«Непрымяненне санкцый будзе каштаваць даражэй, чым іх ужыванне»

У дачыненні да Беларусі Еўропа ўвяла тры санкцыйных пакеты, і «затармазіла» з чацвёртым. Праз тыдзень пачнуць напоўніцу дзейнічаць санкцыі ЗША ў дачыненні да прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім». Можа быць, у сувязі з гэтым Нацыянальнае антыкрызіснае кіраванне вырашыла абмеркаваць, што такое санкцыі і як яны працуюць у дачыненні да Беларусі.
Yara некалькі разоў «інспектавала» беларускага партнёра — а трэба было інспектаваць турэмныя ізалятары, дзе проста падчас інспекцый знаходзіліся шахцёры «Беларуськалію». Тэрыконы ў Салігорску. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Yara некалькі разоў «інспектавала» беларускага партнёра — а трэба было інспектаваць турэмныя ізалятары, дзе проста падчас інспекцый знаходзіліся шахцёры «Беларуськалію». Тэрыконы ў Салігорску. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


У сувязі з санкцыямі існуе даволі багата розных меркаванняў. Некаторыя кажуць, што яны «не працуюць». Некаторыя — што яны занадта слабыя, каб працаваць. Некаторыя — што санкцыі шкодзяць, найперш, народу. З усімі гэтымі пытаннямі паспрабавалі разабрацца ў час вебінару «Патэнцыйны ўплыў заходніх санкцый на вырашэнне ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі».

Ці працуюць санкцыі?

Тое, што заходнія санкцыі ў дачыненні ўладаў працуюць, вядома. Інкаш бы ўлада не нервавалася з-за іх увядзення. Андрэй Саннікаў, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года адзначыў, што менавіта дзякуючы санкцыям ЕС ад 2011 года ён быў вызвалены датэрмінова.

Але санкцыі, падкрэсліў Саннікаў, працуюць толькі тады, калі яны паслядоўныя. Любое «хістанне» ў іх ужыванні рэжым успрымае як слабасць. Напрыклад, Еўрасаюз увёў тыя санкцыі, пасля якіх былі вызваленыя Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка. Наступныя пакеты санкцый, нягледзячы на абяцанні, так і не былі прымененыя. І іх калега па прэзідэнцкай гонцы — Мікалай Статкевіч, — адбыў тэрмін «ад званка да званка».

Паслядоўнасць ва ўжыванні санкцый тычыцца не толькі абяцанняў іх ужыць, але і ў паслядоўнасці ўмоваў адмены гэтых абмежаванняў. Санкцыі ЕС ад 2011 года патрабавалі не толькі вызвалення палітычных зняволеных. Яны патрабавалі правядзення сумленных і свабодных выбараў у адпаведнасці са стандартамі АБСЕ, дэмакратызацыі, паляпшэння сітуацыі са свабодай прэсы і гэтак далей. Да 2015 года былі толькі вызваленыя палітычныя зняволеныя. Тым не менш, нават выхад Статкевіча з турмы па заканчэнні тэрміну зняволення быў названы «пазітыўным крокам», а на астатнія патрабаванні проста забыліся.

Вядома, не ў малой ступені зняццю санкцый паспрыялі і «мірныя» прэзідэнцкія выбары 2015 года. І ніхто на Захадзе не прыняў пад увагу, што яны прайшлі пад уражаннем расійскай агрэсіі ва Украіне. Беларусы проста не хацелі, «як ва Украіне», і таму маштабных пратэстаў не было. У самой працэдуры выбараў нічога не змянілася — патрабаванні ЕС выкананыя, па вялікім рахунку, не былі. Тым не менш, ЕС санкцыі зняў.

Такая непаслядоўнасць ва ўжыванні санкцый успрынялася афіцыйным Мінскам як адмова ад патрабаванняў ЕС па дэмакратызацыі Беларусі, упэўнены Саннікаў. І гэтая непаслядоўнасць у патрабаваннях ЕС прывяла да поствыбарнага жаху 2020 года.

Санкцыі шкодзяць народу?

Адзін з асноўных аргументаў, які выкарыстоўваюць як беларускія, так і еўрапейскія чыноўнікі, «глыбока прадумваючы» эканамічныя санкцыі — гэта тое, што санкцыі «могуць пашкодзіць народу Беларусі».

Між тым, эканаміст Алесь Аляхновіч, які працаваў у Нацыянальным банку Польшчы, міжнародных кансалтынгавых кампаніях McKinsey і Ernst & Young, заклікае паглядзець, як выглядае эканоміка Беларусі без санкцый. З 2011 года беларуская эканоміка штогод расла ў 4-5 разоў павольней, чым сусветная эканоміка і эканоміка краін-суседзяў. Пасля 26 гадоў кіравання Лукашэнкі Беларусь — гэта краіна з найменшай мінімальнай зарплатай у Еўропе, і трэцяя з канца па сярэднім заробку пасля Малдовы і Украіны.

Кожны дзень рэжыму ва ўладзе ў Беларусі пагаршае эканоміку. Таму наўрад ці варта баяцца, што ўзровень жыцця людзей упадзе з за еўрапейскіх санкцый — з гэтым рэжым выдатна спраўляецца і без Еўропы. І толькі сыход гэтага рэжыму, новыя свабодныя выбары могуць стварыць умовы для рэформаў, якія дадуць імпульс устойліваму росту і развіццю.

Так што, як ні дзіўна, эканамічны ціск, як найбольш эфектыўны санкцыйны інструмент, дазваляе абараніць людзей у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве.

А народ спыталі?

Калі б еўрапейскія чыноўнікі рэальна заклапаціліся меркаваннем народа з нагоды санкцый, яны б прымалі да ўвагі меркаванне самога народа. Вядома, як адзначыў кіраўнік НАК Павел Латушка, у Беларусі цалкам знішчаная незалежная і аб’ектыўная сацыялогія. Аднак нават інтэрнэт-апытанні паказваюць, што беларусы гатовыя пацярпець дзеля таго, каб скончыць існаванне рэжыму.

Латушка спаслаўся на даследаванне, праведзенае на платформе «Голас». У ім прыняло ўдзел больш за 400 тысяч чалавек (такія лічбы, уласна, нават не сніліся «рэпрэзентатыўным» сацыялагічным апытанням). Дык вось, паводле «Голасу», больш за 60% тых, хто прыняў удзел у галасаванні, выступілі за самыя жорсткія эканамічныя санкцыі ў дачыненні да беларускага кіраўніцтва — за адключэнне Сінявокай ад сістэмы міжнародных плацяжоў SWIFT. Такое адключэнне эканамісты называюць «ядзернай бомбай» у дачыненні да эканомікі.

І калі большасць беларусаў гатовыя падтрымаць нават «ядзернае бамбаванне», то што ўжо казаць з нагоды іншых санкцый — эканамічных, сектаральных, персанальных?

Характэрна, што ў вебінары пад псеўданімам прыняў удзел работнік Мазырскага НПЗ. Ён выказаўся дастаткова жорстка: рабочыя гатовыя падтрымаць санкцыі і пацярпець, таму што сітуацыя ў краіне — невыносная. Людзі не адчуваюць сябе ў бяспецы з-за бязмежжа і беспакаранасці супрацоўнікаў сілавых органаў. І ў гэтым выпадку яны гатовыя ахвяраваць матэрыяльным становішчам — абы сітуацыя змянілася.
«Чым хутчэй мы адштурхнемся ад дна і прыступім да аднаўлення і рэформаў, тым лепш. Людзі выступаюць за любыя дзеянні, калі гэта дазволіць не жыць у адной краіне са злачынцамі рэжыму. Гэта не толькі палітычнае пытанне, але і пытанне бяспекі», — адзначыў ён.

Ці дастатковыя санкцыі цяпер?

Калі казаць пра персанальныя санкцыі, то ўдзельнікі вебінару адзначалі: гэта самы слабы з метадаў уздзеяння на рэжым. Але нават гэты слабы метад у дадзены момант ахоплівае ўсяго 88 чалавек. Андрэй Саннікаў нагадаў, што санкцыі 2011 года ахоплівалі больш за 170 чалавек. Пры тым, што рэпрэсіі 2010 года не ідуць ні ў якое параўнанне з сённяшнімі. Тады колькасць палітвязняў вылічалася дзясяткамі — але не сотнямі. Тады сілавікі таксама праяўлялі жорсткасць — але пры гэтым не было чалавечых ахвяр, не было забітых. Тады ціск на незалежныя СМІ таксама быў вялікі, але не даходзіў да разгрому рэдакцый і штампоўкі «крымінальных» абвінавачванняў пачкамі. І ўжо пагатоў не было артыкулаў за «пікетаванне зефіркай» або шкарпэткамі «няправільнага» колеру, не ствараліся канцэнтрацыйныя лагеры, не адбудоўваліся «гета» кшталту Новай Баравой…

І пры гэтым цяперашнія тры пакета санкцый ЕС — значна слабейшыя, чым у 2011 годзе. Таму дыскусіі пра тое, ці працуюць санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму, у дадзены момант носяць характар больш абстрактны, чым канкрэтны. Таму што «нармальных» санкцый яшчэ не было. Як адзначалася падчас вебінару, пакуль не будуць уведзеныя рэальныя санкцыі, нельга ацаніць іх сапраўдную эфектыўнасць.

Ці толькі Еўропа?

Еўропа ў санкцыях непаваротлівая. Там лічаць, што, па-першае, санкцыі павінны быць абумоўленыя. Гэта значыць, кожнаму ўключэнню ў санкцыйны спіс чалавека або прадпрыемства павінна папярэднічаць расследаванне: ці сапраўды гэтыя людзі і фірмы датычныя да парушэння правоў чалавека? Як іх дзейнасць уплывае на рэпрэсіі? Якая ступень гэтага ўплыву і ці дастатковая яна, каб увесці яго ў санкцыйны спіс?

Па-другое, не сакрэт, што ў Еўропы і іх чыноўнікаў існуюць свае бізнес-інтарэсы, якія пераважаюць перад парушэннем правоў чалавека ў «нейкай там краіне», хай нават і суседняй. Ёрг Форбрыг з Германскага фонду Маршала прывёў толькі адзін прыклад: будаўніцтва газаправода Nord Stream. У той час, як увесь свет пярэчыць гэтаму будаўніцтву, Германія яго падтрымлівае. Тое ж самае адбываецца і ў дачыненні да Беларусі: бізнес-інтарэсы Еўропы ўступаюць у супярэчнасць з еўрапейскімі каштоўнасцямі. Як гаворыцца, «грошы не пахнуць», нават калі яны атрыманы ад дыктатарскіх рэжымаў.

Але паўплываць на ўвядзенне санкцый могуць (і павінны) самі беларусы. Гэта ўплыў заключаецца не толькі ў закліках увесці эканамічныя і сацыяльныя абмежаванні да еўрапейскіх палітыкаў, але і, як выказаўся Форбрыг, «стыгматызацыі» непасрэдна фірмаў і прадпрыемстваў, якія супрацоўнічаюць з рэжымам. Гэта і петыцыі з заклікам спыніць бізнес-стасункі з афіцыйным Мінскам, і пікеты каля офісаў прадпрыемстваў, і медыйныя кампаніі з расповедам пра тое, як тая ці іншая карпарацыя супрацоўнічае з рэжымам, які парушае правы чалавека, і падтрымлівае яго. І масавыя каментары ў сацыяльных сетках наконт этычнасці такога супрацоўніцтва…

У заходнім бізнес-свеце рэпутацыя каштуе вельмі дорага. І яе страта можа быць непараўнальная з тымі прыбыткамі, што атрымліваюць фірмы і кампаніі ад супрацоўніцтва з Беларуссю. Калі рэпутацыйныя выдаткі перавысяць прыбытак, што атрымліваецца кампаніяй у супрацы з уладамі Беларусі, кампаніі самі могуць адмовіцца ад такога супрацоўніцтва.

Напрыклад, у кампаніі Yara, якая доўга заяўляла пра магчымасць спынення супрацоўніцтва з «Беларуськаліем» у выпадку працягу рэпрэсій у дачыненні да работнікаў апошняга, рэпутацыйныя выдаткі ўсё яшчэ не перавысілі «болевы парог». Yara некалькі разоў «інспектавала» беларускага партнёра — а трэба было інспектаваць турэмныя ізалятары, дзе проста падчас інспекцый знаходзіліся шахцёры «Беларуськалію».

Рэпутацыя Еўропы

Урэшце, у немалой ступені ад «беларускага пытання» залежыць і рэпутацыя Еўропы як моцнага геапалітычнага гульца. Калі і далей санкцыі будуць уводзіцца «па кроплі ў паўгоддзе», калі Еўропа не зможа паўплываць на беларускі рэжым, калі «падсанкцыйныя» чыноўнікі ўсё роўна будуць катацца па ЕС — пад прыкрыццём дыпламатычных пашпартоў або «запрашэння» на бізнес- і не вельмі бізнес-форумы, то ў беларусаў канчаткова знікне давер да ЕС. Ніхто проста не паверыць, што прыярытэтам для гэтага аб’яднання сапраўды з’яўляюцца правы і свабоды чалавека ў Беларусі. І гэта ўжо адбываецца. Невядома якая па ліку «глыбокая заклапочанасць» структур ЕС у сувязі са «справай TUT.BY» выклікала ў народа выключна з’едлівыя каментары.

Пасля таго, як Пуцін падтрымаў Лукашэнку восенню 2020-га, узровень сімпатый да Расіі сярод беларусаў упаў на 11% за тры месяцы. Калі Еўропа будзе працягваць сваю палітыку «глыбокай занепакоенасці» і не пяройдзе да больш рашучых крокаў, не варта здзіўляцца, калі знізіцца і ўзровень «праеўрапейскасці» сярод беларусаў. І потым не трэба пытацца: «Дзе ж ваш геапалітычны выбар?».

Увогуле, як выказаўся ў дыскусіі брытанец Алан Флаўэрс, «непрымяненне санкцый будзе каштаваць даражэй, чым іх ужыванне».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: