. Задумайцеся: ідэя «дармаедскага дэкрэту» з’явілася ў 2014 годзе — пяцігодку таму! Колькі за гэты час было выдаткавана высілкаў, фінансаў і чалавека-гадзін працы на тое, каб увасобіць яго ў жыццё? Колькі падаткаплацельшчыкам каштуе зборышча адной «дармаедскай камісіі»? Колькі грошай (а праца праграмістаў — не танная) трэба, каб апрацаваць «дадзеныя з 50 крыніцаў»?

Толькі на адмове ад «дармаедскага дэкрэту» мы б ашчадзілі столькі, што маглі б набываць газ па сусветных коштах, і не парыцца з «інтэграцыямі».

А калі яшчэ падкараціць штат ідэолагаў, — усё роўна дасюль ніхто не ведае, што такое «беларуская ідэалогія», — мы б і транспарт, напэўна, маглі б зрабіць бясплатным.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!