Недамаўляльныя?

У кіраўнікоў Беларусі і Расіі — рознае ўяўленне пра «больш шчыльную інтэграцыю».

Фота tvi.ua

Анансаваныя сустрэчы зрываюцца. Планы — перакройваюцца літаральна па ходзе справы. Бакі абменьваюцца шпількамі і нават завуаляваным шантажам. Падаецца, такога ў адносінах Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна яшчэ не было. Прычым, раней беларускі кіраўнік пільнаваў расійскага калегу на схілах горнага Сочы. Цяпер Пуцін чакае Лукашэнку.

Анансаваная сустрэча двух правадыроў сваіх народаў на Валааме 11 ліпеня не адбылася. Перад гэтай планаванай падзеяй Аляксандр Рыгоравіч уцямна заявіў Рыгору Рапоту, што «не збіраецца нешта вырашаць» у манастыры. Па-першае, таму, што Масква тармозіць працу групы па інтэграцыі, не вырашаючы канкрэтныя пытанні. А такіх пытанняў шмат: дамовы на пастаўкі нафты і газу, праца Рассельгаснагляду і блакаванне беларускай прадукцыі, прамысловай кааперацыі і вольнага доступу беларускіх прадпрыемстваў да дзяржзаказу Расіі, знакаміты падатковы манеўр… Па словах Лукашэнкі, расійскі бок гэтыя пытанні рэгулярна «забывае» абмеркаваць і вырашыць, — якая ўжо тут інтэграцыя. А таму ўзнікае «па-другое» — у пытаннях «больш глыбокай інтэграцыі» «абмяркоўваць няма чаго».

«Проста сустрэцца і пасядзець адзін перад адным, ні пра што не кажучы, — напэўна, гэты час ужо прайшоў», — рэзюмаваў Лукашэнка.

Рыгор Рапота на беларускім тэлебачанні фактычна пацвердзіў словы Лукашэнкі, прызнаўшы, што ў Мінска і Масквы няма адзінага разумення Саюзнай дамовы. «Гаворка ідзе пра выкананне тых пазіцый, якія ў дамове ўжо закладзеныя. Трэба аднолькава разумець, які сэнс закладваецца. Я лічу, што мы нават гэты этап не прайшлі (...) Калі ёсць аднолькавае разуменне, то тэхналагічна ўсё можна прайсці. Цяпер працуе рабочая група пад эгідай двух міністраў эканомікі. Вось яны, напэўна, сфармулююць нейкія мэты і задачы», — сказаў ён.

У адказ на такую крытыку Крэмль зрабіў свой ход. Расійскі віцэ-прэм’ер Дзмітрый Козак заявіў, што ў Маскве цану на газ для Беларусі будуць разглядаць «толькі пасля інтэграцыйнага пытання».

У 2019 годзе заканчваецца беларуска-расійскае пагадненне аб цане на газ. Па гэтым дакуменце павінна быць выпрацаваная адзіная формула, каб выйсці на падобныя цэны для Беларусі і Смаленскай вобласці Расіі. Але, як звыкла, Расія паспрабавала перавесці рэйкі на палітычнае кола. Чым зноў пацвердзіла: газ — гэта яе палітычная зброя.

Сінявокая на гэта адказала адэкватна і нахабна, заявіўшы пра планы падняць кошты на транзіт нафты праз Беларусь на 22%. «Патрабаванні аб павышэнні тарыфу на транзіт нафты праз Беларусь справядлівыя, але не да такой ступені, якая была заяўлена беларускім бокам. Не да такой ступені», — разгублена пачаў енчыць той самы Дзмітрый Козак, які шантажаваў Беларусь «газам у абмен на інтэграцыю».

Справядлівым тарыфам расійскі чыноўнік лічыць мінімальны — такі ж, як на тэрыторыі Смаленскай вобласці. Але, калі ў нас транзіт нафты па кошце на ўзроўні Смаленска, чаму кошт на газ не на тым жа ўзроўні? Лагічна ж?

Такім чынам, паразмаўляць Пуціну і Лукашэнку ёсць пра што. Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна на Валааме была перанесеная з 11 ліпеня на 17-га. Назаўтра, 18 ліпеня, кіраўнікі павінны сустрэцца на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Але наўрад ці размовы прынясуць нейкі плён. Адбудзецца тое, пра што казаў Лукашэнка: яны адзін аднаго выслухаюць і разыдуцца.

Усё таму, што кіраўнікі краінаў сапраўды па-рознаму разумеюць паняцце «інтэграцыя». Лукашэнка на сустрэчах з Пуціным спрабуе вырашыць пытанні тактычныя і прагматычныя. Ён будзе казаць пра цану на газ і нафту, расійскі падатковы манеўр, злы Рассельгаснагляд, забруджаны Расіяй нафтаправод «Дружба». Дый абяцанага расійскага крэдыту ў 630 мільёнаў долараў нашая краіна пакуль не дачакалася.

Пуцін, у сваю чаргу, зацікаўлены ў пытаннях стратэгічных. Уладзімір Уладзіміравіч будзе схіляць нашага правадыра да «больш шчыльнай інтэграцыі». Праўда, пакуль не зразумела, што гэта за інтэграцыя, і ці патрэбная яму Беларусь аж да ўваходжання ў склад Расіі. Лукашэнка, без сумневу, катэгарычна супраць такога сцэнару. Бо ўладу ён не аддасць нават Пуціну.

Таму кіраўнікі сустракаліся, сустракаюцца і будуць сустракацца без асаблівых вынікаў. На лёгкі шантаж Расіі ў Беларусі знойдзецца свой шантаж. Не дасць Расія крэдыт — у нас знойдуцца кітайскія грошы і еўрабонды. Не адбудзецца і «напаўнення рэальным сэнсам дамовы пра Саюзную дзяржаву» — бо пад гэтым рэальным сэнсам кіраўнікі разумеюць розныя рэчы. Пуцін, магчыма, — інкарпарацыю Беларусі ў склад Расіі. Лукашэнка — найперш танныя энергарэсурсы і фінансавую падтрымку. А гэта можна зрабіць і без інтэграцыі.

Карацей, Пуцін кажа: «Раніцай крэслы — увечары грошы». А Лукашэнка ў адказ: «Раніцай грошы — увечары крэслы». Чым гэта скончылася ў Ільфа і Пятрова, мы ведаем: бакі не дамовіліся.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!