Рады бы ў рай, але ж грахі долу цягнуць

Падаецца, сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ўсё ж мелі нейкі эфект. Прынамсі, апошнімі днямі кіраўнік Беларусі толькі і робіць, што «бярэцца за эканоміку».


На гэтым тыдні Лукашэнка таксама заявіў: «Я ўжо казаў, што эканоміка — гэта прыярытэт нумар адзін. І калі чагосьці баяцца, то трэба баяцца і дрыжаць за эканоміку, каб яна развівалася, як мае быць». І прамовіў ён гэта на сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, які да той самай эканомікі мае хіба што апасродкаванае дачыненне.

У нашай краіне і знешні гандаль з’яўляецца абавязкам дыпламатаў. Не ведаю, наколькі гэтая сітуацыя нармальная, канешне. Аднак я ніколі не чуў, каб пасол Кітаю ў Беларусі апекаваўся і прасоўваў бы дзейнасць у нашай краіне, напрыклад, AliExpress. Там і так танныя тавары з Паднябеснай — чаго іх прасоўваць? Яны самі сябе прасунуць. Але ў нас — усё па-свойму.

Ведамства Макея, безумоўна, павінна весці перамовы наконт дамоваў і пратаколаў, якія б спрыялі гандлю беларускімі таварамі ў свеце. Але вось менавіта з гэтым — праблема. І праблема гэтая, дарэчы, зусім не Макея.

Па выніках сустрэчы кіраўнік МЗС паведаміў, што Сінявокая ціхенька, але ўпэўнена рухаецца ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. За апошнія паўтара года Беларусь заключыла 8 пратаколаў з рознымі дзяржавамі наконт уступлення ў СГА. Агулам наша дзяржава падпісала ўжо 18 такіх пратаколаў, засталося правесці перамовы яшчэ з васьмю дзяржавамі. «Але кіраўніком дзяржавы выразна пастаўленая ў чарговы раз задача, выказаная пазіцыя наконт таго, што ўступленне ў СГА для нас не самамэта», — сказаў міністр і дадаў, што рашэнне пра ўступленне Беларусі ў СГА будзе прынятае толькі пасля таго, як беларускія ўлады пераканаюцца, што гэта прынясе «канкрэтныя эканамічныя дывідэнды».

Насамрэч, я думаю, міністр штосьці недагаворвае (які ж з яго дыпламат, калі ён скажа ўсё?). Насамрэч, Беларусь, можа быць, і хацела б правесці гэты працэс хутчэй. Але нормы (хутчэй, маральныя) СГА гэтага не дазваляюць. Насамрэч, складваецца сітуацыя кшталту «рады бы ў рай, але ж грахі долу цягнуць».

Справа ў тым, што СГА працуе ў даволі шчыльнай звязцы з Міжнароднай арганізацыяй працы. А Міжнародная арганізацыя працы даўно пазбавіла Сінявокую гандлёвых прэферэнцый за жорсткае і сістэматычнае парушэнне правоў прафсаюзаў і працоўных. А, гледзячы на нашы выбрыкі з «падаткам на дармаедаў» і «справай РЭП», дык увогуле да Беларусі ставяцца як да хворага на праказу. То бок, нармальныя людзі імкнуцца трымацца ад нас далей.

Улічваючы цесную супрацу СГА і МАП, я не здзіўлюся, што падпісанне пратаколаў з васьмю дзяржавамі (сярод якіх, на хвілінку, і ЗША з іх санкцыямі ды Актам аб дэмакратыі ў Беларусі) зацягнецца на нявызначаны тэрмін.

Безумоўна, адна з галоўных падзеяў мінулага тыдня — тое, што Расія вырашыла скараціць у Беларусь пастаўкі нафтапрадуктаў. Кіраўнік падатковага дэпартамента Мінфіна РФ Аляксей Сазанаў заявіў, што пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь могуць зваліцца больш чым у 10 разоў і з 2019 года складуць 100–300 тысяч тон на год. Гэта нават здзіўляе, бо ў Беларусі — два нафтаперапрацоўчых прадпрыемствы, навошта нам расійскія нафтапрадукты?

Але не ўсё так проста. Справа ў тым, што мы тут прымяняем звыклую схему: атрымліваем танныя нафтапрадукты ад Расіі па ўнутрырасійскіх коштах і пускаем іх на ўласны рынак. А тое, што ствараюць «Нафтан» і Мазырскі НПЗ — даражэйшыя нафтапрадукты, — пускаем на экспарт.

Менавіта таму ў нас танны, у параўнанні з суседзямі, бензін, і менавіта таму павышэнне коштаў на паліва тлумачыцца складанасцямі на нашых НПЗ і «недаатрыманнем імі выручкі».

Расія вырашыла прыкрыць гэтую «нафтавую шчыліну», якой карысталіся беларускія ўлады. Праблема палягае ў тым, што імпарт нафтапрадуктаў быў істотнай крыніцай прыбытку і для бюджэту, і для тых, хто набліжаны да ўлады. Зараз жа «ператаможка», калі нафтапрадукты траплялі на беларускі рынак, а затым ішлі на продаж, пад ударам. То бок, нам давядзецца больш дарагое паліва айчынных НПЗ прадаваць і на ўнутраным рынку, бо таннага расійскага будзе не хапаць. І, адпаведна, знізіцца экспарт «нашых» нафтапрадуктаў — таму што яго таксама будзе не хапаць.

Я не выключаю, што ў нечым такая сітуацыя беларускімі ўладамі пралічвалася. Апошнія падаражанні бензіну на 1–2 капейкі, але хіба не штодзень, і закліканыя паступова давесці кошт бензіну да нармальнага, але так, каб не выклікаць сацыяльнага выбуху. Каб не паўтарыліся акцыі «Стоп бензін!» мінулай пяцігодкі.

У любым выпадку, з расійскім падаткам на здабычу карысных выкапняў «нафтавая лафа» скончыцца даволі хутка, і да гэтага трэба быць гатовым.

І яшчэ цікавыя лічбы раскапалі розныя нячэсныя журналісты. Бліжэй да 1 верасня беларускія тэлеканалы з прыдыханнем паведамлялі аб адкрыцці ў краіне да навучальнага года трох новых школ. Але нехта паглядзеў на сітуацыю з іншага боку і палічыў, колькі школаў былі закрытыя.

Як паведамляе Белстат, на пачатак 2017/2018 навучальнага года ў краіне налічвалася 3067 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Колькасць навучэнцаў у параўнанні з пачаткам 2016/2017 навучальнага года павялічылася на 12 тысяч і склала 995 тысяч чалавек. У 2016/2017 годзе навучання, як паведамляла БЕЛТА са спасылкай на Міністэрства адукацыі, у Беларусі функцыянавалі 3167 школ. Або роўна на 100 школ больш.

Такім чынам, у Беларусі за год закрылася больш за 100 школаў. Што выдатна кажа і пра нашу эканамічную мадэль, і пра дэмаграфічную бяспеку, і пра сацыяльную дзяржаву.

Трэнд на закрыццё ў Беларусі школ працягваецца з пачатку 1990-х гадоў, і, падобна, будзе ісці надалей. Галоўная прычына ліквідацыі навучальных устаноў — скарачэнне школьнікаў.1 верасня ў беларускія школы пайшлі 1,1 мільёна дзяцей. У канцы існавання БССР у рэспубліцы налічвалася каля 1,5 мільёна шкаляроў.

Такім чынам, можна казаць, што ў прынцыпе за час існавання гэтай улады мы засталіся там жа, дзе і былі, — у 1990-х гадах.

А тое, што Аляксандр Рыгоравіч надае столькі ўвагі эканоміцы, — знак, хутчэй, трывожны. Без яго ўвагі ўсё функцыянуе лепш.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-09-14 16:00:53
Я ведаў аднаго беларуса дык той раз у месяц у выступах перад беларусамі NY казаў: "Лука вось-вось здасць РБ Расеі." Ну а ў б-ч-б СМІ вось-вось крызіс у РБ.

Аўтар дадумаўся параўнаць маленькую Беларусь і шматмільярдны Кітай. Аднаго гэтага дастаткова каб не чытаць гэтага аўтара Новага бел-чырвона-белага часу.
Некалі ў тэме пра навукоўцаў на адным беларускім журнале, гаспадар якога затым паслаў мяне па вядомаму рускаму адрасу, каб я не муціў на тым журнале тамтэйшых грамацеяў, я написал: МЫ БЕЛОРУСЫ СВОЕЙ НЕЗАВИСИМОСТЬЮ, СВАЛИВШЕЙСЯ НАМ НА КАРАК, ОБРЕЧЕНЫ БЫТЬ НИЩИМИ с своим 9,5млн людским ресурсом и небольшой территорией, оторвавшись от ресурсов огромного СССР, с постсоветским мышлением и без частной собственности в ментальности и экономике, с которой веками существует капитализм, окружающий РБ. Потому задача переходного периода от БССР к независимой РБ не имеет положительного решения для общества и государства

А тое, што Рыгоравіч надае столькі ўвагі эканоміцы - добры знак.
  • фцф
  • 2018-09-15 17:56:52
Добры знак, то можа й так, але нам ня вельмі добра. Мы тут нібыта і не жабракі (у параўнаньні з таджыкамі), многія нават па грэцыях-турцыях катаюцца, але ёсьць адчуваньне (ці прадчуваньне?), што гэты адносны дабрабыт-стабільнасьць хутка скончацца і "ўсё лепшае" выцякае між пальцаў, як даляры з беларускіх заначак. А расея яна сама ў сваіх "дзялах" добра загрузла, і нібыта "ўстала з кален", але глядзі каб заўтра па пояс не правалілася.
  • Anatol Starkou
  • 2018-09-26 21:50:34
Вы читатели в бел-чырвона-белай избе-читальне нытья бел-чырвона-белай прапаганды. В 2015 на выборах я в Консульстве РБ в Нью Йорке голосовал за кандидата Татьяну. А вы бел-чырвона-белые за кого? ЗА ЛУКАШЕНКО. Сидя дома у компов. Бо вам так б-ч-б СМІ параілі - сядзі дома і ўсё зменіцца само сабой. Ага. Каб тым СМІ было аб чым пісаць вам яшчэ пяць ляіт, а вы перакладалі б тое пісьмо мне: "Нам ня вельмі добра!" Ну дык сядзіце ля компаў і чытайце б-ч-б прапаганду яшчэ 24 гады. Мо нарэшце лепей стане. Ў годзе так 2050-м.

Каментаваць